Як у школах замацоўваюцца гендэрныя стэрэатыпы і нараджаецца сэксізм? Чаму дзяўчатак на ўроках працы вучаць гатаваць і шыць, а хлопчыкаў майстраваць і рамантаваць? Ці варта зрабіць навучаньне гендэрна нэўтральным? Абмяркоўваюць пісьменьніца Тамара Лісіцкая, пэдагог, намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы, рэдактарка сайту Nastaunik.info Тамара Мацкевіч, былая настаўніца Алена Шчарбінская і студэнтка Кацярына Яроміч.
Сьцісла:
- Тамара Мацкевіч: Пад выглядам інавацый у беларускую школу пранікаюць ідэолягі «русского мира», такія як афтальмоляг Уладзімір Базарны, які кажа дзецям, што гендэр — сусьветная змова.
- Тамара Лісіцкая: У школе атрымліваем сытуацыю, калі хлопчыкам і дзяўчаткам трэба прыняць наступную філязофію: яны павінны падпарадкавацца ўладарнай жанчыне.
- Алена Шчарбінская: Жорсткія патрабаваньні да настаўніц, каб абавязкова насілі сукенкі і спадніцы. Калі працавала ў школе, мне зрабілі «ціхую вымову» за джынсы.
- Кацярына Яроміч: У дзяцей складаецца ўражаньне, быццам прадметы, ды і навука ўвогуле, падзяляецца паводле гендэру: матэматыка, фізыка — для хлопцаў, мовы — для дзяўчат.
Слухаць дыскусію цалкам
Фрагмэнты абмеркаваньня
«Гендэрная роўнасьць на бессэнсоўнае марнаваньне часу на ўроках працы дасягнутая»
Ганна Соўсь: Шмат пакаленьняў прайшлі праз амаль ідэнтычныя праграмы працоўнага навучаньня ў школе. У часы маёй вучобы падчас курсу ВВК (УПК) хлопцы маглі атрымаць правы кіроўцы, што было зусім не даступна для дзяўчат. Зьмены пэрыядычна адбываюцца, раней «Пачатковая вайсковая падрыхтоўка» была для ўсіх, а цяпер для хлопцаў — дапрызыўная падрыхтоўка, а для дзяўчат — мэдычная. У любым разе застаюцца жорстка замацаваныя гендэрныя ролі. Ці гэта актуальна ў ХХІ стагодзьдзі?
Тамара Мацкевіч: Хачу акрэсьліць тры асноўныя праблемы ў сыстэме адукацыі:
- Загадам міністэрства летась дадалося УПК у старэйшую школу. У сьпісе прафэсій кіроўцы ўжо няма, а ёсьць дэманстратар адзеньня, даяр, апэратар ЭВМ ды іншыя. Кіроўца — адна з самых масавых прафэсій, яна была б сапраўды карысная дзецям. А апэратар ЭВМ — такой прафэсіі зусім няма. У музэі стаіць старая машына «Мінск-32» на тры паверхі з магутнасьцю добрага калькулятара, а каля яго сядзіць апэратарка ЭВМ і выбівае дзірачкі ў пэрфакартах. Такім чынам гендэрная роўнасьць на бессэнсоўнае марнаваньне часу на ўроках працы дасягнутая. У параўнаньні з савецкай школай пытаньні гендэрнай роўнасьці вельмі важныя, але, на жаль, яны адыходзяць на другі плян. Калі няма правоў, то іх няма ні ў кога — ні ў жанчын, ні ў мужчын, ні ў інвалідаў, ні ў самотных маці, нават у бацькоў на выхаваньне сваіх дзяцей. Найперш патрэбна права выбару. Хаця б у бацькоў было права выбару школьнай рады, якая вырашыць, чаму вучыць, а чаму не вучыць дзяцей.
- У школу атрымалі доступ рэлігійныя дзеячы, якія не абмежаваныя праграмамі, іх ніхто не кантралюе. Яны могуць рэтрансьляваць, мякка кажучы, несучасныя, ненавуковыя погляды на гендэрныя пытаньні ды іншыя пытаньні і зьявы.
- Пад выглядам інавацый у сучасную беларускую школу «пранікаюць» розныя ідэолягі, у тым ліку ідэолягі «русского мира». Напрыклад, афтальмоляг Уладзімір Базарны адкрыта ў школах дзецям прапагандуе, што гендэр — гэта сусьветная змова, што хлопец — будучы воін, а дзяўчынка — яго нявеста і маці. Ён нясе ахінею, што ад пісаньня шарыкавай асадкай косьці становяцца вадкімі, а джынсы насіць нельга, бо яны ад слова джын (чараўнік), і гэтая тканіна перашкаджае дзяўчынцы ў будучыні быць прыгожай і нараджаць воінаў. У ягоным разуменьні прыгажосьць — гэта шырокія клубы. Калі наша Міністэрства адукацыі зацьвярджае інавацыйныя (я не магу так сказаць, але яны так называюцца ў міністэрскіх дакумэнтах) пляцоўкі гэтага, так бы мовіць, навукоўца і ягоных тэхналёгій, зьбірае настаўнікаў на яго платныя сэмінары, то я ня ведаю, калі мы дажывём да таго разуменьня гендэрнага навучаньня і гендэрных роляў, якія патрэбны маладому пакаленьню для жыцьця ў інфармацыйным грамадзтве.
Лекцыя Ўладзіміра Базарнага ў менскай школе
«Няшчасны мужчына, які залежыць ад нявыкручанай лямпачкі і непрышытага гузіка»
Ганна Соўсь: Тамара Лісіцкая, некалі вы напісалі бліскучае эсэ пра тое, што зрабілі б у якой-небудзь ідэальнай школе ўрокі працы сумеснымі, і ў агульным курсе было б прышываньне гузікаў, просты рамонт штаноў, гатаваньне рознай ежы першага ўзроўню складанасьці, дагляд посуду і кухні, замена лямпачак, просты рамонт мэблі, сумеснае будаўніцтва шпакоўняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тамара Лісіцкая пра маньнік, шыцьцё трусоў, жаночую прыбіральню і сумесныя ўрокі для М і ЖЧаму вы лічыце састарэлай цяперашні фармат працоўнага навучаньня?
Тамара Лісіцкая: Я не пісала спэцыяльнае гендэрнае дасьледаваньне. Гэта было выпадковае адкрыцьцё, калі я не змагла вывернуць перагарэлую лямпачку. Я раптам сутыкнулася з праблемай, што абсалютна простая рэч робіць мяне залежнай, бо неабходны ўдзел у гэтым працэсе яшчэ кагосьці. Чаму я не магу зрабіць гэта сама, пры тым што магу традыцыйную мужчынскую задачу вырашыць — знайсьці ўмоўнага маманта, ня самага вялікага, забіць яго, прынесьці дадому, апрацаваць, разьдзелаць.
Гэта мой пэўны досьвед, і ён мужчынска-жаночы. Але базавая канструкцыя канфліктуе з гэтым маім досьведам дарослага жыцьця. Я пачала супастаўляць, чаму вучылі і што спатрэбілася. Мы ведаем, як у сёньняшнім сьвеце гендэрныя ролі разьмеркаваліся, усё зьмянілася, і цяпер мужчыне і жанчыне даводзіцца выконваць функцыі свайго гендэрнага апанэнта. І няшчасны той мужчына, які залежыць ад нявыкручанай лямпачкі і непрышытага гузіка, бо яго не навучылі гэтаму. Калі шырокім мазком, то ёсьць пэўны канфлікт паміж сёньняшнім часам і тымі патрыярхальнымі ўстаноўкамі, на якія настроеная сыстэма школьнай і пазашкольнай адукацыі хлопчыкаў і дзяўчынак.
«Выхавацелькі кажуць дзецям: "Ты ж дзяўчынка, саступі", "Ты ж хлопчык, ня плач"»
Ганна Соўсь: Алена, вы — маці трох дзетак. Калісьці вы казалі, што сэксізм пачынаецца зь дзіцячага садку і замацоўваецца ў школе.
Алена Шчарбінская: Сапраўды, вялікая праблема існуе ў дзіцячых садках. Гэта банальна і ўсе пра гэта ведаюць. Гэта і гульні, у якіх падзеленыя ролі дзяўчынак і хлопчыкаў, і розныя фразы, якія выхавацелькі кажуць дзецям: «Ты ж дзяўчынка, саступі», «Ты ж хлопчык, ня плач». У садках, куды хадзілі мае дзеці, вялікая ўвага надавалася адзеньню. Дзяўчынкі павінны быць у сукеначках, на сьвяты былі патрэбная пышныя і прыгожыя сукенкі. Усё пачынаецца менавіта адсюль, і калі дзеці ў школу прыходзяць, гендэрныя ролі ўжо падзеленыя, яны абсалютна нармальна ставяцца да разьдзельных урокаў працы, нічога дрэннага ня бачаць, калі падзяляюць на фізкультуры каманды на хлопчыкаў і дзяўчынак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ружовая кашулька зробіць з хлопчыка гея? Дыскусія пра гендэрна нэўтральнае выхаваньнеТыя ж жорсткія патрабаваньні і да настаўніц, каб абавязкова насілі сукенкі, спадніцы. Калі я працавала ў школе, мне зрабілі «ціхую вымову» за тое, што я прыйшла ў джынсах, бо трэба было, каб настаўніца была прыгожай жанчынай у сукенцы ці спадніцы. Увага надавалася ня толькі таму, як выглядаюць настаўнікі, але і дзеці. Майкі з надпісамі забараняліся. Дзеці ня мелі свабоды апранацца. Канешне, патрэбныя нейкія рамкі, але не настолькі, як гэта распаўсюджана цяпер у школах.
«Нараджаецца і квітнее сэксізм менавіта праз настаўнікаў»
Ганна Соўсь: Кацярына, гендэрныя стрэрэатыпы ў школе існуюць ня толькі на ўроках працы. Гэта і сытуацыя, калі на апошнім званку выпускнік-хлопец абавязкова нясе дзяўчынку-перашклясьніцу. З чаго яшчэ ў школе нараджаецца сэксізм?
Кацярына Яроміч: Нараджаецца і квітнее сэксізм менавіта праз настаўнікаў. У большасьці выпадкаў ня мужчыны, а менавіта жанчыны абыякава ставяцца да праблемы гендэрнай няроўнасьці ці ўвогуле яе адмаўляюць. Ня дзіўна, што такі погляд перадаецца да дзяцей. Ніколі не забуду выпадак з уроку працы. Была ў нас дзяўчынка, якая заўсёды гуляла з хлопцамі ў футбол, цікавілася машынамі і відэагульнямі і абуралася на ўроках працы, што ёй не падабаюцца «дзявочыя» справы. Аднойчы яна заявіла, што ёй у жыцьці не спатрэбіцца ведаць, як прышываць гузікі. І дзяўчыны, і настаўніца абурыліся: «Бедны твой будучы муж!», «Што ты будзеш рабіць, калі ён папросіць прышыць гэты гузік?» Яна адказала, што гэта зробіць іх хатняя прыслужніца, пакуль яна будзе займацца справамі, якія ёй даспадобы.
«Пэдагагічны склад — гэта пераважна мама, бабуля і настаўніца»
Ганна Соўсь: Настаўнік фізкультуры, «фізык», «працавік» для хлопчыкаў — амаль заўсёды мужчыны. Астатнія прадметы пераважна выкладаюць жанчыны. Як уплывае на сьветапогляд дзяцей такое разьмеркаваньне гендэрных роляў, якое яны бачаць на працягу 11 гадоў?
Тамара Лісіцкая: Мне атрымліваем сытуацыю, калі хлопчыкам і дзяўчынкам трэба прыняць наступную філязофію: яны павінны падпарадкавацца ўладарнай жанчыне. Калі зь дзяўчынкамі ўсё больш менш у гэтай патрыярхальнай традыцыі зразумела, то з хлопчыкамі мы атрымліваем наступны канфлікт. Ён падпарадкоўваецца. Цяпер хлопчыкі — гэта пакаленьне X, а хутчэй суровае, мяцежнае, маўклівае пакаленьне 1990-х, пакаленьне адзіночак, бо ў вялікай колькасьці сям’яў толькі маці выхоўваюць дзіця. Хлопец атрымлівае такую ўладарную адзінокую сямейную ячэйку і яму трэба сумясьціць гэта з адвечнымі стэрэатыпамі, што мужчына — моцны, павінен прыняць рашэньне, быць валявым, быць мужчынам. І далей праблема.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У менскай школе запісалі аўдыё, як настаўніца патрабуе грошы на падпіску. ВІДЭАЁн спрабуе гэта сбалянсаваць у сваім будучым жыцьці і пачынаецца вялікая бяда. Хлопчык пачынае супраціўляцца, хуліганіць, буяніць і даказваць сваю самцовасьць яшчэ ў школе. І што робіць уладарная жанчына? Натуральна, гасіць гэта. І мы атрымліваем пагашаную праблему і ў як вынік — бунт супраць жанчыны. Пэдагагічны склад — гэта пераважна мама, бабуля і настаўніца. Давайце думаць, як з гэтым быць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як абараніцца ад школьніка з нажом. Забойства ў Стоўпцах вачыма настаўніцы, псыхоляга і пісьменьніцы«Маладое пакаленьне фармуецца са стэрэатыпам, што настаўніцтва — жаночая прафэсія»
Тамара Мацкевіч: Маладое пакаленьне фармуецца ў скажонай прасторы, у якой перакос ідзе ў бок жанчыны. Маладое пакаленьне фармуецца са стэрэатыпам, што настаўніцтва — жаночая прафэсія, што жанчыне можна менш плаціць. З гэтых дзяцей вырастае будучае грамадзтва, у якім лічаць, што самае важная прафэсія для фармаваньня будучыні пэдагог павінна быць малааплатнай, а значыць туды ідуць адпаведныя спэцыялісты, і грамадзтва мае ня самых кампэтэнтных людзей для фармаваньня будучыні. Нашыя дзеці сядзяць 11 гадоў, сфармаваныя па клясах і школах без улікаў здольнасьцяў, пэрспэктываў і жаданьняў, і вядома, гендэрных роляў. Яны вымушаныя насіць форму, аддаваць салют, вытрымліваць ідэалягічную накачку. Без крытычнага стаўленьня, без глябальных зьменаў і сапраўднай рэформы адукацыі мы нічога ня зробім.
«Я паступіла на настаўніцу, бо мне казалі ў школе і дома, што гэта добрая праца для жанчыны»
Алена Шчарбінская: Са школаў выпускаюцца людзі, якія лічаць, што настаўніца — жаночая прафэсія, што жанчыны ня могуць быць пажарнымі, працаваць у нейкіх цяжкіх і небясьпечных прафэсіях. Такім чынам, гэта і мой асабісты досьвед, выпускнікі школ могуць выбіраць прафэсіі не па сваіх пажаданьнях, а праз навязаныя стэрэатыпы. Я паступіла на настаўніцу таму, што мне заўжды казалі ў школе і дома, што гэта добрая праца для жанчыны, але ніхто не запытаў, чаго хацела я. Зараз сытуацыя трохі мяняецца. Моладзь становіцца больш свабаднейшай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму выбары ў Беларусі фальсыфікуюць жанчыны«Краіна губляе патэнцыйных навукоўцаў і пэдагогаў толькі праз гендэр»
Кацярына Яроміч: У дзяцей складаецца ўражаньне, быццам прадметы, ды і навука ўвогуле, падзяляецца па гендэру: матэматыка, фізыка — для хлопцаў, мовы — для дзяўчат. Так у нашай школе пры выбары профільнага клясу хлопцы адмаўляліся ісьці ў гуманітарныя клясы, нават калі ім падабаліся гэтыя прадметы, замест ішлі ў хіміка-біялагічны або эканамічны, як бы нэўтральныя клясы. А дзяўчаты лічылі сабе ня здольнымі ісьці ў фізыка-матэматычны кляс, баяліся, што не асіляць прадмет разам з хлопцамі. У выніку краіна губляе патэнцыйных навукоўцаў і пэдагогаў толькі праз гендэр.
«Навязваюцца стэрэатыпы расейскай літаратуры з несучасным зьместам і без крытычнага асэнсаваньня»
Ганна Соўсь: Ці варта зрабіць навучаньне гендэрна нэўтральным? Як можа паўплываць на сытуацыю курс «семʼязнаўства», які плянуюць увесьці ў школах?
Тамара Мацкевіч: У 6 клясе ў школьнай праграме вывучаюць Тургенева, як напісана, вялікага гуманіста. Калі я прачытала «Запіскі паляўнічага», убачыла, што ў гэтага Тургенева, вялікага гуманіста, у жанчын няма імёнаў. У памешчыкаў і сялянаў імёны ёсьць, а ўсе жанчыны называюцца словам «баба». (Размова не ідзе пра ўсе творы Тургенева — РС) І гэта падаецца дзецям без крытычнага асэнсаваньня, без гістарычнага і філязофскага абгрунтаваньня. Школа па зьмесьце павінна быць нацыянальнай. Я ня думаю, што беларускі альбо другі іншы эўрапейскі народ мелі такое стаўленьне да жанчыны нават у тыя часы, калі Тургенеў-гуманіст пісаў гэтыя апавяданьні. Я ўжо не кажу пра Наташу Растову, мілы ідэал. Так навязваюцца стэрэатыпы расейскай літаратуры з несучасным зьместам, без крытычнага асэнсаваньня і сучаснай трактоўкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бязь «Мёртвых душаў» і «Ціхага Дону». Што выкінуць з школьнай праграмыРэформа — гэта найперш дэцэнтралізацыя — у кіраваньні адукацыяй, у фінансаваньні, у мэтодыках і ў зьмесьце. Сапраўдная рэформа — усталяваньне мэханізму ўплыву на адукацыю ўсіх зацікаўленых, бацькоў, працадаўцаў, мясцовага самакіраваньня і самых навучэнцаў, каб яны самі маглі вызначаць чаму і як вучыць. Калі такія правы будуць у грамадзтва, а не ў дзяржавы, тады можна будзе вызначыць усе пытаньні, у тым ліку і гендэрныя. Паверце, нашы жанчыны свайго не ўпусьцяць, беларускія жанчыны дакладна, і мужчынаў таксама не дадуць пакрыўдзіць.
«Хлопчыкам і дзяўчынкам трэба разам прышываць гузікі і ўдзельнічаць у матэматычных алімпіядах»
Тамара Лісіцкая: Немагчыма нешта мяняць лякальна ў тэме сямейнай і школьнай адукацыі, гэта агульная гендэрная атмасфэра. Павінна прайсьці шмат часу, каб зьмянілася агульная патрыярхальная сытуацыя. Школа павінна адпавядаць сучасным ведам, разуменьню высокіх тэхналёгій, уменьню не зубрыць, а знаходзіць, не маўчаць, а адказваць. Што да гендэрнага пытаньня, то гэта ўнівэрсальная адукацыя. Найперш хлопчыкаў і дзяўчынак трэба вызначыць як таленавітых мастакоў, матэматыкаў, музыкаў ці спартоўцаў, і далей разьвіваць іх якасьці. У цэлым гэта сумеснае навучаньне, каб хлопчыкі і дзяўчынкі найперш вучыліся партнэрству на любых узроўнях адукацыйнай сыстэмы і бачылі магчымасьці для дзяўчынак быць актыўнымі, пасьпяховымі, а для хлопчыкаў — паплакаць, паспачуваць. Гэта тое, што ў будучыні дапаможа ім зарыентавацца і не ламаць сябе.
Сыстэма жыцьця і заўтра памяняецца, але дакладна будзе патрэбная гнуткасьць, узаемаразуменьне і ўзаемапавага. Для гэтага трэба разам хлопчыкам і дзяўчынка прайсьці ўсе складанасьці ад прышываньня гузікаў да сумесных штурмаў на матэматычных алімпіядах.
Алена Шчарбінская: Не рэформа школы, а ўсеагульная рэформа павінна быць праведзеная, якая зьменіць наша патрыярхальнае грамадзтва. Я чытала дасьледаваньне пра гендэрна нэўтральныя садкі і школы ў Швэцыі. Пасьля навучаньня ў такіх садках і школах дзеці паказалі найлепшыя вынікі як па прадметам, так і ўвогуле ў жыцьці, яны былі больш пасьпяховымі, лепей ішлі на кантакт. У іх не было стэрэатыпаў, зь якімі яны выбіралі прафэсію. Гендэрна нэўтральнае выхаваньне і адукацыя — гэта тое, да чаго мы павінны імкнуцца.
«Усё дзеля таго, каб жанчыны як мага хутчэй нараджалі»
Кацярына Яроміч: Мяне абразіла прапанова ўвесьці курс «семʼязнаўства» у адказ на недастатковы прырост насельніцтва Беларусі — усё дзеля таго, каб жанчыны як мага хутчэй нараджалі. Я нічога ня маю супраць стварэньня сямʼі ў маладым узросьце, калі гэта ўсьвядомленае рашэньне. Але што рабіць маладым жанчынам, якія хочуць працаваць і дасягаць сваіх мараў. Чаму ў нашай краіне іх грэбліва называюць карʼерысткамі бы гэта нешта сарамлівае?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сем’язнаўства ці ўсё ж сэксуальная асьвета?Замест «семʼязнаўства» у школах лепей увесьці праграму, якая спрыяе раўнапраўю і забясьпечвае актуальнымі ведамі як дзяўчат, так і хлопцаў. Напрыклад, гатоўка, першая мэдычная дапамога (ня толькі, як прынята, для дзяўчат) і таксама нешта накшталт асноў псыхалёгіі (вырашэньне канфліктаў), тайм мэнэджмэнту, навыкі ўзаемадзеяньня ў групе і лідэрства — такія прадметы спрыяюць разьвіцьцю вучняў абодвух палоў.