Двор дамоў нумар 7 на вуліцы Рэвалюцыйнай і нумар 11 на вуліцы Камсамольскай у гістарычным цэнтры Менску, які менчукі называюць «Чырвоным дворыкам», могуць цалкам перафарбаваць са звыклага чырвонага колеру ў ружовы, паведаміла на Facebook Ксенія Фёдарава — суўладальніца бару «Сіняя каза».
«Чырвоны дворык» рэгулярна ўключаюць у «турыстычныя» мясьціны гораду і славутасьці, якія варта наведаць турыстам. Будынкі, якія яго ўтвараюць, збудаваныя ў XIX стагодзьдзі і ўнесеныя ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Менску.
Прадстаўніца дзяржаўнай кампаніі «Менская спадчына», адказнай за захаваньне гістарычнага цэнтру сталіцы, расказала ў адным з гарадзкіх Telegram-чатаў, што «дворык ня іхны» – ён у прыватнай уласнасьці, а ўласьнікаў шмат. Зварот пра ўзгадненьне колеру паступаў у кампанію «ў сувязі з правядзеньнем аварыйнага рамонту». Долевыя ўласьнікі самі нанялі падрадніка для рамонту, які мусяць праводзіць з улікам комплексных навуковых дасьледаваньняў і фізыка-хімічнага аналізу фасаду.
Як перадае Tut.by, рабочыя кажуць, што ружовыя палосы ў «чырвоным дворыку» — толькі пробнае фарбаваньне, каб замоўнікі маглі пабачыць колер, узгоднены паводле праекту. У Міністэрстве культуры адказалі Onliner.by, што ня чулі пра перафарбаваньне.
Гэта далёка ня першае фарбаваньне аб’ектаў у Менску, якое дзівіць урбаністаў. Летась розгалас атрымала незаконнае перамаляваньне ў жоўты колер вазаў на праспэкце Незалежнасьці. Балюстрада і агароджа мосту церазь Сьвіслач між плошчай Перамогі і цыркам прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, а фарбавалі без узгадненьня колеру зь Міністэрствам культуры і менскім камітэтам архітэктуры.
Ім абяцалі вярнуць «звычайны» белы колер мінулым ліпенем, але не перафарбавалі дагэтуль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў зрабіць Беларусь прыгожай, «каб яна была ўся ў кветках і зеляніне» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як улады робяць нам «красіва»