Чаму Лукашэнка ўзяўся за «сілавікоў»

Ілюстрацыйнае фота

Сьцісла:

  • Ніколі раней кіраўнік дзяржавы так нэгатыўна не ацэньваў працу ўсіх праваахоўных органаў.
  • Сілавыя структуры ў Беларусі атрымліваюць поўны карт-блянш на кантроль над грамадзтвам, не зважаючы на закон і правы чалавека.
  • Сытуацыя з самаўпраўствам сілавікоў пачала пакрысе выходзіць з-пад кантролю Лукашэнкі і пагражаць стабільнасьці рэжыму.
  • Эпоха інтэрнэту надае скандалам з самаўпраўствам сілавікоў гучны грамадзкі рэзананс, што стварае нэгатыўны фон у пэрыяд выбарчых кампаній.
  • Аднак гэты паказальны разнос ня можа радыкальна зьмяніць сытуацыю. Бо аўтарытарны рэжым і прававая дзяржава — рэчы несумяшчальныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Некаторыя ў пагонах „прыбурэлі і абарзелі“ да таго, што яны проста не павінны іх насіць»

Пра тое, што рыхтуецца вялікая нарада адносна дзейнасьці сілавых структур, Лукашэнка казаў яшчэ зімой. Праводзіліся праверкі, працавалі камісіі. Але ўсё чамусьці адкладалася. Падставамі, якія прысьпешылі правядзеньне гэтай нарады, сталі гучныя скандалы, у прыватнасьці, гісторыя галоўнага інжынэра МЗКЦ Андрэя Галавача, які праседзеў за кратамі чатыры гады і быў двойчы апраўданы судом.

І вось 20 жніўня Лукашэнка нарэшце правёў абяцаную нараду. І назваў яе гістарычнай. Падобна, што гэта сапраўды так. Здаецца, ніколі раней кіраўнік дзяржавы так нэгатыўна не ацэньваў працу ўсіх праваахоўных органаў, як цяпер. Былі разносы асобных ведамстваў. Некалькі чыстак прайшло ў КДБ, на адной з нарадаў у 2007 годзе Лукашэнка нават назваў чэкістаў «пастухамі». Рэзка крытыкавалася мытня за карупцыйныя скандалы, міліцыя. Але каб вось так агулам выносіць прысуд усім структурам — такога не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка раскрытыкаваў сілавікоў за фальсыфікацыю наркатычных спраў

Варта адзначыць, што праваахоўныя органы ў Беларусі маюць асаблівы статус. Як у любой недэмакратычнай дзяржаве, тут роля сілавых структур і перш за ўсё спэцслужбаў гіпэртрафаваная. Яны — цэнтральны дзяржаўны інстытут, апорная канструкцыя кіроўнага рэжыму, найважнейшы інструмэнт утрыманьня ўлады і кантролю над грамадзтвам. Таму іх функцыі ў Беларусі нашмат шырэйшыя, чым у дэмакратычнай краіне.

Любая аўтарытарная дзяржава па сваёй прыродзе паліцэйская. Сілавыя структуры атрымліваюць поўны карт-блянш на кантроль над насельніцтвам, не зважаючы на закон і правы чалавека. Што выліваецца ў самаўпраўства, бясчынства, «прававое бязьмежжа». Вынесем за дужкі рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў. Але колькі было скандалаў, зьвязаных з тым, што міліцыянты, прадстаўнікі іншых структур білі людзей, зьдзекаваліся зь іх. Але Лукашэнка, калі да яго даходзіла справа, амаль заўсёды браў пад абарону сілавікоў. Бо ад іхнай ляяльнасьці залежыць ягонае панаваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 галоўных парушэньняў праваахоўнікаў, якія заўважыў Лукашэнка. Коратка

Чаму ж цяпер Лукашэнка раптам абрынуўся на іх з рэзкай крытыкай?

Дзьве прычыны. Па-першае, аўтарытарны лідэр, даючы карт-блянш сілавым структурам, спэцслужбам, трапляе ў сыстэмную пастку. Атрымаўшы права на поўнае ігнараваньне закону, усёдазволенасьць, бескантрольнасьць, яны непазьбежна ператвараюцца ў закрытыя касты, якія, замест абароны рэжыму, пачынаюць абслугоўваць уласныя карпаратыўныя інтарэсы, весьці сваю гульню. На нейкім этапе сытуацыя пачала паціху выходзіць з-пад кантролю Лукашэнкі і пагражаць стабільнасьці рэжыму. Накшталт таго, як у галівудзкіх фільмах робат-паліцэйскі паўстае супраць сваіх стваральнікаў і пачынае разбураць усё навокал.

Па-другое, эпоха інтэрнэту стварае іншую інфармацыйную сытуацыю ў параўнаньні зь мінулым. Скандалы з самаўпраўствам праваахоўных органаў набываюць такі грамадзкі рэзананс, які пачынае біць па рэпутацыі самога Лукашэнкі. Гэта асабліва непрыемна ў пэрыяд выбарчых кампаній.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што за «палачная сыстэма» абурыла Лукашэнку? Міліцыянты тлумачаць, як «фальсыфікуюць справы на загад начальства»

Таму Лукашэнка і вымушаны быў пайсьці на такі разнос. Дарэчы, ён пацьвердзіў усе тыя высновы, якія рабілі праваабаронцы, незалежныя мэдыі. Напрыклад, пра тое, што праваахоўнікі фальсыфікуюць справы па «наркатычных» артыкулах Крымінальнага кодэксу. Паматаеце, як афіцыйныя асобы, дзяржаўныя мэдыі абураліся тым, што, маўляў, апанэнты сьвядома разгортваюць кампанію дыскрэдытацыі міліцыі. Вось цяпер Лукашэнка давёў, хто насамрэч меў рацыю.

Аднак гэты паказальны разнос ня можа радыкальна зьмяніць сытуацыю. Бо аўтарытарны рэжым і прававая дзяржава — рэчы несумяшчальныя. Зьвярніце ўвагу, Лукашэнка зусім не крытыкаваў суды за тое, што тыя амаль не выносяць апраўдальных прысудаў. Зусім наадварот. Вось ягоная рэпліка: «У нас склалася такая практыка: судзьдзі, каб прыняць нейкае рашэньне, трэба куча доказаў і аб’ёмаў нейкіх фактаў злачынстваў. Практыка непрыдатная! Дастаткова аднаго-паўтара злачынства, каб нягодніка пакараць».

Аўтарытарны рэжым можа існаваць толькі ў выглядзе паліцэйскай дзяржавы. І ніяк інакш.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.