Калі вы хочаце пражыць даўжэй, трэба задумацца над тым, што вы ясьце. Навукоўцы знаходзяць усё больш доказаў таму, што дыета ўплывае на здольнасьць арганізму змагацца з ракам і сардэчна-сасудзістымі хваробамі.
Пра гэта на амэрыканскім бізнэс-партале marketwatch.com піша Кэці Гіл.
Новае шырокае дасьледаваньне
Амэрыканская прымаўка «Оne apple a day keeps the doctor away» (адзін яблык у дзень — і прэч дактары) у нашы дні пацьвярджаецца навукова.
Яблыкі, як і многія іншыя прадукты і напоі, багатыя на фляваноіды. А менавіта да гэтых рэчываў прыцягнутая цяпер увага лекараў.
Днямі ў часопісе Nature Communications былі апублікаваныя вынікі новага дасьледаваньня, у якім бралі ўдзел 53 000 чалавек, старэйшых за 23 гады. Аказалася, што спажываньне прадуктаў, багатых на фляваноіды (тып біялягічна актыўных злучэньняў на расьліннай аснове) можа зьнізіць рызыку сьмерці ад сардэчна-сасудзістых і анкалягічных хваробаў.
Аўтары дасьледаваньня кажуць, што гэта правіла асабліва працуе для тых, хто злоўжывае алькаголем і курыць. Менавіта гэтыя людзі маюць павышаную рызыку ўзьнікненьня названых хваробаў.
Аўтары дасьледаваньня падкрэсьліваюць, што фляваноіды не нэўтралізуюць павышаную рызыку у курцоў і аматараў алькаголю. Таму найлепшае, што могуць зрабіць такія людзі, гэта кінуць піць і курыць
Што і колькі трэба есьці
Навукоўцы зрабілі выснову, што каля 500 грамаў розных багатых на фляваноіды прадуктаў у дзень забясьпечаць вам неабходную дзённую норму.
Адзін з магчымых варыянтаў наступны. Можна выпіць адзін кубак чаю, зьесьці адзін яблык, адзін апэльсін, 100 грамаў чарніц і 100 грамаў капусты-брокалі. Натуральна, можна выбіраць і іншыя варыянты.
Асабліва багатыя на фляваноіды садавіна, чай, чорны шакаляд, соевыя прадукты і чырвонае віно.
Прадуктаў, якія ўтрымліваюць у сабе фляваноіды, сотні. Іх сьпіс можна знайсьці ТУТ.
Ранейшыя дасьледаваньні
Апублікаванае ў часопісе Nature Communications дасьледаваньне ўплыву фляваноідаў на здароўе людзей далёка ня першае.
У 2014 годзе таксама было праведзена вялікае дасьледаваньне, якое паказала, што фляваноіды зьмяншаюць рызыку ня толькі анкалягічных і сардэчна-сасудзістых хваробаў, але прадухіляюць таксама і нэйрадэгенэратыўныя захворваньні, такія як хвароба Альцгаймэра і іншыя.
І яшчэ адна парада. Першы чым зьмяніць свой рацыён, заўсёды варта спачатку параіцца зь лекарам.