25 жніўня апоўдні на плошчы Леніна ў Берасьці чарговым разам сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году.
Паводле зьвестак праваабаронцы Ўладзімера Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было больш за 150 чалавек. Міліцыя праз мэгафон папярэджвала людзей аб адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.
Асноўнай тэмай абмеркаваньня было паведамленьне старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоля Ліса 22 жніўня на прэс-канфэрэнцыі аб скасаваньні інвэстыцыйнай дамовы з кампаніяй «АйПаўэр». Паводле яго, згодна з умовамі дамовы, на вылучаныя зь інавацыйнага фонду аблвыканкаму сродкі прадпрыемства павінна было ажыцьцявіць увод у эксплёатацыю акумулятарнага заводу да 31 ліпеня 2019 году. У адваротным выпадку сродкі, выкарыстаныя арганізацыяй згодна з дамовай, павінны быць вернутыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады забаранілі адразу шэсьць мітынгаў супраць акумулятарнага заводу пад БерасьцемЛіс паведаміў, што 2 жніўня аблвыканкам зрабіў запыт аб хадзе завяршэньня рэалізацыі праекта. Паколькі кампанія не выканала свае абавязацельствы паводле дамовы, праект ня быў рэалізаваны ў названы тэрмін, аблвыканкам адмовіўся ад выкананьня сваіх абавязацельстваў, 14 жніўня ён паведаміў кампаніі «АйПаўэр» аб спыненьні дамовы і запатрабаваў вярнуць сродкі ў інавацыйны фонд у добраахвотным парадку на працягу месяцу з даты паведамленьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады патрабуюць, каб «Айпаўэр» вярнуў грошы, на якія будаваўся акумулятарны заводУдзельнікі сустрэчы на плошчы станоўча ацанілі навіну аб скасаваньні дамовы і выказалі надзею, што гэта — чарговы крок да закрыцьця заводу. Берасьцейскі актывіст Алег Вялаў лічыць, што скасаваньне дамовы — гэта «моцны ўдар па «АйПаўэр». Кампаніі, паводле яго слоў, давядзецца вярнуць ня толькі грошы з інвэстыцыйнага фонду. Прадпрыемства, адзначыў ён, пазбавілася ўсіх прэфэрэнцый, прадугледжаных гэтай дамовай. У прыватнасьці, яно павінна цяпер выплаціць мытныя плацяжы за ўвоз абсталяваньня, падатак на зямлю і ўсе астатнія выплаты, якія прадугледжвае стандартная інвэстыцыйная дамова.
Актывістка Алена паведаміла, што праціўнікі будаўніцтва заводу настойвалі на скасаваньні дамовы яшчэ з лютага 2018 году. «Мы пісалі, што народныя грошы выдаткаваныя на інавацыйныя мэты, — паведаміла яна. — Ніякіх інавацый на гэтым заводзе няма». «Мы сёньня на плошчы таму, што працягваем дамагацца канчатковага закрыцьця гэтага заводу», — заявіла жыхарка Берасьця.
Пасьля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі будаўніцтва заводу прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасьця.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.