У Горадні 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці БНР у Калоскім парку сьвяткавалі звыш паўтысячы чалавек. Вынікі імпрэзы ў інтэрвію Свабодзе падвёў адзін з арганізатараў, старшыня Горадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў.
Паводле Вадзіма Саранчукова, сьвята ў Горадні з нагоды 100-й гадавіны незалежнасьці БНР было арганізавана людзьмі на народныя грошы, усё сьвята ад пачатку і да канца рабілі сябры грамадзкіх арганізацый, палітычных партый, валянтэры.
Вадзім Саранчукоў падвёў галоўны вынік учорашняга сьвяткаваньня: «Мы здолелі зрабіць народнае сьвята!».
Арганізатары ў Горадні здолелі сабраць неабходную суму грошай, зрабілі канцэртную праграму. Людзі былі задаволеныя, бо разам і сьпявалі, і танчылі, кажа Саранчукоў. Быў гандаль сувэнірамі, падрыхтавалі гульні для дзетак, бо многія прыйшлі на сьвята сем’ямі з малымі дзецьмі. Валянтэры раздавалі бел-чырвона-белыя сьцягі, тэксты гімнаў, інфармацыю пра БНР.
Паводле Саранчукова, столькі бел-чырвона-белых сьцягоў у Горадні ў адным месцы ўжо ніхто ня памятае.
«У людзей быў вясёлы сьвяточны настрой і ўсе імкнуліся адно аднаму гэты настрой падтрымаць. У грамадзе адчувалася салідарнасьць, супольнасьць таго, што сабраліся разам», — кажа Саранчукоў, — адчувалася, што мы сапраўды другая сталіца БНР. І яшчэ адна выснова: учора мы паказалі ўсім, як шмат беларусы могуць зрабіць, калі ім не перашкаджаюць улады", — падсумаваў Вадзім Саранчукоў.