Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беластоцкі мітрапаліт асудзіў гвалт cупраць удзельнікаў гей-параду


У суботу ў Беластоку адбыўся «Марш роўнасьці». Мерапрыемства, якое ладзілі арганізацыі ЛГБТ, спрабавалі сарваць прадстаўнікі радыкальных арганізацый і заўзятары. Адбылося некалькі боек, паліцыя ўжывала газ і сілу супраць удзельнікаў антыманіфэстацыі.

Заўзятары кідалі ва ўдзельнікаў «Маршу роўнасьці» камянямі, пэтарды і бутэлькі, вырывалі сьцягі і абражалі. Некалькі чалавек атрымалі траўмы, адказных цяпер шукае паліцыя.

Сёньня з заявай з нагоды здарэньняў у Беластоку выступіў беластоцкі каталіцкі мітрапаліт, архібіскуп Тадэвуш Войда.

Архібіскуп Тадэвуш Войда
Архібіскуп Тадэвуш Войда

«Несумяшчальнымі з пазыцыяй хрысьціяніна, пасьлядоўніка Хрыста, былі акцыі гвалту і пагарды. Іх ні ў якім разе нельга апраўдваць і прымаць», — гаворыцца ў паведамленьні мітрапаліта Беластока.

Архібіскуп Войда нагадаў, што абавязак хрысьціяніна — бараніць свае каштоўнасьці інструмэнтамі, якія заўсёды ўпісваюцца ў запаведзь любові да бліжняга і павагі да кожнага чалавека.

«Езус вучыць нас: «Любіце непрыяцеляў вашых і рабіце дабро тым, хто вас ненавідзіць», — зьвяртаецца да вернікаў мітрапаліт.

Ён заклікаў вернікаў паказваць уласным прыкладам чысьціню і любоў у сем’ях.

​Акты агрэсіі падчас акцыі ў Беластоку асудзіў сёньня і пратэстанцкі біскуп Ежы Самец. У сваім Твітары герарх напісаў:

«Агідны гвалт і нянавісьць у прыгожым Беластоку. Богу патрэбныя рукі, каб не кідаць камяні, а для міласэрнасьці, яму патрэбныя нашыя вусны не для асуджэньня, а для абароны пакрыўджаных», — гаворыцца ў допісе Ежы Самца.

Праваслаўныя герархі Польшчы да гэтага часу не выказаліся наконт суботніх падзеяў у Беластоку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG