У эфіры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ 8 верасьня выступіў старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс. Сярод іншага ён згадаў будаўніцтва акумулятарнага заводу iPower, пра якое нядаўна выказаўся Аляксандар Лукашэнка.
Анатоль Ліс заявіў, што інвэстара акумулятарнага заводу неаднаразова папярэджвалі, што прадпрыемства мусіць быць збудаванае без парушэньняў экалягічнага і прыродаахоўнага заканадаўства.
«Мы лічылі, што гэта будзе годнае прадпрыемства, якога ў рэспубліцы ў нас няма, па вытворчасьці поўнага цыклю акумулятараў, — расказаў Ліс. — Ён патрэбен для рэспублікі. Але, на жаль, інвэстар ня вельмі прыстойны, ён пайшоў па шляху дзесьці завуаляваньня некаторых момантаў, якія выклікалі абурэньне сярод насельніцтва».
Кіраўнік вобласьці згадаў, што пасьля абурэньня насельніцтва і ён, і СМІ казалі: «калі на заводзе будуць выяўленыя парушэньні, будавацца ён ня будзе». Калі ж Міністэрства прыроды пацьвердзіла парушэньні, будаўніцтва прыпынілі.
Ён дадаў, што завод з парушэньнямі ня будзе запушчаны, «труціць людзей ня будзем». Але пра далейшыя дзеяньні адносна заводу і магчымасьць яго запуску Ліс не расказаў.
Лукашэнка «ўстаў на бок людзей» пасьля 21 месяца пратэстаў. Ад заводу не адмовіўся
Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Берасьце 6 верасьня заявіў, што «пабачыў парушэньні» на будаўніцтве акумулятарнага заводу iPower,і што цяпер «на баку людзей» што да будаўніцтва. Ён дадаў, што калі акумулятарны завод у Берасьці і запускаць, то ён мусіць адпавядаць экалягічным стандартам.
Паводле Лукашэнкі, калі ён азнаёміўся з прэтэнзіямі да заводу, «тут зьявіліся ўжо і арыштаваныя, і затрыманыя, і крымінальныя справы, і іншае».
Гэта адбылося праз амаль два гады па пачатку штотыднёвых пратэстаў супраць заводу. Гэтыя пратэсты не спыніліся і пасьля заявы Лукашэнкі: актывісты патрабуюць скасаваць штрафы за пратэсты, правесьці паўторныя грамадзкія слуханьні.
Ды затрыманьне дырэктара кампаніі, якая будуе iPower, афіцыйна ня зьвязвалася з парушэньнямі: адносна Віктара Лемяшэўскага і кіраўнікоў ягоных прадпрыемстваў, а таксама двух чыноўнікаў Мінпрыроды, расьсьледуюць справы пра даваньне і атрыманьне хабару.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.