Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Красоўскі: беларускі self-made man, альбо апошні рамантык


Анатоль Красоўскі
Анатоль Красоўскі

16 верасьня 1999 году быў апошнім днём, калі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага бачылі іхныя сваякі і знаёмыя.

Успамінае выдавец, галоўны рэдактар газэты «Наша свабода» Павал Жук:

«Я памятаю той апошні дзень, як яны паехалі ў тую славутую лазьню. Рэч у тым, што свой сотавы тэлефон я даў Ганчару. Ён мяне папрасіў, і яму пазычыў. І вось апошні званок перад тым, як яны пайшлі ў тую лазьню, быў з гэтага тэлефону на мой іншы тэлефон, ад Ганчара менавіта. І мы дамовіліся зь ім сустрэцца наступнай раніцай — ён нешта хацеў ад газэты, каб мы нешта надрукавалі. Як вы ведаеце, на заўтра гэтай сустрэчы не адбылося. І вось ён мне сказаў тады, што ён у лазьні, і мяне запрашаў, разам з Красоўскім».

Сярод супрацоўнікаў фірмы «Красико-принт», заснаванай Анатолем Красоўскім, мне не ўдалося знайсьці нікога, хто хацеў бы казаць нешта пра Анатоля. Магчыма, ім няма чаго сказаць. Магчыма, у бізнэсе (а гэтыя людзі больш-менш пасьпяхова займаюцца бізнэсам) цяпер лічыцца за лепшае падстрахавацца ад магчымых непрыемнасьцяў.

З чаго ж пачаць спробу намаляваць патрэт Анатоля Красоўскага? Мабыць, з таго, як ён шчасьліва знайшоў сваю спадарожніцу жыцьця сярод вучаніц школы, у якой выкладаў? Але пра гэта лепей распавядзе яна сама.

Зусім блізка ад вуліцы Гамарніка ў Менску, дзе шмат гадоў жыве сям’я Красоўскіх — урочышча Курапаты. Яшчэ бліжэй — новая царква, будаўніцтва якой ідзе шпарка. Вакол будучага храму пакуль што горы будаўнічага друзу й сьмецьця.

У ня надта шыкоўнай, але з густам абстаўленай кватэры ў блёчным доме, на самым верхнім паверсе, адкуль відаць і Курапаты, мы гутарым за кубкам кавы зь Ірынай Красоўскай.

Ірына Красоўская
Ірына Красоўская

​Красоўская: «Нашае знаёмства і ўсё нашае жыцьцё ёсьць нейкай рамантычнай гісторыяй. Я ўпершыню ўбачыла свайго будучага мужа, калі мне было 14 гадоў. Я вучылася ў школе ў невялікім мястэчку, дзе нарадзілася й вырасла, блізу Менску. Памятаю, што да нас у школу прыехаў новы настаўнік фізыкі і астраноміі. І вось я першы раз яго ўбачыла.

Гэта быў вельмі прыгожы, сталы хлопец. Ён вельмі цікава выкладаў фізыку. Але я не вучылася ў яго, таму што была трошкі меншай за тых, хто вучыўся ў тых клясах, дзе ён выкладаў. Упершыню мы зь ім сутыкнуліся больш шчыльна, калі ён у нас выкладаў астраномію — гэта было ўжо ў апошняй клясе.

Ну, па-першае, сам прадмет быў цікавы. А па-другое, ён цікава выкладаўся, таму што ў нас былі некаторыя ўрокі пад зорным небам. Гэта было вельмі рамантычна... Вы сабе ўяўляеце — маладая дзяўчына з правінцыйнага гораду, і тут зьяўляецца такі хлопец.

Ён мне падабаўся ўжо тады. Але сталыя адносіны пачалі складвацца, калі я ўжо скончыла школу і пераехала ў Менск, паступіла ў інстытут. Потым ён таксама пераехаў у Менск, і тут ужо пачалося нашае сапраўднае каханьне. Празь некалькі гадоў мы ажаніліся, і вось так пачалося нашае жыцьцё».

Тарас: «А якія якасьці Вас найбольш прыцягнулі ў ім?»

Красоўская: «Ён вельмі цікавы чалавек у тым сэнсе, што ён не падобны на астатніх — на тых людзей, зь якімі я сустракалася. Па натуры ён трошкі авантурны тып і заўсёды рабіў так, як сам лічыў — каб гэта суадносілася зь ягонымі поглядамі.

У той час — вы ж таксама, я думаю, ведаеце — нас выхоўвалі так: пра гэта нельга пытацца, гэта нельга рабіць, тут ты павінен маўчаць, гэта начальнік, гэта дырэктар! А мой Анатоль адрозьніваўся тым, што ён пытаўся, калі яму трэба было спытацца. І гэтая тая галоўная якасьць, якая мне ў ім спадабалася».

Некалі вялікі філёзаф Імануіл Кант назваў дзьве рэчы ў сусьвеце, якія маюць абсалютную каштоўнасьць: гэта прыгажосьць зорнага неба над намі і маральны закон унутры нас. Ці згадваў пра гэта малады настаўнік астраноміі, будучы кандыдат філязофскіх навук Анатоль Красоўскі гэтыя словы, калі выкладаў свой прадмет проста пад зорным небам старшаклясьнікам і старшаклясьніцам?

Мы працягваем размову зь Іріынай Красоўскай.

Анатоль Красоўскі
Анатоль Красоўскі

Тарас: «Вы ўжо казалі пра тое, што Анатоль Красоўскі — чалавек, які выхаваў сябе сам. У ангельскай мове ёсьць паняцьцё self-made man — чалавек, які сам сябе зрабіў. Па-сутнасьці, гэта тое ж самае, але ўжываецца выраз найчасьцей адносна бізнэсоўцаў, якія пачыналі з нуля і дасягнулі вялікіх посьпехаў. Анатоль стаў адным з найбольш вядомых прыватных прадпрымальнікаў Беларусі. А як ён прыйшоў у бізнэс?»

Красоўская: «Мы разам зь ім прайшлі дастаткова цяжкі шлях станаўленьня, таму што ў нас не было нейкіх сваякоў, якія б дапамаглі нам. Тое, чаго дасягнуў мой муж, ён зрабіў самастойна. І я лічу, тое, чаго я дасягнула ў сваім жыцьці, таксама залежала ад майго мужа, таму што ён дапамагаў мне, заўсёды паказваў, як лепш зрабіць. Ён выхоўваў мяне, нашых дачок і будаваў нашае жыцьцё».

Нараджэнец раённага цэнтру Крупкі, выкладчык фізыкі паводле адукацыі, Анатоль Красоўскі абараніў кандыдацкую дысэртацыю па філязофіі і займаўся праблемамі падрыхтоўкі моладзі да сямейнага жыцьця. Ён распрацаваў некалькі падручнікаў па новым для тагачаснай савецкай школы прадмеце — «Этыка і псыхалёгія семейнага жыцьця», выпусьціў шэраг папулярных кніг на гэтую тэму.

Калі ў Савецкім Саюзе пачаў разьвацца прадпрымальніцкі рух, Красоўскі стварыў першы каапэратыў пад назвай «Служба сям’і». Потым узьнік часопіс «Я плюс Я» — першы такога кшталту часопіс у СССР. Прычым першыя нумары ён зрабіў сам — ад вёрсткі да вычыткі матэрыялаў.

Адначасова Красоўскі пачаў выпускаць газэту «Двое». І газэта, і часопіс карысталіся тады надзвычайнай папулярнасьцю. Наклад некаторых нумароў «Я плюс Я» перавышаў мільён асобнікаў!

Заснаванае Красоўскім выдавецтва «Красико-принт» існуе дагэтуль. У гэтым выдавецтве выходзілі таксама створаныя Красоўскім часопісы — «Кважды ква» для дзяцей, «Урожайные сотки» для дачнікаў, часопіс для студэнтаў «Идеал», а таксама «Авантюрист», «Рукоделье» ды яшчэ дзясятак іншых выданьняў.

Сярод тых, каму даводзілася супрацоўнічаць з Анатолем Красоўскім, быў выдавец, цяперашні галоўны рэдактар газэты «Наша свабода» Павал Жук. Вось што ён успамінае пра той пэрыяд, які згадвала Ірына Красоўская:

Жук: «Пазнаёміліся мы недзе ў годзе 1992-м. Гэта было зьвязана з газэтай. Тады гэта была газэта „Свабода“, як заўсёды, мы шукалі сродкі на тое, каб яе выдаваць. І ў першы раз я зь ім пазнаёміўся ў гэты час. Тады яны якраз пачыналі ствараць сваю фірму „Красіка“.

Ну, а больш шчыльны кантакт у нас быў ужо на пачатку перадвыбарчай кампаніі, калі Пазьняк ішоў на выбары і калі Лукашэнку абралі першы раз прэзыдэнтам. І ягоная фірма „Красіка“, і сам ён вельмі дапамагалі газэце ў той час — час выбарчай кампаніі.

Усе ведаюць, што зрабілася далей. І газэта выжывала, і фірма выжывала. Мы сустракалісяі ня так часта, але я зьвяртаўся некалькі разоў да яго, ён да мяне зьвяртаўся. У нас былі нармальныя адносіны. Я некалькі разоў быў у ягонай фірме і бачыў, што ён карыстаецца аўтарытэтам у сваіх супрацоўнікаў — і нездарма.Фірма была даволі буйная і пасьпяховая».

Тарас: «А чыста чалавечыя якія ў яго былі рысы? Які ён быў у кантактах зь людзьмі?»

Жук: «Ён быў вельмі кантактны, вясёлы. Зь ім заўсёды было лёгка гаварыць, лёгка дамаўляцца. Калі ён нечага ня мог — ён казаў „не“. Але звычайна дапамагаў».

Мы працягваем размову зь Ірынай Красоўскай у яе дома.

Красоўская: «Сытуацыя павярнулася так, што гэты бізнэс патрабаваў вельмі шмат укладаньняў, і не заўсёды хапала грошай, каб друкаваць тыя часопісы. Таму адначасова з гэтым муж пачаў займацца камэрцыяй — аптовымі продажамі харчоў, якіх не хапала ў Беларусі. Я помню, што гэта былі вельмі добрыя натуральныя вінаградныя віны з Вугоршчыны, а таксама жыта, пшаніца, мука, алей, іншыя харчы. Быў таксама невялічкі заводзік, дзе вырабляліся дошкі для палетаў».

Тарас: «Цяжка зразумець, як ён усё гэта пасьпяваў?»

Красоўская: «Ведаеце, я думаю, што гэта быў такі чалавек: вельмі разнабаковы і вельмі таленавіты. Усё, за што б ён ні браўся, ён рабіў вельмі добра і дасканала. Справа ў тым, што ён адпачываў вельмі мала: пяць—шэсьць гадзінаў, максымум сем. Заўсёды ўжо з раніцы на нагах і — да глыбокай начы. Я ня памятаю ўжо той час, калі ён быў у адпачынку. Відаць, апошні раз гэта было гадоў больш як дзесяць таму. Мы разам тады адпачывалі. Ён адпачывае толькі тады, ці робіць невялічкі перапынак, калі ад’яжджае на нейкія выставы. Ён заўсёды цікавіўся тым, што рабілася ў сьвеце, удзельнічаў у выставах, у канфэрэнцыях».

Тарас: «А ці для дома ў яго заставаўся час?»

Красоўская: «Ведаеце, калі ў мужчыны ёсьць тая справа, дзе ён сябе адчувае чалавекам, які сам сябе выхаваў, які нешта зрабіў, тады і ў сям’і ў яго ўсё атрымліваецца неяк спорна й добра.

Мы заўсёды адчувалі ягоную прысутнасьць дома. Па-першае, калі ўвечары ён прыходзіў дадому — мы заўсёды зьбіраліся й вячэралі разам, размаўлялі пра нейкія справы. Вельмі часта тут у нас зьбіраліся ягоныя сябры па бізнэсу, а таксама палітычныя асобы.

Ганчар таксама вельмі часта быў. Як яны пазнаёміліся? Гэта было дастаткова даўно — якраз яшчэ тады, калі Ганчар не займаўся актыўна палітыкай. І з тае пары, паколькі яны былі вельмі падобныя, авантурысты, я думаю, яны й зблізіліся».

Што да пэўнага падабенства паміж Ганчаром і Красоўскім, дык тут прычыны можна знайсьці ў іхных біяграфіях, найперш у дзяцінстве. Абодва вырасьлі ў глыбінцы , абодва выхоўваліся ў шматдзетных сем’ях, рана спазналі сялянскую працу. Ірына Красоўская ўспамінае, што Віктар Ганчар ганарыўся тым, што некалі яму даводзілася працаваць у полі разам зь сястрой. Анатоль таксама ніколі не цураўся фізычнай працы.

У музыцы, паводле словаў Ірыны, Анатоль найбольш любіць рамантычныя баляды. Рамантыка ўвогуле для яго ніколі не была чужой — пачынаючы са студэнцкіх кастроў і да турыстычных «вылазак на прыроду». І разам з тым — у юнацтве захапляўся боксам. Пэўна ўменьне трымаць удар — таксама важная рыса для прадпрымальніка.

Праблемы ў Красоўскага, (як, дарэчы, і ў многіх іншых беларускіх прадпрымальнікаў) пачаліся задоўга да 16 верасьня 1999-га году.

Павал Жук у сваіх успамінах пра Ганчара і Красоўскага зьвярнуў увагу, сярод іншага, на эпізод, які застаўся ў свой час амаль незаўважаным.

Жук: «Ганчар з Красоўскім былі блізкія адзін аднаму. Калі Ганчар спрабаваў правесьці альтэрнатыўныя выбары, ён ускладаў на яго, наколькі я ведаю, даволі вялікія спадзяваньні ў пляне пошукаў фінансаваньня. Красоўскі акурат тады, на пачатку 1999-га, быў схоплены ўладамі і пасаджаны ў турму — у сувязі з тым, што ягоная фірма не вярнула нейкі крэдыт. І ён, седзячы ў турме, здолеў вярнуць тыя грошы. Яго выпусьцілі, і потым ён пачаў ужо працаваць з Ганчаром».

Калісьці настаўнік Анатоль Красоўскі дзёрзка патрабаваў адказу на свае пытаньні ў тых, хто стаяў, так бы мовіць, вышэй за яго па службовай лесьвіцы. І гэтая адкрытасьць падабалася тагачасным вучням ды маладым калегам.

Малодшая дачка Красоўскага Валерыя ў чэрвені мінулага году напісала ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім зьвяртаецца да адрасата як да «чалавека, які называе сябе прэзыдэнтам Беларусі».

Валерыя Красоўская напісала ў тым лісьце, у прыватнасьці, такія словы:

Валерыя Красоўская
Валерыя Красоўская

​«Мой бацька — гэта чалавек годны ва ўсіх адносінах. Справядлівы, добры, прынцыповы — гэта пра яго. Ці кажуць такое пра Лукашэнку? Кажуць. Адкрытыя, сытыя падхалімы, зь якіх зьлеплена ўлада. Хто ня мае адносінаў да кармушкі Лукашэнкі, кажа пра яго пагардліва. У гэтым лісьце ня будзе абразаў. У ім няма хлусьні. Гэта не мае мэтады — вашыя. Але я скарыстаю магчымасьць сказаць, што я ненавіджу Лукашэнку. Ён вінаваты ў тым, што ўжо больш за дваццаць месяцаў я ня маю магчымасьці бачыць ля сябе самага любiмага чалавека. У нашай сям’i няма НІЯКАЙ інфармацыі аб ягоным лёсе. За шмат месяцаў не было ніводнага слова надзеі, ніводнага намёку на зачэпкі. Я ня ведаю, ці жывы ён».

Праз колькі месяцаў, у верасьні, Валерыя Красоўская напісала разам зь дзецьмі іншых зьніклых ліст з пытаньнямі да дзяцей Лукашэнкі, Шэймана, Сівакова, Паўлічэнкі.

«Нашыя бацькі — вядомыя ў Беларусі людзі, — гаворыцца ў лісьце. — Яны не заплямілі сябе ні хлусьнёй, ні крывёй. Мы ганарымся нашымі бацькамі. А што маеце вы ? Што застанецца вам у спадчыну? Нянавісьць людзей? І вы таксама адказныя за ўчынкі бацькоў».

Ірына Красоўская, якая выхоўвае цяпер дзяцей адна, вось ужо два з паловай гады бачыць свайго мужа штодня. Праўда, толькі ў сваіх снах. Анатоль Красоўскі для яе ня зьнік — проста ненадоўга зьехаў кудысьці...

«Ён адпачываў вельмі мала: пяць—шэсьць гадзінаў, максымум сем. Заўсёды ўжо з раніцы на нагах і да глыбокай начы. Я ня памятаю той час, калі ён быў у адпачынку. Відаць, апошні раз гэта было, мабыць, гадоў больш як дзесяць таму. Мы разам тады адпачывалі. Ён адпачывае толькі тады, ці робіць невялічкі перапынак, калі ад’яжджае на нейкія выставы».

Віталь Тарас, Менск—Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG