У нядаўна запушчаным ананімным Telegram-канале «Выборы. Беларусь» апублікавана скарга ў суд Ленінскага раёну Менску на прызначэньне Аляксандрам Лукашэнкам выбараў у Палату прадстаўнікоў на 17 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму гэта не зрабіла апазыцыя?» — дзяўчына, якая падала ў суд на ЛукашэнкуУ судзе Свабодзе пацьвердзілі, што менавіта такая скарга была зарэгістраваная.
На што скардзяцца
Аўтар скаргі просіць прызнаць дзеяньні Лукашэнкі незаконнымі і абавязаць яго скасаваць указ аб прызначэньні выбараў у Палату прадстаўнікоў. У скарзе сьцьвярджаецца, што ўказ парушыў Канстытуцыю — у прыватнасьці артыкулы 93, 94 і 95.
У гэтых артыкулах апісваецца тэрмін паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу (4 гады) і магчымасьць падаўжэньня паўнамоцтваў у выпадку вайны, магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў, расклад пачатку сэсіяў (першая — 2 кастрычніка, якая цягнецца ня больш як 80 дзён, другая — 2 красавіка, ня больш як 90 дзён) і магчымасьць адкрыцьця пазачарговых сэсіяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзень Канстытуцыі, якую парушаюць нават у дзіцячых садкахПаўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў дазволена спыняць, калі ўраду адмаўляюць у даверы і выказваюць вотум недаверу, або калі ад Палаты прадстаўнікоў двойчы атрыманая адмова на прызначэньне прэм’ер-міністра, а таксама праз заключэньне Канстытуцыйнага суду аб «сыстэматычным або грубым парушэньнем Канстытуцыі».
Аўтар адзначае, што чатырохгадовы тэрмін паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў скарочаны ня менш як на 10 месяцаў, а цяперашняе шостае скліканьне пазбаўлена сэсіяў, якія мелі пачацца 2 красавіка і 2 кастрычніка 2020 году. Законных падставаў да гэтага ў Лукашэнкі не было, пішуць у скарзе.
Аўтар паведамляе, што яму цяпер 20 гадоў, дзень народзінаў ён адзначыць 7 студзеня, таму ня зможа балятавацца ў Палату прадстаўнікоў: мінімальны ўзрост для гэтага — 21 год. У гэтым пазоўнік бачыць парушэньне сваіх правоў.
Абноўлена: Як выявілася, асоба, якая падавала зварот, — не мужчына, а жанчына: парталу Tut.by яна прадставілася як студэнтка Елізавета.
Ярмошына сказала, што так можна
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына раней заяўляла, што «ніякага датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў парлямэнту няма, а калі выбары праводзяцца не пазьней за тэрмін, а раней, гэта не пярэчыць закону».
Сапраўды, у Канстытуцыі няма прамой забароны праводзіць выбары раней за чатыры гады, а само правядзеньне выбараў ня лічыцца спыненьнем паўнамоцтваў.
Палітызаваныя справы ня маюць шанцаў
Экс-судзьдзя Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў у гутарцы з карэспандэнтам Свабоды выказаў сумнеў наконт таго, што скарга наогул будзе разглядацца — у Беларусі справы супраць кіраўніка краіны адпачатку асуджаныя на няўдачу.
«Магу спрагназаваць, што ў заяўнікаў наўрад ці ёсьць нават мінімальны шанец на посьпех, — кажа экспэрт. — Відавочна, што суды ў нас палітызаваныя, знойдуць прычыну для адмовы. Аднак сам факт, што людзі падаюць скаргі, праяўляюць грамадзкую актыўнасьць, ужо добра. Асабліва калі пішуць, што моладзь дэпалітызаваная, нічым не цікавіцца.
Што тычыцца скарачэньня дэпутацкага тэрміну... Каб я быў дэпутатам, дык абавязова пратэставаў бы. Але ўсе маўчаць, за выключэньнем хіба Алены Анісім ды Ганны Канапацкай. Зрэшты, калі разглядаць заканадаўства, ня ўсё так дакладна вызначана, чым і карыстаюцца. Тым ня менш пытаньні ёсьць».
Вынік працы «калектыўнага розуму»
Актывісты, якія апублікавалі скаргу, расказалі Свабодзе, што тэкст быў працай «калектыўнага розуму», хоць падавалася яна ад аднаго чалавека. Хто яны, актывісты вырашылі пакуль не расказваць. Але заяву Ярмошынай пракамэнтавалі.
«Было б вельмі добра, калі б адбылося галоснае судовае паседжаньне, на якім бы выступілі абодва бакі са сваімі аргумэнтамі, — сказалі яны пра словы старшыні ЦВК і сваю нязгоду зь імі. — На жаль, гэтага ня будзе, таму даводзіцца моўчкі чытаць сьмешныя апраўданьні Ярмошынай».
Пры тым яны ўпэўненыя: «відавочна, што суд па сутнасьці разглядаць гэтую скаргу ня будзе». Скарга — гэта «ад пачатку менавіта пэрформанс, каб паказаць узровень дэмакратыі ў Беларусі», тлумачаць яны і згадваюць, як у ЗША акружны суд прыпыняў указ прэзыдэнта Дональда Трампа адносна вяртаньня ў Мэксыку замежнікаў, якія просяць прытулку ў Штатах.
«Калі ў ЗША звычайны акружны суд можа заблякаваць любы ўказ прэзыдэнта, дык у нас прэзыдэнт ужо даўно фактычна ператварыўся ў манарха, які можа рабіць, што захоча, — адзначаюць аўтары скаргі. — Плюс цікава паглядзець, як яны будуць матываваць адмову ў разглядзе справы».
Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».