Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Час жанчын»


Фота: charter97.org
Фота: charter97.org

У Тэатры Польскім у Варшаве адбылася прэм’ера спэктаклю «Час жанчын» пра сытуацыю ў Беларусі, паведамляе сайт charter97.org --> http://www.charter97.org/ru/news/2012/6/10/53567/ . Спэктакль прысьвечаны палітычным зьняволеным, якія працягваюць знаходзіцца ў турмах Беларусі.

«Час жанчын» — гісторыі шасьці беларусак: сястры былога палітвязьня, кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыны Багданавай, лідэра кампаніі «Мы памятаем» Ірыны Красоўскай, рэдактара сайту charter97.org Натальлі Радзінай, журналісткі «Новай газеты», жонкі Саньнікава Ірыны Халіп, дырэктара Беларускага Свабоднага тэатру Натальлі Каляды, дачкі былога палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі Юліі. У спэктаклі ёсьць толькі адзін мужчына, правобразам якога сталі драматург Мікалай Халезін і былы палітвязень Зьміцер Бандарэнка.

Ірына Халіп і Натальля Радзіна былі арыштаваныя ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году, прайшлі праз турму КДБ. Натальля Каляда была затрыманая і мусіла ўцячы з краіны. Муж Ірыны Красоўскай — бізнэсовец і грамадзкі дзеяч Анатоль Красоўскі — быў выкрадзены і забіты. Ірына Багданава і Юлія Бандарэнка змагаліся за вызваленьне сваіх блізкіх з-за кратаў.

У выніку журналісткам, кандыдату навук, лекару-псіхатэрапэўту, выпускніцы Ягелёнскага унівэрсытэту і кіраўнікам Свабоднага тэатру давялося заняцца палітыкай, каб зьвярнуць увагу эўрапейцаў на лёсы палітвязьняў.

Спэктакль у адным зь вядучых тэатраў Польшчы паставіў кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін. На аснове п’ес «Пакаленьне Джынс» Мікалая Халезіна і «Ім сьніліся сны» Натальлі Каляды быў створаны зусім новы твор. У спэктаклі гралі вядомыя польскія акторы Эва Макомаска, Анна Чэсьляк, Марта Аляборска, Малгажата Ліпман, Лідзія Садова, Адам Бяджыцкі, Марта Кужак.

На прэм’еру прыехалі ўсе гераіні п’есы, акрамя Ірыны Халіп, якой судовым прысудам забаронена пакідаць тэрыторыю Беларусі, але ў Варшаву прыехаў яе муж — кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, які нядаўна выйшаў з турмы пасьля паўтара года зьняволеньня, і яе бацькі — Люцына Бяльзацкая і Уладзімер Халіп. У Варшаве Андрэй Саньнікаў упершыню пасьля вызваленьня змог нарэшце сустрэцца з сваёй сястрой — Ірынай Багданавай. Разам з дачкой спэктакль глядзеў і Зьміцер Бандарэнка, які толькі два месяцы таму выйшаў на волю.

«Час жанчын» глядзеў таксама дарадца прэзыдэнта Польшчы Гэнрык Вуец, і дэпутат Эўрапарламенту Марэк Мігальскі, які актыўна змагаецца за вызваленьне беларускіх палітвязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG