Пра тое, што ўладальнікі скандальнага акумулятарнага заводу пад Берасьцем вінаватыя дзяржаве грошы, журналістам расказаў кіраўнік аблвыканкаму Анатоль Ліс.
Пра затрыманьне «акумулятарнага караля» Віктара Лемяшэўскага стала вядома 28 чэрвеня. Неўзабаве праваахоўныя органы пацьвердзілі гэта, назвалі артыкулы, па якіх Лемяшэўскаму выстаўленыя абвінавачаньні (карупцыя). З таго часу пра лёс прадпрымальніка навінаў не было. А 22 жніўня старшыня берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс на адмысловай прэс-канфэрэнцыі абвясьціў, што кампанія Лемяшэўскага «Ай-Пауэр», якая будуе акумулятарны завод пад Берасьцем, вінаватая дзяржаве грошы. А менавіта — сродкі з інавацыйнага фонду, якія абласныя ўлады выдзелілі Лемяшэўскаму на будаўніцтва. Свабода паспрабавала разабрацца, што гэта за грошы і пра якія сумы можа ісьці гаворка.
3 725 200 рублёў
Абʼёмы фінансаваньня разнастайных праектаў прапісаныя ў пастанове Савету Міністраў «Аб мерах па рэалізацыі ўказа прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 студзеня 2017 году». У гэтым дакумэнце пазначаныя грашовыя сумы, якія дзяржава заплянавала выдзеліць, а таксама пляны па фінансаваньні на канкрэтны год. Падпісаны дакумэнт былым прэмʼерам Кабяковым. Яго можна знайсьці на сайце «Эталон».
Згодна з гэтым дакумэнтам берасьцейскі аблвыканкам плянаваў выдзеліць на будаўніцтва акумулятарнага заводу «Волат» (першы варыянт назвы акумулятарнага прадпрыемства пад Берасьцем. — РС) больш за 3,7 мільёна рублёў: 108 тысяч рублёў — у 2016 годзе, і больш за 3,6 мільёна — у 2017-м. Агулам — роўна 3 725 200 рублёў.
Унутраныя абмеркаваньні
Свабода зьвярнулася па камэнтар наконт сытуацыі зь вяртаньнем грошай у кампанію «Ай-Пауэр». Дакладную суму, пра якую ідзе гаворка, там назваць адмовіліся.
«У цяперашні час на ТАА „АйПауэр“ праходзяць унутраныя абмеркаваньні фінансавых пытаньняў, зьвязаных, у тым ліку, з заявай старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму аб вяртаньні грашовых сродкаў у абласны інавацыйны фонд. Аб прынятым рашэньні і далейшых дзеяньнях будзем інфармаваць дадаткова», — адказалі ў кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістцы, якая піша пра акумулятарны завод, пагражалі ў сацсетцы600 тысяч даляраў
Дакладнай сумы, якую зараз аблвыканкам патрабуе вярнуць ад «Ай-Паўэр», ня ведаюць і праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу. Паводле юрыста Рамана Кісьляка, гаворка можа ісьці пра эквівалент 600 тысяч даляраў. Прынамсі, такая інфармацыя распаўсюджвалася сярод актывістаў. Пры гэтым Кісьляк кажа, што патрабаваньні Ліса — толькі пачатак. «Ай-Пауэр», які паводле дамоўленасьцяў з уладамі павінен быў запусьціць свой завод 31 ліпеня 2019 году, могуць папрасіць вярнуць сродкі ня толькі з абласнога інавацыйнага фонду, але і з рэспубліканскага. Згодна з той жа пастановай Саўміна ад 2017 году, на будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці павінна было быць выдзелена 2,5 мільёна рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці супрацоўнік акумулятарнага заводу прынёс «пахавальныя кветкі» пікетоўцам. Што гэта было?Скрайні тэрмін — 14 верасьня
У Берасьцейскім аблвыканкаме, спаслаўшыся на адсутнасьць неабходнага спэцыяліста, Свабодзе не змаглі назваць канкрэтную суму, якую павінна вярнуць кампанія «Ай-Пауэр». Паводле словаў старшыні аблвыканкаму Анатоля Ліса, гаворка ідзе менавіта пра патрабаваньне вярнуць грошы, а не пра просьбу ці прапанову. Паведамленьне пра гэта абласныя ўлады даслалі ў «Ай-Паўэр» 14 жніўня. Кампанія Віктара Лемяшэўскага мае месяц, каб разьлічыцца з інавацыйным фондам. Што будзе пасьля гэтага, пакуль таксама невядома. Паводле заканадаўства, аблвыканкам можа зьвярнуцца з адпаведнай позвай у гаспадарчы суд.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.