Дваццаць гадоў таму пры нявысьветленых абставінах зьніклі апазыцыйны палітык і былы віцэ-прэм`ер Віктар Ганчар і ягоны сябра бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Віктару Ганчару сёлета мог бы споўніцца 61 год, Анатолю Красоўскаму — 67 гадоў. Іх бацькі памерлі, не дачакаўшыся праўды пра лёсы сыноў. У Віктара і Анатоля растуць унукі, якія ведаюць дзядоў толькі па фотаздымках і расповедах.
Як жыве сямʼя Віктара Ганчара
Зінаіда Ганчар адмаўляецца размаўляць пра зьніклага мужа. Сябры іх сямʼі распавялі Свабодзе, што сын Андрэй, як і бацька, атрымаў юрыдычную адукацыю. У Віктара Ганчара ёсьць 15-гадовы ўнук і 5-гадовая ўнучка. Сямʼя сына палітыка жыве разам з Зінаідай Ганчар у той жа самай менскай кватэры, у якую 16 верасьня 1999 году ён не вярнуўся.
У 2005 годзе, на 78-м годзе жыцьця памерла маці палітыка Валянціна Адамаўна Ганчар. Пасьля зьнікненьня сына яна неаднаразова зьвярталася да грамадзкасьці, сілавых структураў, і непасрэдна да Аляксандра Лукашэнкі: «Я зьвяртаюся да Вас, спадар Лукашэнка. Згадайце маю дабрыню, прастату й гасьціннасьць у адносінах да Вас. Дапамажыце вярнуць мне сына!» — прасіла Валянціна Ганчар у 1999 годзе.
У 2000 годзе ў лісьце да сілавых структур Беларусі Валянціна Ганчар напісала: «Пашкадуйце маю сівізну, маё мацярынскае сэрца, ня дайце мне памерці, не пабачыўшы сына. Не маўчыце, адгукніцеся». Адказу на лісты да ўладаў Валянціна Ганчар не атрымала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узыходжаньне Віктара ГанчараВіктар Ганчар нарадзіўся ў пасёлку Радзічава на Случчыне. У яго былі чатыры сястры і два браты, адзін зь якіх памёр малым. Сямʼя Віктара Ганчара дагэтуль ня ведае праўду пра ягоны лёс.
Ірына Красоўская: Я пражыла без Анатоля амаль столькі ж, колькі жыла разам зь ім
У Анатоля Красоўскага ёсьць дзьве ўнучкі — адной 16 гадоў, гэта дачка Ксеніі Красоўскай, другой 6 месяцаў, гэта дачка Валерыі Красоўскай. Ірына Красоўская выйшла замуж і жыве ў ЗША. Бацька памер яшчэ пры Анатолю, маці сышла пазьней, не дачакаўшыся, памер таксама адзін зь яго братоў. Есьць яшчэ сястра і старэйшы брат, — распавядае Ірына.
— 20 гадоў праляцелі хутка. Я пражыла без Анатоля амаль столькі ж, колькі я жыла разам зь ім. Калі пытаюцца, як я жыву цяпер, я адказваю: жыву. Імкнуся радавацца, імкнуся быць шчасьлівай. Жыцьцё падзяліся на дзьве часткі: да і пасьля зьнікненьня. Першыя гады былі суцэльным шэрым колерам. Цяпер я бачу фарбы. Першыя гады былі з надзеяй пабачыць яго зноў. Цяпер надзеі даўно ўжо няма, хаця я ўсё яшчэ бачу яго ў снах. Першыя гады былі суцэльнай адкрытай ранай, цяпер я магу радавацца і сьмяяцца, як усе нармальныя людзі, але боль нікуды не сышоў, проста ён апускаецца глыбей, боль як частка майго жыцьця.
Я прызвычайваюся жыць з болем. Гэта гора, якое не перабалела, не завяршылася і таму не адпускае. Наша праблема — праблема ўсіх родных зьніклых — гэта тое, што мы самі не дазваляем гэтаму болю сысьці, паколькі заўсёды недзе ў глыбіні душы ёсьць маленькі дурны прамень надзеі, а раптам....
Розум і факты кажуць: не, ня вернецца, няма іх у жывых, а адзін усплёск надзеі перакрэсьлівае ўсе разумныя довады. Калі б было праведзенае належнае расьсьледаваньне, то мы хоць бы змаглі пахаваць нашых блізкіх. Мы б хацелі, каб вінаватыя былі пакараныя і справядлівасьць прыйшла — гэта б не зьмяніла нашае жыцьцё істотна, але дапамагло б адпусьціць і наш боль, і нашы пакуты, і нашу крыўду, і нашу злосьць і нянавісьць — гэта б дапамагло нам быць іншымі.
Але сытуацыя сёньня такая, як яна ёсьць. Сапраўднага расьсьледаваньня няма і ня можа быць пры цяперашняй уладзе. У дакладзе ПАСЕ 2004 году сказана, што ў датычнасьці да гэтага злачынства падазраюцца вышэйшыя службовыя асобы Беларусі. А хіба ўлада ў Беларусі памянялася ў апошнія 20 гадоў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анатоль Красоўскі: беларускі self-made man, альбо апошні рамантыкТым ня менш усе гэтыя гады мы знаходзімся ў бясконцай і безнадзейнай перапісцы з органамі расьсьледаваньня. Часам выходзяць вонкі цалкам неверагодныя факты з матэрыялаў справы (ня ведаю, па недаглядзе сьледчых або намерана). Справа цяпер прыпынена «у сувязі з не высьвятленьнем асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».
У 2012 годзе мая дачка і я выйгралі справу супраць Беларусі з нагоды зьнікненьня Анатоля Красоўскага ў Камітэце па правах чалавека ААН. КПЧ абавязаў Беларусь забясьпечыць:
- дбайнае і эфэктыўнае расьсьледаваньне; крымінальны перасьлед і пакараньне вінаватых;
- належнае інфармаваньне аб выніках расьсьледаваньня;
- належную кампэнсацыю.
А таксама апублікаваць дадзенае рашэньне КПЧ і забясьпечыць шырокае распаўсюджваньне яго на расейскай і беларускай мовах у Беларусі.
Але Беларусь праігнаравала гэтае рашэньне, гэтак жа як і ўсе іншыя скаргі беларусаў у КПЧ, спасылаючыся на тое, што яны не прызнаюць кампэтэнцыю Камітэту, хоць як лічаць міжнародныя юрысты, Беларусь павінна выконваць рашэньні камітэту, паколькі яна падпісала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і факультатыўны пратакол да яго.
Вядома, гэта ўсё ўплывае на настрой, паводзіны, учынкі. Спрабую загадаць сабе не бурчэць, ня скардзіцца, ня думаць пра помсту — таму што гэтыя пачуцьці руйнуюць. Тэарэтычна разумею гэта, але часам зрываюся. За 20 гадоў барацьбы, пакут, болю, адчаю — рукі апускаюцца і часам хочацца зачыніцца ад усіх і не ўзгадваць тое, што адбылося, але разумею, што нельга. І зноў устаю, і зноў вяртаюся да таго, што здарылася 20 гадоў таму. І ведаю, што я не адна — мая сямʼя, мае сябры, мае калегі, усе, хто з намі быў і ёсьць — заўсёды побач.
Пасьля зьнікненьня Анатоля я працавала ў аддзеле крызіснай псыхалёгіі Інстытуту адукацыі. Гэта быў добры досьвед зносін з прафэсіяналамі і проста з добрымі людзьмі. Гэта дапамагло мне выйсьці са ступару і паспрабаваць павярнуць сваё жыцьцё. Я да гэтага часу зь цеплынёй успамінаю наш нядоўгі, але выдатны час разам.
А наша маленькая згуртаваная жаночая кампанія, якая грукалася ва ўсе магчымыя і немагчымыя дзьверы Эўропы і Амэрыкі, спрабуючы знайсьці праўду і справядлівасьць: Святлана і Вольга Рыгораўна Завадзкія, Тацяна Клімава, Людміла Філіпаўна Карпенка. Нашы паездкі, выступы, вячоркі, і проста словы падтрымкі — гэта ўсё дапамагло выжыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справы зьніклых: бяз тэрміну даўнасьціЯ пасябравала з многімі журналістамі, праваабаронцамі, грамадзкімі дзеячамі — Хартыя, Свабодны тэатар, Зубар, Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар і многія многія іншыя, дзякуючы якім праблема гвалтоўных зьнікненьняў у Беларусі стала прадметам міжнародных разглядаў. Асаблівая падзяка Гары Пятровічу Паганяйлу.
Зараз я жыву ў ЗША. Без маіх новых сяброў у Амэрыцы немагчымыя былі б і штомесячныя пікеты салідарнасьці ля беларускай амбасады ў Вашынгтоне, і слуханьні ў Кангрэсе, і заявы Дзярждэпартамэнту, і Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, і сустрэчы з прэзыдэнтам Джорджам Бушам.
Мае калегі ў Міжнародной кааліцыі супраць гвалтоўных зьнікненьняў таксама не дазваляюць мне спакойна сядзець. Амаль 20 гадоў таму мы сталі сустракацца са сваякамі зьніклых у іншых краінах. І ў 2007 арганізацыі семʼяў зьніклых стварылі Кааліцыю супраць гвалтоўных зьнікненьняў. Зараз у нашай Кааліцыя больш за 50 арганізацыі з усяго сьвету. Наша велізарная перамога — у сьнежні 2006 году пасьля доўгіх гадоў абмеркаваньняў была прынятая Міжнароднай Канвэнцыя ААН для абароны ўсіх асобаў ад гвалтоўных зьнікненьняў. Гэта — найбольш сымбалічны шлях аддаць даніну зьніклым і іх семʼям.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каханьне і страта: непрыдуманая гісторыяВядома, за 20 гадоў шмат што адбылося. Шмат падзей. Шмат людзей апынулася побач. Хтосьці рабіў інтэрвію, хтосьці расклейваў плякаты, хтосьці стаяў побач на акцыях, а хтосьці проста сказаў: трымайцеся. Такіх людзей вельмі шмат у маім жыцьці. Ня ўсе імёны я ведаю. Ня часта пішу, тэлефаную або сустракаюся з многімі сябрамі, калегамі і знаёмымі. Але я ўсіх памятаю, вельмі ім удзячная і ведаю, што дзякуючы ім мы будзем жыць у вольнай Беларусі. Як паказвае гісторыя, дыктатары ня вечныя, і я ведаю, што ў новай Беларусі справы аб зьнікненьнях расьсьледуюць, і што мы ўсе зможам прынесьці кветкі на магілы тых, каго мы любім і памятаем — Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзьмітрыя Завадзкага.
Валерыя Красоўская: Думаю не пра помсту, а пра справядлівасьць
Дачка Анатоля Красоўская Валерыя жыве ў Нідэрляндах. Яна атрымала дзьве вышэйшыя адукацыі, працуе дыетолягам. Мае сямʼю. Паўгода таму ў Валерыі нарадзілася дачка, якую назвалі Стэла Анатолія. У гонар бацькі. 16 верасьня 1999 году Валерыі было 17 гадоў. Мінула 20 гадоў, але боль па-ранейшаму востры. Калі мы размаўляем, Валерыя ледзь стрымлівае сьлёзы.
— Памятаю вельмі добра тую ноч і свае адчуваньні. Боль нікуды не сыходзіць. На жаль, навучаесься зь ёй жыць. Калі блізкая табе асоба, маці, бацька, муж, жонка, дзіця адыходзіць у іншы сьвет, нават калі ў выніку жудаснага здарэньня, але ты ведаеш, што чалавек памёр, то боль таксама вельмі востры, але праз некалькі год ён становіцца меншым. Мы дакладна ня ведаем, што здарылася. Мы ведаем быццам бы, але на 100% ніхто не адказаў, не паказаў. Мы ня ведаем, дзе знаходзіцца цела бацькі і іншых зьніклых. Няма ніякай кропкі, няма канца, і таму боль застаецца з табой. Першыя гады пасьля зьнікненьня бацькі я ня думала ўвогуле ні пра вучобу, ні пра карʼеру. Усё было няважна. Шмат гадоў прайшло ў нейкай пустэчы.
Паўгода таму ў мяне нарадзілася дачка. Думаю, што для яго гэта было б найвялікшай нагодай для радасьці. Мне вельмі шкада, што ён ніколі не пабачыць сваю ўнучку. У мяне вельмі добры муж, сямʼя. Я атрымала дзьве вышэйшыя адукацыі ў іншай краіне. Як бы жыцьцё ўладкаванае добрым чынам. У мяне ёсьць праца, якую я вельмі люблю. Я дапамагаю людзям станавіцца больш здаравейшымі. Гэта важна, каб тое, што ты робіш прафэсійна, прыносіла і асабістае задавальненьне, і карысьць іншым.
У галяндзкім горадзе Эйндховэн, які быў пабрацімам Менску, створаны жывы мэмарыял, чатыры дрэвы, якія былі пасаджаныя 16 верасьня 2008 году ў памяць пра зьніклых беларусаў — пра майго бацьку, Віктара Ганчара. Юрыя Захаранку і Зьмітра Завадзкага. Кожны год на гэтым месцы адбываецца ўжо традыцыйная цырымонія іх памяці. І гэта для мяне той момант, калі я разумею, што памяць жыве ня толькі ў маім сэрцы, але і ў сэрцах і думках іншых людзей, якія прыяжджаюць сюды ў гэты дзень, каб правесьці яго са мной разам.
На міжнародным узроўні ў нас ужо не засталося мэханізмаў ціску. Некалькі гадоў таму Камітэт па правах чалавека ААН вынес пастанову, у якой прызнаў Беларусь вінаватай у гвалтоўным зьнікненьні майго бацькі і параіў правесьці адкрытае расьсьледаваньне. Але ўлады Беларусі заявілі, што ня згодная з рашэньнем. Гэта рашэньне самага высокага ўзроўню, якога мы маглі дабіцца ў нашай сытуацыі. Што далей рабіць? Невядома, акрамя таго, што чакаць, пакуль зьменіцца ўлада ў Беларусі.
Пра ўласную помсту я не думаю. Я думаю пра справядлівасьць. Для мяне незразумела, як увогуле нешта такое можа адбыцца ў цэнтры Эўропы. Я з гэтым жыву і чакаю справядлівасьці. А больш чым справядлівасьці я чакаю адказу на пытаньне, што адбылося і дзе мой бацька.
***
Нараджэнец раённага цэнтру Крупкі, выкладчык фізыкі паводле адукацыі, Анатоль Красоўскі абараніў кандыдацкую дысэртацыю па філязофіі. Распрацаваў некалькі падручнікаў «Этыка і псыхалёгія сямейнага жыцьця», выпусьціў шэраг папулярных кніг на гэтую тэму. Стварыў каапэратыў «Служба сям’і», Потым узьнік часопіс «Я плюс Я» — першы такога кшталту часопіс у СССР. Адначасова Красоўскі выпускаў газэту «Двое». І газэта, і часопіс карысталіся надзвычайнай папулярнасьцю. Заснаванае Красоўскім выдавецтва «Красико-принт» існуе дагэтуль.