Саранчукова ўзнагародзілі памятным знакам імя Івашкевіча за #БНР101

Вадзім Саранчукоў

Лідэр гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ, намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў узнагароджаны памятным знакам імя Віктара Івашкевіча (1959–2013).

Знак заснаваны Партыяй БНФ і ўручаецца штогод 27 ліпеня, у гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, за арганізацыю найбольш значных масавых акцый. Саранчукоў узнагароджаны за арганізацыю ў Горадні 23 сакавіка сьвяткаваньня 101-й гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні сьвяткуюць Дзень Волі. Онлайн Свабоды

«Я рады, што гэтая акцыя аб’яднала і гарадзенцаў, і менчукоў, прадстаўнікоў розных палітычных партый і грамадзкіх рухаў, — заявіў, уручаючы знак, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, словы якога прыводзіць партыйная прэс-служба. — Мне асабліва прыемна, што "маторам" гэтага руху стаў наш, фронтаўскі чалавек, які прадэманстраваў сапраўдныя лідэрскія якасьці, і здольнасьць да будаўніцтва мясцовых кааліцыяў», цытуе БелаПАН.

Уладальнік узнагароды вызначаны шосты раз. Год таму знакам быў узнагароджаны заснавальнік культурнай пляцоўкі «Арт Сядзіба» і крамы symbal.by Павал Белавус, да гэтага — вэтэранка нацыянальнага руху Ніна Багінская, лідэр грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва» Алег Корбан, кінарэжысёрка і грамадзкая дзяячка Вольга Нікалайчык і палітык і грамадзкі дзеяч Зьміцер Дашкевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памятны знак імя Івашкевіча за #БНР100 атрымаў Павал Белавус

Памятны знак быў заснаваны Партыяй БНФ у студзені 2014 году ў памяць пра вядомага апазыцыйнага палітыка Віктара Івашкевіча, які памёр на 55-м годзе жыцьця ў кастрычніку 2013 году пасьля цяжкай і працяглай хваробы. Ім узнагароджваюць асобаў, групы асоб ці арганізацыі, якія былі ініцыятарамі або арганізатарамі найбольш значных масавых акцый, у тым ліку мітынгаў, дэманстрацый, пікетаў, шэсьцяў, аўта- або велапрабегаў.