Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 329 «Аб нацыянальных і зборных камандах Рэспублікі Беларусь у відах спорту».
Згодна з дакумэнтам, беларускія спартоўцы, якія вырашылі выступаць за замежныя дзяржавы, павінны вярнуць грошы на падрыхтоўку, гаворыцца ў тлумачэньні на прэзыдэнцкім сайце. Сам указ яшчэ не апублікаваны.
Але адзначаецца, што дадатакам да дзейных нормаў замацаваны абавязак атлетаў кампэнсаваць выдаткі на іхную падрыхтоўку пры сыстэматычным парушэньні абавязаньняў падчас удзелу ў спаборніцтвах або ў выпадку рашэньня выступаць за зборныя каманды замежных дзяржаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прапанаваў браць кампэнсацыі са спартоўцаў, якія зьяжджаюць, бо ім «бабла адвалілі». ЦЫТАТЫУ канцы мінулага году на нарадзе аб разьвіцьці летніх відаў спорту Аляксандар Лукашэнка абурыўся, што здольныя спартоўцы зьяжджаюць за мяжу, а краіна закрывае на гэта вочы.
«Калі за мяжу зьедзе хоць адзін здольны спартовец, пройдуць праверкі па вэртыкалі, што мала ня здасца, — казаў Лукашэнка. — Трэба прапісаць у дамовах выплаты дзяржаве, калі спартовец зьяжджае: заплаці за сваю падрыхтоўку і будзь вольны. Бо едуць або ад нашай бязглузьдзіцы, або там, дзе бабла адвалілі».
Паводле Лукашэнкі, сёньня спорт — гэта ўжо «не барацьба, а вайна». «Ты выходзіш, як на вайну, на пляцоўку з клюшкай ці ў футбол гуляеш. Толькі тады ты можаш перамагчы», — падсумаваў ён.