Папраўкі ў Крымінальны кодэкс Беларусі, якія прадугледжваюць адказнасьць за схіленьне да ўжываньня допінгу ў спорце, ухваленыя Палатай прадстаўнікоў у другім чытаньні 13 чэрвеня, піша БелаПАН.
Калі закон будзе ўхвалены канчаткова і падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, то адказнасьць за допінг будуць несьці і тыя, хто пераконвае спартоўца ўжываць допінг, і тыя, хто робіць дзеяньні, накіраваныя непасрэдна на ўжываньне допінгу спартоўцам.
За схіленьне да допінгу прапаноўвалі караць штрафам або абмежаваньнем волі на тэрмін да году, за выкарыстаньне допінгу на чалавеку — штрафам, абмежаваньнем або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 7 гадоў. Максымальнае пакараньне прадугледжвалася для выпадкаў, калі спартовец памёр з прычыны праблемаў са здароўем, выкліканых ужываньнем допінгу. Ці зьмяніліся пакараньні ў вэрсіі, ухваленай у другім чытаньні, не ўдакладняецца.
Пакуль жа адказнасьць за допінг нясе збольшага сам спартовец — за гэта дыскваліфікуюць са спаборніцтваў. Год таму Лукашэнка падпісаў антыдопінгавы ўказ, паводле якога пэрсанал дыскваліфікаванага спартоўца пазбаўляюць прэміяў і дзяржаўных узнагародаў, забараняюць займацца пэдагагічнай дзейнасьцю ў спартовай сфэры.
Дэпутат Аляксандар Багданкевіч, сябра пастаяннай камісіі па нацыянальнай бясьпецы і алімпійскі чэмпіён у веславаньні, адзначыў, што дыскваліфікацыі нясуць шкоду іміджу і бюджэту дзяржавы, бо ў спартоўцаў укладваюцца бюджэтныя грошы.
Таксама, заўважыў ён, ужываньне стэроідаў выклікае праблемы са здароўем спартоўцаў.
Раней прапаноўвалася таксама крымінальная адказнасьць за незаконны абарот забароненых у спорце рэчываў, але яна не была ўхваленая ні ў антыдопінгавым указе, ні ў цяперашніх зьменах у Крымінальны кодэкс.