У чацьвер пачаліся грамадзкія слуханьні аб праекце забудовы былога тралейбуснага дэпо №1 у цэнтры Менску. На яго месцы плянуюць пабудаваць жылыя дамы. Іншым шляхам пайшлі ўлады польскага Ўроцлава. Яны зрабілі з былога дэпо месца адпачынку і адукацыі для гараджан і турыстаў.
На адным квадратным кілямэтры ў Менску жыве ажно 6,2 тысячы чалавек. Гэта больш, чым у Токіё, Бэрліне ці Пэкіне. У сталіцы Кітаю, напрыклад, шчыльнасьць насельніцтва – 4,1 тысячы на кв. км. Але замест таго, каб ствараць прастору адпачынку і адукацыі для і так перапоўненага гораду, цэнтар Менску надалей забудоўваюць жылымі дамамі.
У польскім Уроцлаве шчыльнасьць насельніцтва ўтрая меншая. Але былое аўтобуснае дэпо ўжо трэці год як адзін з найжывейшых пунктаў гораду. Там разьмясьціўся Цэнтар гісторыі «Zajezdnia» (Дэпо).
Зямлю пад дэпо ўлады маглі б прадаць за дзясяткі мільёнаў даляраў
Гістарычны будынак паўстаў у канцы XIX стагодзьдзя ў Брэсьляў. Так да канца вайны называўся сёньняшні Ўроцлаў. Тады ён быў часткай Нямеччыны. Пасьля ІІ Усясьветнай вайны горад апынуўся ў Польшчы як кампэнсацыя за страчаныя землі на ўсходзе, то бок за Заходнюю Беларусь і Ўкраіну.
Яшчэ 10 гадоў таму з дэпо выяжджалі аўтобусы. Аднак перад горадам паўстала пытаньне: што рабіць з аб’ектам, які рассыпаецца на вачах. Уроцлаў – адзін з самых багатых і прывабных польскіх гарадоў. Зямлю пад дэпо ўлады маглі б прадаць за дзясяткі мільёнаў даляраў. Але дэпо разам з пляцоўкай перадалі арганізацыі «Памяць і будучыня», якая займаецца гісторыяй Уроцлава.
- Гэта вельмі гістарычнае месца. Апрача таго што тут некалі было найстарэйшае дэпо на тэрыторыі Польшчы, тут у жніўні 1980 году нарадзілася ўроцлаўская «Салідарнасьць», калі мясцовыя рабочыя абвясьцілі страйк. Калі спыніўся транспарт, то ўвесь горад зразумеў, што мы пачалі развальваць камунізм – апавядае дырэктар цэнтру гісторыі «Zajezdnia» Марэк Мутар.
Калі дзевяць гадоў таму дэпо працавала апошнія дні, мясцовыя дзеячы «Салідарнасьці» сказалі, што ня могуць аддаць такое месца пад чарговыя жылыя будынкі. На іх думку, тут мусіла паўстаць нешта асаблівае, для ўсіх гараджан. Спачатку плянавалі музэй. Але пазьней было вырашана пабудаваць тут інклюзіўны цэнтар гісторыі, дзе кожны квадратны мэтар ня толькі б распавядаў пра гісторыю гораду, але і прымушаў наведніка самога перажыць гэтую гісторыю. На стварэньне цэнтру мясцовыя ўлады вылучылі свае сродкі і прыцягнулі спонсара – урад Нарвэгіі. Усё каштавала каля 9 млн даляраў.
Будынак і прылеглую тэрыторыю цалкам аднавілі. За гэтыя грошы была створаная і сталая выстава, якая расказвае пра гісторыю Ўроцлава ад заканчэньня вайны да сучаснасьці.
- Выстава і сама створаная як горад, – апавядае Юльюш Возьны, прэс-сакратар цэнтру. – Там ёсьць вуліцы, вакзал, крамы, бібліятэка, кіёск, лябірынт. Можна спусьціцца ў падвал, дзе паказаная гісторыя антыкамуністычнага падпольля. Мы – не клясычны музэй. Мы будавалі ўсё з ідэяй, каб да кожнага прадмету можна было дакрануцца. Тут няма супрацоўнікаў, якія сочаць, каб госьць, ня дай Божа, не дакрануўся да прадмета на выставе. Хочам, каб людзі, якія да нас прыходзяць, максымальна ўзаемадзейнічалі з гэтым месцам. Нават старыя нумары газэт наўмысна рабілі з адмысловага матэрыялу, каб школьнікі былі ня ў стане іх зьнішчыць. Мы ня хочам, каб гэта быў стэрыльны музэй.
Пачынаецца выстава з пустой кватэры польскага афіцэра. Яна паказвае драму тысячаў сем’яў на пачатку ІІ Усясьветнай вайны. Пасьля таго як афіцэраў арыштавала НКВД, ім дазволілі напісаць лісты сем’ям. Гэтыя лісты сваякі ніколі не атрымалі, але ў руках НКВД апынуліся іх адрасы. І яны выкарысталі іх, каб арыштаваць сем’і і вывезьці ў Сібір.
- Для нас галоўны не экспанат на выставе, а чалавек, які да нас прыходзіць. І мы хочам максымальна яго прыцягнуць да дыскусіі, роздуму, высноваў. Нас найбольш цікавіць, зь якімі эмоцыямі выйдзе з нашага цэнтру наведнік, – дадае дырэктар цэнтру Марэк Мутар.
У цэнтры не марнуецца аніводны квадратны мэтар. Кожны куток на выставе, элемэнт сцэнаграфіі, памяшканьне могуць выкарыстоўваць для сваіх аўтарскіх сустрэчаў, прэзэнтацыяў мясцовыя творцы і актывісты. Тут таксама праводзяцца спатканьні са сьведкамі гісторыі – вязьнямі Сібіру, удзельнікамі Варшаўскага паўстаньня, вэтэранамі «Салідарнасьці».
Людзі нам падказвалі, як усё павінна выглядаць
На маніторах можна пабачыць старую хроніку, у навушніках паслухаць аповеды сьведкаў гісторыі – арыгінальныя ўспаміны людзей, якія прыехалі ва Ўроцлаў пасьля вайны. Гэта пераважна перасяленцы з Заходняй Беларусі і Ўкраіны.
- У жыхароў Уроцлава доўгі час быў комплекс, што гэта ня іхны горад. Яны былі прыежджыя, і да 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя некаторыя нават не распакоўвалі сваіх торбаў, бо думалі, што сюды вернуцца немцы або што сам горад вернецца ў Нямеччыну. Але тут ужо вырасла некалькі пакаленьняў і людзі зразумелі, што гэта іхнае месца на зямлі.
Яшчэ перад адкрыцьцём цэнтру з жыхарамі гораду кансультаваліся, як мае выглядаць гэтае месца. Людзей заахвочвалі прыносіць сюды здымкі, прадметы, успаміны. Іх заўвагі былі ўлічаныя і пры стварэньні выставы.
- Мы вельмі хацелі, каб наш цэнтар быў інклюзіўны, каб гэта была гісторыя, якую распавядаюць самі людзі. Наша калекцыя вырасла неверагодна. Людзі нам падказвалі, што трэба дадаваць. Нават прасы прыносілі, старыя пральныя машыны. Мы іх маем хіба шэсьць штук. Нічога не бывае зашмат. Пральныя машынкі вісяць у нас пад стольлю. У іх няма музэйнай вартасьці, але ёсьць сэнтымэнтальны зарад. Мы пакідаем гледачу самому інтэрпрэтаваць тое, што ён бачыць. Хочам абудзіць рэфлексію. Каб чалавек вярнуўся дадому і яму захацелася пачытаць, падумаць. Але ёсьць рэчы бездыскуійныя. Мы адназначна нэгатыўна ацэньваем камунізм, змову камуністаў і нацыстаў, ваенны стан у Польшчы. Гэта мяжа, якую мы ніколі не перакрочым.
У цэнтры ёсьць і адмысловае выстаўнае памяшканьне, дзе кожны мясцовы творца можа арганізаваць сваю імпрэзу. Ідэі бываюць вельмі экзатычныя. Калі мы наведвалі цэнтар, то там акурат праходзіла выстава люлек. Дастаткова проста прыйсьці і паказаць прапанову.
- У нас ёсьць і дзьве вялікія залі. Адна называецца «Памяць», а другая «Будучыня». Іх можна злучаць у адну і атрымліваецца яшчэ большае памяшканьне. Там адбываюцца і тэатральныя пастаноўкі, і майстар-клясы, навуковыя канфэрэнцыі, канцэрты. Амаль штодня там нешта гудзе. – гаворыць Марэк Мутар. – Мы даем гэтыя памяшканьні грамадзкім арганізацыям, якія ладзяць там некамэрцыйныя падзеі. Умова адна – нельга нікога абражаць, нельга нічога нішчыць і псаваць. Калі згодны, то бяры і карыстайся.
Паводле дырэктара, такая практыка прынесла незвычайны посьпех. Дзякуючы грамадзкім арганізацыям у цэнтар прыйшлі людзі, якія на саму выставу наўрад ці выбраліся б.
Каштоўнасьць гэтага месца ў тым, што яно прапануе вельмі шмат і рознага
- Мы хочам, каб гэтае месца прыцягвала людзей. – далучаецца да размовы віцэ-дырэктар Войцех Кухарскі. – Ня толькі культурай, мастацтвам і гісторыяй. Нядаўна мы распачалі тут праект «Блышыны рынак». Раз у месяц на пляцоўцы перад цэнтрам зьбіраюцца дзясяткі прадаўцоў. Хочам, каб гэтае месца працавала ня толькі на нейкія высокія мэты, але каб было блізкае патрэбам людзей.
Штогод улетку цягам трох дзён тут праходзяць шматтысячныя канцэрты «Рок за Свабоду» з удзелам зорак. Унутры цэнтру ёсьць свой кінатэатар, а летам сэансы праходзяць у пленэры. Людзі ляжаць на пляцоўцы каля цэнтру і глядзяць фільмы на падушках і лежаках. Калі на пляцоўцы няма заплянаваных падзеяў, то яе аддаюць дзяцям, якія катаюцца на роліках.
З 300 тысяч чалавек, якія за два гады наведалі Цэнтар гісторыі «Zajezdnia», палова прыйшла не на выставу, а на іншыя праекты. А іх там было арганізавана больш за 180.
Апрача выставы і арганізацыі імпрэзаў, цэнтар праводзіць выязныя выставы. Адна зь іх называлася «Цягнік у гісторыю». Вагон з выставай, якая апавядала пра гісторыю заходніх земляў Польшчы, наведаў каля 20 мястэчак рэгіёну Ніжняй Сілезіі.
У цэнтры працуе дасьледчы аддзел, які займаецца навуковымі дасьледаваньнямі, выдае тры часопісы, кнігі і коміксы пра гісторыю Ўроцлава і Ніжняй Сілезіі. Неўзабаве ў цэнтры пачнуць апавядаць гісторыю і праз тэхналёгіі віртуальнай рэальнасьці.
- Мы хочам, каб нашыя наведнікі самі перажывалі тут гісторыю. Калі нешта ня ў шафе, не за шклом, то дакранайся, бяры ў руку, думай. Каштоўнасьць гэтага месца ў тым, што яно прапануе вельмі шмат і рознага. Ранкам можа быць сустрэча зь вязьнем лягеру, а вечарам – майстар-клясы па коміксах для дзяцей. І наш хітрык у тым, што мы выкарыстоўваем кожную актыўнасьць, каб данесьці наведнікам нашае пасланьне. А яно простае. Наш горад паяднаў палякаў і немцаў пасьля вайны. І гэтаму паяднаньню народаў і людзей вучыць нашая ўстанова, – кажа Кухарскі.