Занядбаная сядзіба вядомага батаніка Ўладзімера Адамава ў вёсцы Вялікія Лётцы, што за 11 кілямэтраў на захад ад Віцебску, стала ўласнасьцю віцебскага прадпрымальніка і культурнага мэнэджэра Максіма Жукава. Ён плянуе праводзіць тут фэстывалі і канцэрты альтэрнатыўнай музыкі. Але пакуль найбольш часу адымае бюракратычная цяганіна, а не сама праца, каб адрадзіць гістарычны маёнтак.
Каханьне зь першага позірку
Максім Жукаў — індывідуальны прадпрымальнік. Шмат гадоў ён працаваў гукарэжысэрам, быў прадусарам груп «Катафалк», Goldprick, Nitkie, арт-дырэктарам першага віцебскага клюбу «Сава». Цяпер займаецца «агучкай» канцэртаў на розных пляцоўках і сам арганізоўвае выступы музыкаў у Віцебску. Ён гаспадар лофту Dietrich, дзе праводзяцца рок-канцэрты.
А зь нядаўняга часу — яшчэ й уладальнік сядзібнага дома ў вёсцы Вялікія Лётцы, якая калісьці належала знакамітаму батаніку Ўладзімеру Адамаву. Дзякуючы апошняму віцебскі прадпрымальнік і трапіў у Вялікія Лётцы. І зь першага позірку «закахаўся» ў гэтыя мясьціны.
«У 2017 годзе я трапіў на „Адамаўскі фэст“ — мерапрыемства, якое штогод праводзіць Міхаіл Дук, былы дырэктар зачыненай летась Вялікалятчанскай школы. Адна з экскурсій была прысьвечаная сядзібе батаніка Ўладзімера Адамава. І хоць я ўбачыў усяго толькі стары закінуты дом, мне вельмі спадабалася гэтае месца з гісторыяй. Праўда, тады ж я даведаўся, што ў дома ўжо ёсьць уласьнік. Але нешта падказвала: за лёсам гэтай сядзібы варта сачыць», — кажа Максім Жукаў.
Неўзабаве ён даведаўся, што гаспадар гатовы адмовіцца ад маёмасьці. У вёсцы кажуць, што сядзібны дом калісьці набывалі, спадзеючыся знайсьці схаваныя скарбы. Нічога не знайшлі, хоць сьцены дзе-нідзе і паразьбіралі.
Стаць «панам» аказалася няпроста
Першую заяву ў Віцебскі райвыканкам, якая тычылася сядзібы, Максім Жукаў падаў больш за год таму. Далей былі доўгія месяцы бюракратычнай цяганіны, кажа прадпрымальнік.
«8 месяцаў я хадзіў у райвыканкам, як на працу: зьбіраў то чыноўнікаў разам, то паперы ад іх, каб аформіць уласнасьць на будынак. Яго перадавалі то адной структуры, то другой, пакуль урэшце не аддалі мне. Цяпер я нібыта ўласьнік, але і не зусім: мне далі тры гады на тое, каб выканаць умовы, прапісаныя ў інвэстпраекце. Калі я гэтага не зраблю, то ня толькі адбяруць будынак, але яшчэ й аштрафуюць!»
Вялікі сядзібны дом, першы паверх якога мураваны, а другі — драўляны, вымагае капітальнага рамонту. Але да таго яшчэ далёка. Па ўмовах інвэстпраекту трэба толькі зрабіць бягучы рамонт унутраных памяшканьняў, даху, вакон, дзьвярэй, правесьці камунікацыі і ачысьціць прылеглую тэрыторыю. Апошнія два пункты вельмі турбуюць Максіма Жукава.
«Аформілі паперы на тое, каб зрабіць электрычнасьць, водазабесьпячэньне і каналізацыю. Але месцамі ўмовы непрымальная: прыкладам, „Водаканал“ хоча, каб я адрамантаваў палову водаправодных сетак у Вялікіх Лётцах. Калі аспрэчыць гэта ня ўдасца, давядзецца зноўку пісаць у пракуратуру. Атрымліваецца нейкі бясконцы клубок: кожны чыноўнік хоча ці перастрахавацца, ці нечага сабе ўрваць», — кажа новы ўладальнік.
Прасіў усю тэрыторыю маёнтка — не аддалі
Былая сядзіба Адамава — гэта цэлы ляндшафтны комплекс, тут было некалькі сажалак і сходы да возера. Паводле афіцыйных зьвестак, жылы дом зьявіўся тут у 19-м стагодзьдзі. Хоць архітэктурныя асаблівасьці скляпеньняў дазваляюць меркаваць і пра даўнейшы век пабудоваў. Іх трывалыя цагляныя сьцены маглі зьявіцца і ў 17-м стагодзьдзі, лічыць археоляг Яўген Калбовіч.
Звонку дом выглядае як адно цэлае, але знутры відаць, што ён мае дзьве часткі — старэйшую, са стольлю-зводамі, і навейшую, з прастакутнай стольлю. Вучоны-батанік Уладзімер Адамаў пасяліўся тут у канцы 19 стагодзьдзя, парабіў тэрасы на беразе возера, заснаваў батанічны сад з аранжарэямі, вырасьціў сотні гатункаў бэзу і іншых дэкаратыўных расьлін.
Саджанцы яму прывозілі на замову з Аўстрыі, Францыі, Польшчы. Аднак у 1920-я гады навуковец мусіў пакінуць сядзібу. Значную частку калекцыі рэдкіх расьлін перавезьлі ў Віцебскі батанічны сад, шмат што было страчана ў гады Другой усясьветнай вайны. Але спадчына знакамітага вучонага ў Вялікіх Лётцах захавалася і дагэтуль — прыкладам, рэдкі вугорскі бэз, які расьце каля сядзібы.
Цяперашняму ўладальніку Жукаву аддалі толькі сядзібны дом ды частку тэрыторыі перад будынкам і за ім. Спуск да возера — гэта землі сельсавету, там поўна сьмецьця, і змусіць улады заняцца добраўпарадкаваньнем было нялёгка. Жукаў дамогся, каб зрабілі «суботнік». Сельсавет паслаў туды работнікаў аддзелу адукацыі, зь Віцебску прыехалі некалькі валянтэраў.
Гаспадар запрашае «пераначаваць з прывідамі». Але праз тры гады
Па выходных Максім Жукаў прыяжджае ў свой «маёнтак» разам з сынам — рабіць парадак і дасьледаваць дом. Даўнейшыя гаспадары ператварылі яго ў склад старой мэблі ды звалку непатрэбных рэчаў. Як толькі Жукавы пачалі разьбіраць завалы, на сьценах другога паверха адкрыўся «накат» — трафарэтныя малюнкі, якія наносілі на тынкоўку, каб аздабляць інтэр’еры. З-пад шматлікіх слаёў фарбы праступіў і першапачатковы колер будынка — ультрамарын. Максім Жукаў плянуе вярнуць сядзібнаму дом колішняе аблічча. Але да перафарбоўкі яшчэ далёка, кажа гаспадар.
«Хацелася б да 2020–21 гадоў прывесьці ў парадак некалькі пакояў і зрабіць тут міні-гатэль на летні час. Для тых, хто захоча адпачыць у гістарычным будынку. Я разумею: побач санаторый „Лётцы“, і такога камфорту, як там, мы забясьпечыць ня зможам. Але эксклюзіўны досьвед — калі ласка! Стары дом, скляпеньне... Можа, нейкі прывід у госьці завітае...»
У траўні на сядзібе заплянавана першая імпрэза — зьлёт фатографаў. Да таго часу было б няблага хаця б правесьці электрычнасьць. У чэрвені сядзіба прыме чарговы, ужо пяты «Адамаўскі фэст». Адпаведна, трэба як найхутчэй вырашаць пытаньні з водаправодам і каналізацыяй. На чарзе — зьбіраньне сцэны ў двары, матэрыялы для якой Максім ужо набыў. Бо адна з галоўных мэтаў — ператварыць сядзібу ў культурніцкі цэнтар, каб ладзіць тут імпрэзы на ўзор фэсту «Справа», што праходзіць у Белай Царкве.
Ахвотным прапануюць набыць ровар ці човен
Для збору сродкаў на аднаўленьне сядзібы Адамава абвешчаны краўдфандынг. Заяўленая сума — 3300 беларускіх рублёў. На гэтыя грошы Максім Жукаў мяркуе правесьці камунікацыі.
Зрэшты, уладальнік панскага дому разьлічвае перадусім не на чужую дапамогу, а на ўласныя сілы і сродкі. Бо мае мэту — адрадзіць частку гісторыі Віцебшчыны і надаць ёй новае жыцьцё.
Прыхільнікаў гэтай ідэі нямала, і перадусім гэта мясцовыя жыхары, насельнікі Вялікіх Лётцаў. Яны гатовыя дапамагаць новаму гаспадару. Бо ў вёсцы зачынілі школу, дзіцячы дом, пошту, клюб, — і шматлюднае некалі мястэчка гібее. Апошняя надзея ў вяскоўцаў— на славу Ўладзімера Адамава ды на імпэт Максіма Жукава.