Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці апублікавалі ў сацыяльных сетках відэа, на якім супрацоўнік прадпрыемства «Ай Паўэр» Канстанцін Касьцянка прынёс удзельнікам бестэрміновай «Сьвінцовай варты» дзьве кветачкі — звычайна так робяць падчас пахаваньняў і жалобных імпрэзаў.
Свабода распытала выпрабавальніка-фармоўшчыка акумулятарных батарэй Канстанціна Касьцянку пра матывы ягонага ўчынку, а пікетоўца Ўладзімера Мароза, якому той перадаў кветкі, — пра ягоную рэакцыю.
Супрацоўнік заводу: «Хацеў плюнуць у морду, але стрымаўся»
«У кожным канфлікце трэба шукаць кампраміс, усе мы людзі, — тлумачыць Касьцянка. — Але так званыя абаронцы сваімі агрэсіўнымі выпадамі проста дасталі. І ў сацсетках, і ў твар кідаюць: „Косьця, ты сьмяротнік, пакуль ня позна, шукай іншую працу!“. Мяне, як добрапрыстойнага грамадзяніна, нарэшце як мужчыну, гэта чапляе. Для любога чалавека важна, каб была праца, каб была магчымасьць забясьпечыць сям’ю. Калі мяне абражаюць, я вымушаны адстойваць свой гонар, інакш сам сябе паважаць ня буду. Можна было нават у суд зьвярнуцца, але пакуль не да таго».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля акумулятарнага заводу пад Берасьцем зьбілі пратэстоўцаў. І выбачыліся за гэтаПаводле Касьцянкі, у яго было жаданьне «плюнуць у морду» праціўнікам заводу, але ён стрымаўся і выказаў стаўленьне іначай — сымбалічнымі «пахавальнымі кветкамі».
«Я хачу, каб завод працаваў і выпускаў прадукцыю, на якую Беларусь траціць сотні мільёнаў даляраў, набываючы яе за мяжой, — працягвае Касьцянка. — Але калі кучка неадэкватных людзей абражае цябе за тое, што ты сумняваесься ў іхнай кампэтэнтнасьці, гэта ўжо выходзіць за ўсялякія рамкі. Я свой выбар зрабіў: гэта мой завод, мая краіна. Інавацыйная вытворчасьць, ад якой мы нікуды не падзенемся, як бы нехта не спрабаваў перашкодзіць разьвіцьцю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінпрыроды: Акумулятарны завод у Берасьці ня мае станоўчай экалягічнай экспэртызыПраціўнік заводу: «Гэта абсалютнае дзікунства»
Кветкі ад Касьцянкі прыняў Уладзімер Мароз, які быў на варце, — ён адзін з актыўных праціўнікаў вытворчасьці акумулятараў. Мароз запэўніў карэспандэнта Свабоды, што ніякіх абразаў у адрас гэтага прадстаўніка заводу не агучваў, таму ягоны ўчынак яго ашаламіў.
«Ніякага наўпроставага канфлікту менавіта зь ім у нас не было, — кажа берасьцейскі актывіст. — Ведаючы яго як не зусім адэкватнага чалавека, нашы людзі стараюцца яго наогул абыходзіць. Прынамсі ня ведаю, каб нехта ўступаў у дыялёг ці адпускаў у яго адрас нейкія рэплікі... Прынесьці дзьве кветачкі — у маім разуменьні гэта проста дзікунства. Я ведаў пра яго існаваньне, але побач пабачыў упершыню. Гэта быў адзіны наш дыялёг, нават больш маналёг, бо ён паклаў кветкі, і ўсё».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для нас гэта як Курапаты». Ці вераць берасьцейцы ў тое, што ўлады закрыюць акумулятарны заводКанстанцін Касьцянка сказаў Свабодзе, што ўжо два месяцы іх завод стаіць, ніякай вытворчай актыўнасьці няма. Пасьля выступаў праціўнікаў вытворчасьці цяпер ім займаюцца ведамасныя камісіі.
«Я зьдзіўляюся, як у нашай краіне яшчэ здольныя паддавацца на правакацыі. З майго гледзішча гэта элемэнтарны сабатаж. І калі гэтыя абаронцы такія зацятыя, чаму яны прыяжджаюць на свае „вахты“ на машынах? У кожнай стаіць акумулятар, яго недзе вырабілі. Калі такія пасьлядоўныя, перасоўвайцеся на конях, на ровары, прайдзіцеся пешшу. Не, прыяжджаюць на БМВ і пратэстуюць супраць заводу, безь якога іх „бэха“ ня зрушылася б зь месца», — кажа супрацоўнік заводу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказалі, што акумулятарным заводам займаецца Генпракуратура і Акадэмія навук». Берасьцейскія актывісты сустрэліся з кіраўніцтвам вобласьціУладзімер Мароз на гэта адказаў, што адміністрацыя заводу намагаецца стварыць сярод насельніцтва нэгатыўны вобраз абаронцаў, якія за свае вахты атрымліваюць «заходнія падачкі» і выконваюць замову на зьнішчэньне канкурэнта.
«Адна з нашых паплечніц жыве на лецішчы побач з Касьцянкам, і ён „прасьвятляе“ суседзяў, што нам нібыта плацяць штодня па 20 даляраў, фінансуе гэта Польшча, каб з нашай дапамогай закрыць завод. Маўляў, палякам не патрэбны моцныя канкурэнты, хочуць такім чынам вытворчасьць ліквідаваць. Вось такую лухту ўкладаюць у вушы, вучаць нас ціха ненавідзець. Мы спрабавалі давесьці свае аргумэнты, але нас ня хочуць нават выслухаць», — падсумаваў Уладзімер Мароз.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.