Вядомыя ў Берасьці актывіст пратэставага руху Аляксандар Кабанаў і відэаблогер Сяргей Пятрухін абавязаныя зьехаць з гораду ў дзень, калі пачнецца сьвяткаваньне 1000-годзьдзя Берасьця. На пятніцу 6 верасьня Кабанава выклікае да сябе на размову асабіста пракурор Бярозаўскага раёну, а Пятрухін спатрэбіўся міліцыянтам у гэты дзень у Пінску нібыта як сьведка.
У першай палове дня 5 верасьня Аляксандру Кабанаву асабіста патэлефанаваў пракурор Бярозаўскага раёну Аляксандар Круцько і запрасіў на размову на сябе на пятніцу, аб 11-й. Тэрміновасьць патлумачыў неадкладнай праверкай.
«Такога ніколі не бывала: якая ўвага, я вельмі крануты! Пра што будзе размова? Сказаў, што пачатая пракурорская праверка адміністрацыйнай справы, якая была на мяне заведзеная міліцыянтамі, а потым спыненая. Тлумачыў пракурору, што нават ня ведаю, што была за справа. Усё роўна выклікаюць. Давядзецца заўтра быць у Бярозе. Відавочна, улады ня хочуць, каб мы заставаліся ў Берасьці. А раптам што...» — пракамэнтаваў запрашэньне да пракурора Аляксандар Кабанаў.
Ягоны сябра і калега па грамадзкай дзейнасьці відэаблогер Сяргей Пятрухін, перад тым як атрымаць позву ад міліцыянтаў зь Пінску, перажыў некалькі нэрвовых хвілін.
«Да мяне ўвогуле прыходзілі дамоў два міліцыянты ў цывільным. Званілі ў дзьверы, але мяне не было ў хаце. Потым я зь імі сазваніўся: выклікаюць як сьведку па маёй заяве пра тое, што ў Пінску на непатрэбных месцах віселі аб’явы. Я калі бачу дзе графіці, якое лічу непатрэбным, ці якія аб’явы неналежныя, пішу заяву ў міліцыю. Бо змагаюся за чысьціню гораду. Звычайна міліцыянты адразу задаюць пытаньне, ці бачыў сам, хто гэта зрабіў. Відаць, і заўтра будуць пра тое ж распытваць, хоць дзеля гэтага выклікаць у іншы горад зусім ня трэба, дастаткова апытаць праз тэлефон. Але зразумела — у іх загад ад нас „ачысьціць“ Берасьце на час сьвятаў. Сказалі, што калі не прыеду, прымуць захады», — сказаў Свабодзе Сяргей Пятрухін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 150 праціўнікаў акумулятарнага заводу сабраліся ў Берасьці і вылучылі кандыдата ў Палату прадстаўнікоў
Паводле Аляксандра Кабанава, на дзень, калі ў Берасьці пачнецца сьвяткаваньне тысячагодзьдзя гораду, з розных нагодаў выклікалі ў суды і міліцыю яшчэ 5 актывістаў, якія пратэставалі супраць будоўлі акумулятарнага заводу.
«Аднаго дакладна ў суд паклікалі, некалькіх — у міліцыю нібыта нешта высьветліць. Усяго, па маіх падліках, з намі ўжо 7 чалавек гэтак аказваюцца пад кантролем. Вельмі падобна да зачысткі», — мяркуе Аляксандар Кабанаў.
Пракурор Бярозаўскага раёну Аляксандар Круцько ў размове з карэспандэнтам Свабоды абверг меркаваньне, што ягоная заўтрашняя сустрэча з актывістам Аляксандрам Кабанавым зьвязаная са сьвятам, якое ладзіцца ў абласным цэнтры.
«Не, пры чым тут гэта. У нас ёсьць да яго свае пытаньні», — сказаў спадар Аляксандар Круцько. Але якія гэта пытаньні — не патлумачыў, бо гэта «службовая інфармацыя».
Аляксандар Кабанаў — вядомы грамадзкі актывіст і блогер зь Бярозы. Браў удзел у пратэстах супраць антыдармаедзкага дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі, стаў адным зь лідэраў пратэстаў супраць пабудовы ў Берасьці акумулятарнага заводу. Шмат разоў міліцыя яго затрымлівала, а суды каралі адміністрацыйнымі арыштамі і вялікімі штрафамі. Зьбіраецца ўдзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
Берасьцеец Сяргей Пятрухін — вядомы відэаблогер, удзельнік пратэставых кампаній.
Увесну 2019 году Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў былі ўганараваныя прэміяй «Хартыі’97» імя Віктара Івашкевіча «За асабістую мужнасьць».
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.