Як у Віцебску ствараюць творчыя асяродкі ў былых прамысловых будынках. ФОТА

Максім Жукаў стварыў першы ў Віцебску індустрыяльны лофт

У савецкія часы Віцебск трымаў пазыцыі буйнога прамысловага гораду Беларусі. Цяпер значная частка незапатрабаваных заводзкіх будынкаў пустуе. Заняць былыя прамысловыя плошчы маглі б культурніцкія цэнтры. Чаму гэты працэс ідзе вельмі павольна, Свабодзе распавялі ўласьнік першага ў Віцебску індустрыяльнага лофту і гаспадыня арт-прасторы VZAP у будынку буйнога заводу.

«Пустых прамысловых будынкаў у Віцебску шмат, але ўсё ўпіраецца ў грошы»

У 2007-м Максім Жукаў набыў памяшканьне ў будынку былой фабрыкі «Віттэкс» на мяжы гораду. І стварыў першы ў Віцебску індустрыяльны лофт — музычны клюб Dietrich.

Колішні буйны вытворца тэкстылю, фабрыка «Віттэкс» больш не працуе. Ад яе засталіся некалькі гектараў складоў, вытворчых цэхаў і адміністрацыйных будынкаў. Гэта больш за дзесяць тысяч квадратных мэтраў нерухомасьці, якую ўласьнікі разабралі пад крамы, офісы і дробныя прадпрыемствы. Максім шукаў месца пад клюб, дзе б гучала альтэрнатыўная музыка.

«Амаль год я адсочваў памяшканьні, якія тэарэтычна маглі падыйсьці для канцэртаў. Дзяржава прадавала плошчы ў прамысловых будынках, і на іх быў вялікі попыт. Аўкцыён мог завяршыцца сумай, утрая большай за першапачатковую», — Максіму пашанцавала. На абранае ім памяшканьне былі ўсяго два прэтэндэнты.

Канцэрты прадстаўнікоў контракультуры Максім арганізуе ў Віцебску ад 1998 году. Ён быў дырэктарам і прадусарам некалькіх музычных гуртоў. Найбольш вядомы зь іх — віцебскі Nitkie. З удзелам Максіма ў горадзе адкрыліся чатыры музычныя клюбы. Dietrich — пяты, гэтым разам ягоны ўласны.

«Знайсьці ў Віцебску памяшканьне, якое адпавядала б маім патрабаваньням, было неверагодна складана, — прызнаецца Максім. — Мне быў патрэбны першы паверх, адміністрацыйны будынак, аддалены ад жылых карпусоў, але побач з цэнтрам».

Прамысловая зона былой фабрыкі на вуліцы Валадарскага — за 3 км ад ратушы.

Індустрыяльны стыль на першы погляд падаецца бюджэтным

Памяшканьне ў будынку 1974 году пайшло з аўкцыёну ў кепскім стане.

«Фабрыка яшчэ працавала, але ўжо была на працэдуры банкруцтва, — тлумачыць Максім. — Даху не было, таму працякала столь. Вокны і дзьверы згнілі. Іх давялося замяніць. Як і ўсе камунікацыі і электрычнасьць. Са сьценаў пазьбіваў пяцісантымэтровую тынкоўку, паклаў новую падлогу, зрабіў ацяпленьне».

Агульная плошча памяшканьня — 110 квадратных мэтраў. У 80-я гады тут месьцілася апэрацыйная заля ашчадкасы цэнтральнага савецкага банку. Офіс Максім абсталяваў у колішнім сэйфе.

«Увесь пакой быў абабіты двухмілімэтровай стальлю. Тут стаяў сэйф зь мяне ростам і вагою ў паўтары тоны. Заходзіш — і тэлефон глухне». Адзінае, што Максім пакінуў з тых часоў, — надзейныя мэталічныя дзьверы.

90% памяшканьня займае пляцоўка для канцэртаў. Рамонт адразу рабіўся пад амэрыканскі лофт. Але зь мясцовым калярытам.

«Мая маці была мастачкай. І ў савецкі час мне траплялася іншая літаратура. Я знаёміўся з дызайнам, папулярным за мяжой. Асяродак, дзе ты рос, фармуе тваю культуру і густ у далейшым», — упэўнены Максім.

Індустрыяльны стыль на першы погляд падаецца бюджэтным. У інтэр’еры клюбу шмат мэталічных канструкцый. Каб іх зрабіць, гаспадар мусіў навучыцца варыць. Лофт аздабляе Максімава калекцыя ровараў, самыя старыя — 50-х гадоў. У клюбе знайшлося месца і для старой мэблі, і для даваенных дзьвярэй зь лятуннай ручкай з бабулінага дому пад Лётцамі. Ад пачатку Dietrich — паўзакрыты лофт з канцэртамі для мэтавай аўдыторыі і ўваходам толькі ў дзень мерапрыемства.

«Усё ўпіраецца ў грошы»

Віцебск дарма пазьбягае індустрыяльнага стылю ў сфэры культуры, мяркуе Максім. У горадзе прадаюцца вялізныя плошчы прамысловых будынкаў. Але ў іх трэба шмат укладаць.

«Усё ўпіраецца ў грошы, — тлумачыць суразмоўца. — Больш буйныя і багатыя гарады могуць сабе дазволіць вялікія лофты. У Віцебску няма сэнсу ўкладаць у творчы праект, які ня будзе прыносіць прыбытку. Так, „Вістан“ у цэнтры гораду на беразе Дзьвіны часткова арандаваны прыбытковым бізнэсам — у заводзкіх будынках працуюць СТА і крамы аўтазапчастак. Культурніцкія пляцоўкі ў горадзе трымаюцца на сродкі людзей, якім гэта цікава».

Максім трымае ў Віцебску ўласную краму музычнага абсталяваньня. Гэта дазваляе сваімі сіламі падтрымліваць хобі. Dietrich акупляецца толькі апошнія некалькі гадоў.

«Гэта працуе ў любой нармальнай краіне. Тэарэтычна павінна працаваць і ў Беларусі»

Шмат прамысловых будынкаў, якія належаць дзяржаве, у Віцебску пустуюць.

«Як робіцца ва ўсім сьвеце? — разважае Максім. — Калі будынак доўгі час не выкарыстоўваецца, муніцыпалітэт аддае яго ці пад сквот, ці пад культурны цэнтар. Каб не прастойваў. Калі зьяўляюцца грошы альбо інвэстар, яго вяртаюць, робяць рамонт і прадаюць».

Амэрыканскія, а пазьней эўрапейскія гарады ствараюць у занядбаных прамысловых зонах умовы, каб яны запаўняліся элітным жыльлём.

«Прадпрыемства перастала быць прыбытковым і зачынілася, — Максім прыводзіць прыклад з амэрыканскімі лофтамі. — Ад яго засталіся вялікія плошчы — недалёка ад цэнтру гораду. Па мінімальных коштах іх пачынае набываць мастацкая багема. У прамысловых будынках яна робіць адначасова кватэры і студыі. Творчы кластэр пачынае расьці і прыцягваць увагу дробнага і сярэдняга бізнэсу. Адкрываюцца кавярні, рэстаранчыкі, пашыраецца сфэра паслуг. Паступова занядбаны раён, які быў індустрыяльным гета, становіцца рэспэктабэльным. Творчая інтэлігенцыя больш ня мае сродкаў яго ўтрымліваць і прадае свае плошчы буйному бізнэсу. Паляпшаецца інфраструктура, і раён становіцца фэшэнэбэльным».

«Гэта працуе ў любой нармальнай краіне. Тэарэтычна павінна працаваць і ў Беларусі, — упэўнены Максім. — Але ў нас гэта адбываецца вельмі доўга і клапотна».

Максім гаспадарыць у памяшканьні былой фабрыкі 12 гадоў. За гэты час прамысловая зона моцна не зьмянілася. Уласьнікі адрамантавалі памяшканьні, на скрыжаваньні дарог, што вядуць да карпусоў, зрабілі пераход і павесілі знакі.

Dietrich застаецца адзінай культурніцкай установай у раёне. Летам ён часова перапыніў працу. Максім заняты новым праектам — стварае культурны асяродак вакол сядзібы батаніка Адамава ў Вялікіх Лётцах пад Віцебскам.

Паводле гаспадара, неўзабаве клюб запрацуе ў новым фармаце, пра які горад пачуе ўвосень. «Акустыка тут выдатная», — запэўнівае гаспадар.

«Пустыя заводзкія будынкі варта аддаваць культуры — за аплату камунальных паслуг ці з ільготамі на першым часе»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскі прадпрымальнік набыў панскую сядзібу, каб ладзіць фэсты

Інга Багінская чатыры гады арандуе памяшканьне ў Віцебскага заводу электравымяральных прыбораў. У былой заводзкай сталоўцы яна адкрыла арт-прастору VZAP.

Прамысловыя карпусы філіялу баварскай акулярнай фабрыкі Швэйцара зьявіліся на правым беразе Дзьвіны ў 1892 годзе. Пасьля нацыяналізацыі фабрыка атрымала імя Розы Люксэмбург і пачала вырабляць ахоўныя маскі і акуляры для рабочых, тэатральныя біноклі, у перадваенныя гады — акуляры для лётчыкаў і танкістаў. Віцебскі завод электравымяральных прыбораў (ВЗЭП) на месцы ліквідаванай у часы вайны фабрыкі быў утвораны ў 1952-м. Новыя цэхі пабудавалі ў 60–70-я гады. Цяпер завод дзейнічае, але патрабуе меншых плошчаў. А вольныя памяшканьні здае ў арэнду.

«Шукалі там, дзе ў вокнах не гарыць сьвятло»

Інга шукала вялікае памяшканьне паўтара года. Такое, каб было прыдатным ня толькі для ціхіх заняткаў, але і для гучных канцэртаў. Таму збольшага разглядаліся прамысловыя будынкі, далей ад жылой забудовы.

«Віцебскія заводы мы ведаем на памяць. У мяне дзесьці ёсьць пляны ўсіх памяшканьняў, — узгадвае пошукі Інга. — Мы езьдзілі на „Вістан“, на лікёра-гарэлачны завод на Пакроўскай, дзе задумваўся Шагалаўскі квартал, былі на „Віцябчанцы“. Шукалі там, дзе ў вокнах не гарыць сьвятло».

Разглядаліся таксама падвалы старых дамоў, будынкі пошты, былых бібліятэкі і дзіцячага садку, прамысловыя ангары на ўскраіне гораду. Ад рашучага кроку стрымліваў ці то стан памяшканьня, ці то хібы раёну.

«Пасьля мы страцілі надзею. Круцілі машыну па старых раёнах. Я нават ня ведала, што гэта за завод, — так Інга ўпершыню ўбачыла вялізныя карпусы ВЗЭПу. — Я яшчэ падумала, што ён пэўна ня можа працаваць цалкам. Мы зайшлі на прахадную і папрасілі паказаць памяшканьні, якія магчыма ўзяць у арэнду».

Візытэраў павялі ў будынак сталоўкі, пабудаваны ў 70-я гады. З вытворчымі цэхамі ён злучаецца крытым віядукам. Па ім працоўныя ВЗЭПу ідуць на сталаваньне. Цяпер штат заводу не патрабуе вялікай сталоўкі. На пачатку дзьвюхтысячных у будынку пачыналі рамонт пад асобныя офісы. Аднак бізнэс-цэнтру не атрымалася. Фірмовая крама закрытая — яе памяшканьне здаецца ў арэнду. 243 квадратныя мэтры займае арт-прастора VZAP.

«Тры месяцы мы прыкладалі сюды рукі і інструмэнты»

Інга захоўвае фатаздымак зь першай экскурсіі. Памяшканьне патрабавала рамонту.

«Тры месяцы мы прыкладалі сюды рукі і інструмэнты. (VZAP адкрыўся ў чэрвені 2015-га. — РС.) Колькі ўсяго мы выграбалі, вымяталі, вывозілі! Колькі закуплялі матэрыялаў! Давялося рабіць камунікацыі, вэнтыляцыю, санітарныя выгоды, часткова замяніць падлогу. Дзьверы ў кожны пакой я купляла па аб’явах і сама прывозіла сюды на машыне».

Па словах Інгі, тут прыбралі саўдэпію, і атрымаўся лофт — з высокай стольлю і шырокімі вэнтыляцыйнымі трубамі.

«Ня страшна пачынаць рамонт, калі ёсьць сродкі і прафэсіяналы, — кажа Інга. — Мы былі абмежаваныя ў першым і адчувалі недахоп у другім». Самой давялося быць і дызайнэрам, і канструктарам, і рамонтнікам.

Разьлічаная на дзьвесьце чалавек канцэртная заля — у глыбіні памяшканьня. Тут няма дзённага сьвятла. Тоўстыя, пафарбаваныя ў сіняе сьцены не дазваляюць гуку выходзіць вонкі.

«Мы нікому не перашкаджаем — гэта самае галоўнае для музыкі, — кажа Інга. — Дзе б мы раней ні былі, паўсюль стаялі жылыя дамы. А тут вокны выходзяць на вытворчыя цэхі».

«Я арганізатар тэхнічны, а прафэсіяналы займаюцца сваёй справай»

Арт-прастора VZAPу пашыраецца. Тут ёсьць свае тэатар-лябараторыя, музычны тэатар, студыя керамікі, дзіцячая танцавальная студыя сьветлавога шоў, сэзонныя кірмашы ручной працы. Выставачная дзейнасьць дае падставу называць VZAP мастацкай галерэяй.

«VZAP прыцягвае шмат творчых людзей, у якіх ёсьць талент, але часам няма пляцоўкі, — кажа Інга. — Я арганізатар тэхнічны, а прафэсіяналы займаюцца сваёй справай».

Залежна ад рэпэтыцый і бягучых праектаў, VZAP можа працаваць па ненармаваным графіку. На радасьць кату Малевічу, які жыве ў арт-цэнтры.

Інга прыяжджае на VZAP амаль кожны дзень. Летам мерапрыемстваў няшмат. У арт-цэнтры ладзіцца дзіцячы лягер. Зь дзявятай да трэцяй тут ідуць творчыя заняткі. Зь перапынкам на абед. Вядома — у заводзкай сталоўцы. Усе буйныя праекты пачнуцца зь сярэдзіны верасьня.

Больш за ўсё сродкаў ідзе на арэнду

«Калі б была магчымасьць, праводзіла б тут і дзень, і ноч», — усьміхаецца гаспадыня. Але VZAP для Інгі — гэта хобі.

«Магчыма, праект можна было б разглядаць як працу, калі б ён ня быў стратны. Складана зарабіць на культуры. У яе трэба ўкладаць».

Інга трымае ў Віцебску прыватны касмэтычны і масажны кабінэт. Усё, што зарабляе на працы, укладае ў хобі.

Больш за ўсё сродкаў ідзе на арэнду.

«Завод у рэспубліканскай уласнасьці, — кажа Інга. — Кіраўніцтва цяжка ідзе на саступкі. Арэнда, і так высокая, расьце кожны год».

Паводле яе, пустыя заводзкія будынкі варта аддаваць бізнэсу альбо культуры.

«Проста за аплату камунальных паслуг, — кажа Інга. — Ці з ільготамі на першы час, калі відавочна, што праект акупіцца. Інакш гэтыя будынкі стаяць, разбураюцца, не выкарыстоўваюцца».

Паводле Інгі, арэнду немагчыма акупіць. Гараджане складана ідуць на канцэрты клясычнай музыкі, на рок-канцэрты апошнім часам таксама. Спэктаклі ідуць без аншлягу.

«Некалі гэта будзе цікавае месца з трафікам — людзкім і транспартным»

«Я дазваляю выкарыстоўваць пляцоўку ў межах некамэрцыйных і карысных для гораду праектаў», — кажа Інга.

Яна лічыць, што людзі павінны дапамагаць адзін аднаму. І актыўна займаецца дабрачыннасьцю: зьбірае грошы для прытулку жывёл, падтрымлівае гадаванцаў дзіцячага дому і людзей сталага веку. У справах жанчыне дапамагаюць валянтэры. З буйных кампаній на патрэбы прасторы адгукнуліся адзінкі. Сярод іх — Caparol, якая падтрымлівае культурныя праекты. Фарбы хапіла на ўсе сьцены.

«Без дапамогі, вядома, складана, — дадае Інга. — Не спыняесься толькі таму, што ты ідэйны».

Раён, дзе знаходзіцца VZAP, спалучае ў сабе рысы жылога і прамысловага. Значную частку яго займаюць ВЗЭП, «Дзьвінскі бровар», былая тытунёва-махорачная фабрыка, а цяпер карданажна-паліграфічны камбінат, у дворыку якога летась дэбютаваў фэст «Кардонка», камбінат хлебапрадуктаў. Шматпавярховыя жылыя дамы на ўзьбярэжнай Дзьвіны ў 70-я гады пабудавалі для рабочых «Вістана». У дом-музэй Марка Шагала турыстычныя аўтобусы едуць уздоўж будынкаў віннага заводу.

Ад вуліцы Кірава, што вядзе ад вакзалу ў гістарычны цэнтар, да арт-прасторы VZAP — 6-7 хвілінаў хады. Аднак гэтая частка гораду чамусьці лічыцца ўскраінай.

«Людзі сюды не даходзяць. Нам кажуць — куды вы забраліся? — кажа Інга. Але глядзіць у будучыню з аптымізмам. — Некалі гэта будзе цікавае месца з трафікам — людзкім і транспартным. І VZAP будзе ў яго цэнтры».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На месцы менскага дэпо пабудуюць дамы. А вось што зрабілі палякі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трубач над горадам: музыка прыдумаў для Віцебску новую традыцыю