Гісторыя з «наездам» на галоўнага рэдактара недзяржаўнага інтэрнэт-часопіса «Ежедневник» Сяргея Сацука — яскравая ілюстрацыя да ўсёй кампаніі барацьбы з карупцыяй.
Сьцісла
- Мы маем справу з фактам арганізаванай і падрыхтаванай кампаніі з боку дзяржавы супраць незалежнага журналіста, які піша пра карупцыю.
- Сацук разбурае манаполію дзяржавы ў справе барацьбы з карупцыяй.
- Адрынаецца ўсялякая спроба грамадзкага кантролю за дзейнасьцю дзяржапарату.
- З карупцыяй дазволена змагацца ў строга абмежаваных рамках.
Ня буду абмяркоўваць, ці сапраўды Сяргей Сацук браў грошы за журналісцкае расьсьледаваньне, калі браў, то колькі і ці правільна ён рабіў.
Больш важна і цікава тут тое, у чым прычына кампаніі дзяржаўных СМІ супраць галоўнага рэдактара недзяржаўнага часопіса «Ежедневник». Перад намі факт арганізаванага і падрыхтаванага «наезду» з боку дзяржавы на незалежнага журналіста, які піша пра карупцыю. Спачатку быў артыкул у «Советской Белоруссии», 23 жніўня зьявіўся сюжэт на тэлеканале «Беларусь-1». У інтэрвію рэсурсу Naviny.by Сацук расказаў, што ўжо тры месяцы як яго паставілі на праслухоўваньне. То бок, узяліся сурʼёзна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар расьсьледаваньня пра «Эўпэнту»: «Крытычная сытуацыя з вакцынацыяй створаная штучна»Здавалася б, Сяргей Сацук закранае важныя тэмы барацьбы з карупцыяй, пра якія ўвесь час гавораць Лукашэнка, іншыя афіцыйныя асобы, пішуць дзяржаўныя мэдыі. То бок усё ў рэчышчы дзяржаўнай палітыкі. Можна было б меркаваць, што ўлады падзякуюць Сацуку за тое, што ён робіць важную справу, падтрымаюць усякія грамадзкія ініцыятывы ў гэтым кірунку, каб усім народам змагацца з карупцыйным злом.
Але ж не. Артыкулы Сацука выклікалі непрыхаванае раздражненьне. Чаму?
Бо Сацук разбурае манаполію дзяржавы ў гэтай справе. У рамках існага беларускага рэжыму змагацца з карупцыяй могуць толькі дзяржаўныя органы, то бок адны чыноўнікі супраць другіх. Спробы грамадзкасьці, недзяржаўных мэдыяў, незалежных журналістаў упісацца ў гэтую кампанію выклікаюць гнеў. Бо любую аўтаномную ад дзяржавы дзейнасьць, актыўнасьць грамадзянскай супольнасьці ўлады лічаць недапушчальнымі. Адрынаецца ўсялякая спроба грамадзкага кантролю за дзейнасьцю дзяржапарату.
Гэта не адзіны падобны выпадак. Міністэрства абароны катэгарычна супраць удзелу грамадзкасьці ў барацьбе зь «дзедаўшчынай» у войску. Праваахоўныя органы адмаўляюцца ад рэальнага супрацоўніцтва з праваабарончымі арганізацыямі. Перасьледуюцца незалежныя назіральнікі за выбарамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт назваў расьсьледаваньне пра вакцыну «гістэрыяй у СМІ»Зьвярніце ўвагу, якія дзяржаўныя рэсурсы кінутыя на змаганьне зь незалежным журналістам. Два галоўныя дзяржаўныя СМІ. Плюс праслухоўваньне. Дзеля гэтага трэба падключыць спэцслужбы, атрымаць дазвол пракуратуры.
Памятаеце, як на нядаўняй нарадзе з праваахоўнымі органамі Лукашэнка абураўся, што большасьць спраў па хабары ідзе бяз фактаў, зафіксаваных на аўдыё, відэа, а толькі паводле сьведчаньняў, дарэчы, не заўсёды пэўных і дакладных. Кіраўнік дзяржавы патрабаваў: «Павінны быць жалезабэтонныя доказы падобных рэчаў, бо мы прыйдзем да таго, што ў грамадзтве зьявіцца і буйна будзе квітнець практыка: не спадабаўся чалавек — агаварыў яго, даў супраць яго паказаньні, і пайшлі».
Дык вось у справах, дзе ў хабары абвінавачваюць чыноўнікаў, з фактамі, зафіксаванымі на аўдыё, відэа, вельмі дрэнна, іх вельмі мала. А тут, у кампаніі супраць журналіста, знайшоўся і відэазапіс, і на праслухоўваньне тэлефонаў не шкадуюць ні часу, ні грошай, ні высілкаў. Як і ў «справе БелТА», на змаганьне зь незалежным журналістам кінутыя ўсе сілы. Гэтую б энэргію ды ў высакародных мэтах змаганьня з карупцыяй.
То бок гэтай кампаніяй супраць Сацука ўлады нам дэманструюць, што толькі дзяржаўныя органы маюць права казаць пра карупцыю ў тых межах, дозах, якія яны самі вырашаць, называць тыя прозьвішчы, якія дазволена. І ніякай грамадзкай самадзейнасьці. З карупцыяй можна змагацца ў строга абмежаваных рамках.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ежедневник» адказаў на абвінавачаньні БТ у замоўных матэрыялах пра карупцыю ў мэдыцыне