22 жніўня 1992 году прэзыдэнт Украінскай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні, Мікола Плаўюк, склаў паўнамоцтвы, перадаўшы іх прэзыдэнту Ўкраіны Леаніду Краўчуку. Гэта было часткаю збольшага сымбалічных працэсаў, што ў той час адбываліся ў некаторых краінах Усходняй Эўропы, якія толькі што аднавілі сваю незалежнасьць. Прапануем вам паглыбіцца ў гісторыю такой малавядомай палітычнай зьявы як урад у выгнаньні.
Што такое ўрад у выгнаньні
Урадам у выгнаньні звычайна называюць палітычную групу, якая прэтэндуе на кантроль над тэрыторыяй адпаведнай краіны, але з палітычных прычынаў вымушаная фізычна заставацца за межамі гэтай краіны — звычайна ў іншай краіне са згоды яе ўладаў. Дастаткова часта такія ўрады фармуюцца кіраўніцтвам, якое сапраўды нейкі час мела палітычны ўплыў і кантроль над тэрыторыяй, але ў выніку нейкіх палітычных падзей гэты кантроль страціла. Вядомыя прыклады з сусьветнай гісторыі — урад Чан Кайшы ў Тайвані альбо ўрады ў выгнаньні, створаныя канфэдэратамі пасьля таго, як тыя прайгралі ў Грамадзянскай вайне ў ЗША.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні
Рада БНР лічыцца найстарэйшым у сьвеце ўрадам у выгнаньні — яна старэйшая за ўрады незалежнага Тыбэту альбо дарэвалюцыйнага Ірану. У выгнаньні Рада БНР застаецца ад 1919 году, калі на тэрыторыі Беларусі ўсталявалася бальшавіцкая ўлада.
Кіраўнічыя органы БНР у розныя гады мелі сядзібу ў Літве, Нямеччыне, Латвіі, Чэхіі. У тыя часы Рада БНР спрабавала данесьці да сьвету інфармацыю аб існаваньні беларускага народу, аб яго правах на сваю незалежную дзяржаву. Пасьля Другой сусьветнай вайны Рада аднавіла сваё існаваньне ў эміграцыі.
Намаганьнямі Рады БНР былі створаны культурныя цэнтры для беларусаў на замежжы (у Лёндане, Нью-Ёрку, у Нямеччыне), адстойваліся інтарэсы беларусаў у ЗША, была створана беларуская служба Радыё Свабода, у 80-я гады зьбіраліся грошы на дапамогу ахвярам выбуху на Чарнобыльскай АЭС.
Пасьля абвяшчэньня Беларусьсю незалежнасьці ў 1991 годзе, выказваліся прапановы перадаць сымбалічныя паўнамоцтвы Рады БНР ураду незалежнай Беларусі. Аднак тады Рада БНР прыняла рашэньне пачакаць. Пасьля прыходу да ўлады ў 1994-м годзе Аляксандра Лукашэнкі Рада БНР ад гэтай ідэі адмовілася і працягвае сваё існаваньне як урад у выгнаньні.
Урад Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі ў выгнаньні
Незалежная грузінская дзяржава была створана тады ж, калі і БНР, але пратрымалася некалькі даўжэй — да 1921 году, калі тэрыторыю краіны занялі бальшавіцкія войскі.
Усю сваю нядоўгую гісторыю дзяржава кантралявалася сацыял-дэмакратычнай партыяй Грузіі, ад чаго ў савецкай гістарыяграфіі часам сустракаўся тэрмін «меншавіцкая Грузія».
Адразу пасьля захопу краіны бальшавіцкім войскам, кіраўнікі незалежнай Грузіі арганізавалі ўрад у выгнаньні, які да 1954 гаду знаходзіўся ў Францыі і зваўся «Нацыянальным урадам Грузіі». Урад у выгнаньні, разам з камітэтам па аднаўленьні незалежнасьці Грузіі, які дзейнічаў у самой краіне, змог падняць паўстаньне ў жніўні 1924 году. Гэтае паўстаньне было апошняй спробай аказаць збройны супраціў савецкай уладзе да пачатку Другой сусьветнай вайны — у выніку яно было здушанае, а яго ўдзельнікі або забітыя, або арыштаваныя.
Пра спадчыну першай грузінскай рэспублікі ўзгадалі ўжо напярэдадні аднаўленьня незалежнасьці Грузіі ў 1980-я гады. Дзень абвяшчэньня першай рэспублікі стаў дзяржаўным сьвятам, якое грузіны і сёньня сьвяткуюць. Тады ж было прынятае і рашэньне вярнуць старую дзяржаўную сымболіку — сьцяг і герб першай грузінскай рэспублікі выкарыстоўваліся да 2004 году, калі іх замянілі на сучасныя, натхнёныя сымбалямі сярэднявечнай Грузіі. У адрозьненьне ад Украіны, ніякай перадачы паўнамоцтваў не адбылося, бо на момант абвяшчэньня незалежнасьці Грузіі ад СССР урад у выгнаньні ўжо не існаваў.
Дыпляматычныя місіі краінаў Балтыі
У адрозьненьне ад сваіх суседзяў, у Літвы, Латвіі і Эстоніі склалася крыху іншая сытуацыя — многія краіны сьвету (асабліва на Захадзе) не прызнавалі анэксіі гэтых краінаў СССР. Амбасады балтыйскіх краінаў працягвалі сваю працу ў ЗША да аднаўленьня іх незалежнасьці. ЗША на працягу ўсей акупацыі не прызнавалі савецкую ўладу ў краінах Балтыі, а ўсе фінансавыя актывы, якія належалі даваенным урадам гэтых краін, былі замарожаныя, каб пазьбегнуць перадачы іх СССР.
Такім чынам, Літва і Латвія ня мелі сваіх урадаў у выгнаньні — гэтую ролю выконвалі даваенныя дыпляматычныя місіі, якія моцна супрацоўнічалі з дыяспарай і падтрымлівалі ўцекачоў зь Літвы і Латвіі ў пасьляваенныя гады. Толькі Эстонія мела свой урад на выгнаньні, зь сядзібай у Осла. Ён выконваў пераважна сымбалічную функцыю, бо ўсе дыпляматычныя адносіны падтрымліваліся эстонскім кансулятам у Нью-Ёрку. Самі дыпляматычныя місіі Эстоніі не прызнавалі гэты ўрад — тым ня менш, калі Эстонія аднавіла сваю незалежнасьць, адбылася фармальная цырымонія перадачы паўнамоцтваў.
Урад Польшчы ў выгнаньні
Урад Польшчы ў выгнаньні быў створаны ў выніку акупацыі краіны нацысцкай Нямеччынай і Савецкім Саюзам у 1939 годзе і праіснаваў за мяжой да 1990-га году, калі апошні прэзыдэнт лёнданскага ўраду Польшчы, Рышард Качароўскі, перадаў паўнамоцтвы Леху Валэнсу — першаму прэзыдэнту посткамуністычнай Польшчы. Урад пераяжджаў за ўвесь час свайго існаваньня ўсяго некалькі разоў — спачатку ў Парыж, потым у Анжэ, а з 1940 году дзейнічаў у Лёндане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 захапляльных думак пра БНР у дзень 100-гадовага юбілеюЗа 50 гадоў свайго існаваньня гэты ўрад ня толькі прадстаўляў інтарэсы польскага народу на Захадзе, але і паспрыяў заснаваньню польскіх вайсковых адзінак падчас Другой сусьветнай вайны. Напрыклад, Армія Андэрса, створаная на тэрыторыі СССР і ў шэрагах якой ваявалі і беларусы (у тым ліку і Вінцэнт Жук-Грышкевіч — старшыня Рады БНР у 1971-1982 гадах), была падпарадкаваная лёнданскаму ўраду Польшчы. Польская падпольная дзяржава, якая функцыянавала на акупаванай немцамі тэрыторыі Польшчы, мела непасрэднае дачыненьне да ўраду ў выгнаньні, які ў сваю чаргу слаў у саму Польшчу сваіх дэлегатаў. Плянаваньне Варшаўскага паўстаньня 1944 году таксама было ініцыятывай ураду ў выгнаньні. Сёньня на месцы былой лёнданскай штаб-кватэры польскага ўраду ў выгнаньні вісіць памятная шыльда і працуе музэй.
Урад Украінскай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні
Пасьля таго як УНР канчаткова спыніла сваё існаваньне ў канцы 1920-га году, усе органы ўлады перабраліся спачатку ў Польшчу, а пасьля і ў Чэхаславаччыну (дзе падтрымліваліся адносіны з урадам БНР у выгнаньні), Нямеччыну, Францыю і, нарэшце, у ЗША, дзе гэты ўрад праіснаваў да абвяшчэньня незалежнасьці ўжо сучаснай Украінай.
У міжваенныя часы гэты ўрад падтрымліваў украінскія нацыянальныя арганізацыі ў Польшчы, Румыніі, Чэхаславаччыне. УНРаўцы рабілі спробы ўсталяваць сувязі зь Лігай Нацый і спрыялі ўзьняцьцю «украінскага пытаньня» у палітычным дыскурсе краінаў Захаду.
Пасьля Другой сусьветнай вайны ўрад УНР дзейнічаў як культурны цэнтар, які аб'ядноўваў украінскую дыяспару ў краінах Захаду і захоўваў пераемнасьць украінскай нацыянальнай дзяржаўнасьці.
Эпоха УНР скончылася ў 1992-м годзе, калі прэзыдэнт Украінскай Народнай Рэспублікі Мікола Плаўюк перадаў свае паўнамоцтвы прэзыдэнту Ўкраіны Леаніду Краўчуку.
Ян Поклад