Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карысныя ўласьцівасьці гарбуза


Напярэдадні Гэлаўіну раскажу вам пра цудоўны і карысны прадукт — гарбуз. Гарбуз — сапраўдны скарб на беларускай зямлі. Асабіста я ем гарбуз амаль штодзень — ну вельмі яго люблю.

Гарбуз (лац. Cucurbita) — род травяністых расьлін сямейства Гарбузовых (Cucurbitaceae). Пад словам «гарбуз» у нашай краіне звычайна разумеецца шырока распаўсюджаны від Гарбуза звычайнага (Cucurbita pepo), які культывуецца як харчовая і кармавая расьліна.

Гарбузы, як мяркуюць, паходзяць з Паўночнай Амэрыкі. Цяпер гарбуз ядуць ва ўсім сьвеце і вырошчваюць на ўсіх кантынэнтах, за выключэньнем Антарктыды. Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ФАО) паведамляе, што больш за ўсё гарбузоў вырошчваюць у Кітаі, Індыі, Расеі, ЗША і Эгіпце.

Сваім колерам — жоўтым ці аранжавым — гарбуз абавязаны пігмэнтам каратыноідам, у тым ліку бэта-крыптаксантыну, альфа- і бэта-каратыну ды зэаксантыну. Усе гэтыя злучэньні ў арганізьме пераўтвараюцца ў вітамін А. Больш падрабязьней пра гарбузовыя каратыноіды — ніжэй.

Сямейства гарбузовых налічвае шмат відаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасьці ежы чалавекам. Плады і насеньне культурных гатункаў цалкам ядомыя і не патрабуюць спэцыфічнай падрыхтоўкі. То бок гарбуз і гарбузовыя семкі можна ўжываць у ежу ў сырым выглядзе. Семкі і плады большасьці гатункаў могуць захоўвацца на працягу доўгага часу, асабліва гэта тычыцца салодкіх зімніх гатункаў, бо яны ўтрымліваюць шмат цукру і маюць тоўстую скурку. Скурка маладых гарбузоў, дарэчы, прыгодная да ежы. Асабіста я, калі гатую гарбузы, скурку не выдаляю — яна вельмі смачная. З гарбуза вырабляюць алей і пасту, ну і, натуральна, шырока выкарыстоўваюць у ежу гарбузовыя семкі. Зь іх і пачнём расказ пра карысьць гарбузовых прадуктаў.

Семкі гарбуза цэняцца за высокае ўтрыманьне бялку (25 г на 100 г прадукту) і значную колькасьць тлустых кіслот сям’і Амэга-6. 100 г гарбузовых семак утрымліваюць амаль каля 20 грамаў Амэга-6 тлустых кіслот. Для даведкі: сутачная норма Амэга-6 тлустых кіслот — 6 грамаў для мужчын і 4 грамы для жанчын.

Гарбузовыя семкі таксама ўтрымліваюць адносна вялікую колькасьць розных карысных мінэралаў: жалеза, цынку, магнію, марганцу, медзі. 100 г гарбузовых семак утрымліваюць каля 85% дзённай нормы жалеза. Гэта — выдатны прадукт для тых, хто ня есьць мяса. У 100 г гарбузовых семак — каля 150 % дзённай нормы мінэралу марганцу, каля 135% — магнію, каля 70% —дзённай нормы медзі, каля 50% — цынку. Марганец, медзь і цынк — антыаксыданты. Пра іх падрабязьней чытайце ў гэтым артыкуле.

Гарбуз, як мы ўжо казалі, — выдатная крынiца каратыноідаў, якія ў нашым арганізьме ператвараюцца ў вiтамiн А. Падлічана, што ў пераліку 100 г гарбуза ўтрымліваюць прыкладна 150% сутачнай нормы вітаміну А. Вітамін А, акрамя іншых яго функцый, абсалютна неабходны для падтрыманьня здаровай скуры, вачэй і сьлізістых абалонак. Вітамін А — тлушчараспушчальны, гэта значыць, што ён засвойваецца пры наяўнасьці тлушчу. Так што гатаваць гарбуз з алеем — лягічна.

Гарбуз мае істотную колькасьць каратыноіду зэаксантыну. Гэты пігмэнт сынтэзуецца ў расьлінах і надае ім характэрны аранжавы і жоўты колер. Назва паходзіць ад Zea Mays (гатунак звычайнай кукурузы, у якім зэаксантын забясьпечвае асноўны жоўты пігмэнт) ды Хanthos, грэцкае слова «жоўты». Зэаксантын зьяўляецца асноўным кампанэнтам пігмэнту ў сятчатцы вока. Невялікая колькасьць зэаксантыну таксама ўтрымліваецца ў мозгу. Зэаксантын адыгрывае важную ролю ў функцыянаваньні вачэй, бо ён адказны за вастрыню цэнтральнага зроку, ён таксама памяншае наступствы асьляпленьня (так званага сіняга сьвятла). Так што атрымліваецца, што гарбуз — выдатная ежа для вачэй.

100 г гарбуза ўтрымліваюць усяго толькі 26 калёрый. Так што гэта добры прадукт для тых, хто сочыць за сваёй фігурай.

Гарбузовы алей — крыніца карысных тлустых кіслот. Гарбузовы алей прыпыняе рост многіх патагенных арганізмаў, у тым лiку кандыды альбіканіс, фэкальнага энтэракоку, кішэчнай палачкi, сінягнойнай палачкi, сальманэлы. Алей з гарбузовых семак утрымлівае вялікую колькасьць вітаміну Е. Навуковыя досьледы дэманструюць патэнцыял алею з гарбузовых семак у лячэньні захворваньняў прастаты.

Гарбузовы алей мае ўнікальны зялёны колер і выразны арэхавы, троху горкі смак. Яго добра ўжываць у невялікіх колькасьцях у салатах і іншых халодных стравах.

Я дадаю сыры гарбуз у салату, запякаю яго ў якасьці гарніру, раблю зь яго катлеткі і стэйкі.

А як гатуеце гарбуз вы?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG