Працэс у справе аб двайным забойстве ў стаўпецкай школе пачнецца 19 жніўня ў Менскім абласным судзе. Пра гэта паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду Беларусі. Разгляд пройдзе ў закрытым рэжыме.
Вадзіма М. абвінавачваюць у злачынствах, прадугледжаных
- ч. 3 арт. 339 (хуліганства з выкарыстаньнем зброі),
- пп.1, 6, 13 ч. 2 арт.139 (забойства дзьвюх і больш асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскімі матывамі),
- ч.1 арт.14 (замах на злачынства) і
- пп.1, 6, 10, 13 ч. 2 арт. 139 (забойства дзьвюх і больш асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскімі матывамі і забойства асобы у сувязі з выкананьнем ёй службовых абавязкаў).
Разгляд справы будзе закрыты (паводле ч. 2 арт.23 УПК), бо М. не дасягнуў 16-гадовага ўзросту на момант злачынстваў, у якіх яго абвінавачваюць. Да таго ж у матэрыялах справы ёсьць зьвесткі пра стан ягонага здароўя, якія складаюць мэдыцынскую тайну (арт. 46 закону «Аб ахове здароўя»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двайное забойства ў Стоўпцах. ХРАНАЛЁГІЯ
Коратка пра справу
Раніцай 11 лютага адзін з вучняў стаўпецкай сярэдняй школы № 2, Вадзім М., 2003 году нараджэньня, напаў з нажом на настаўніцу і некалькіх вучняў. Настаўніца і адзін вучань загінулі на месцы, яшчэ двое вучняў трапілі ў шпіталь. Нападнік уцёк. Затрымалі хлопца празь некалькі гадзін ў пад’езьдзе аднаго са стаўпецкіх шматпавярховікаў. Пазьней высьветлілася, што акрамя нажа, нападнік быў узброены таксама малатком, а пацярпелых было больш.
Як праходзіла расьсьледаваньне
Справай ад пачатку займаўся цэнтральны апарат Сьледчага камітэту. Празь некалькі гадзін на месца здарэньня прыехаў старшыня СК Іван Наскевіч, які сустракаўся з вучнямі і настаўнікамі школы. Большасьць зь іх перасталі размаўляць з журналістамі, спасылаючыся на пажаданьні сьледчых.
У першыя дні пасьля здарэньня Вадзім М адмаўляўся даваць паказаньні і не ішоў на кантакт з супрацоўнікамі СК. Сьледчыя падрабязна вывучалі кампутар і тэлефон нападніка. Паведамлялася, што перад злачынствам ён выдаліў свае акаўнты ў сацсетках, а таксама зьнішчыў інфармацыю зь цьвёрдых дыскаў.
Вадзім М. пасьля затрыманьня быў накіраваны на экспэртызу ў «Навінкі», якая ня выявіла ў яго адхіленьняў псыхічнага стану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён добры хлопец, заўсёды вітаецца». Рэпартаж са Стоўпцаў, дзе падлетак забіў настаўніцу на ўроку гісторыіГалоўнае пытаньне
Адзін з самых таямнічых момантаў стаўпецкай трагедыі, які павінен высьветліць суд, — матывы злачынства. У першыя дні пасьля яго выстаўляліся вэрсіі пра канфлікт паміж Вадзімам М. і старшаклясьнікамі, а таксама перадузятае стаўленьне да яго з боку загінулай настаўніцы. У момант злачынства абвінавачаны не знаходзіўся ў стане алькагольнага альбо наркатычнага ап’яненьня.
Сьледчы камітэт паведамляе таксама, што Вадзім М. прызнаў сваю віну толькі часткова. Яго абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 139 (забойства дзьвюх асобаў з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх памкненьняў) і паводле 14-й часткі артыкулу 139 (спроба забойства з хуліганскіх памкненьняў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Магчыма, агрэсія ў яго назапашвалася», — псыхоляг пра матывы забойства ў стаўпецкай школеЗабойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.