Узнагарода заснаваная партыяй БНФ у памяць пра Віктара Івашкевіча — палітыка, арганізатара і заяўніка дэманстрацый і шэсьцяў, які пайшоў з жыцьця ў 2013 годзе.
Галоўнымі крытэрамі для адзначэньня зьяўляецца актуальнасьць тэмаў акцый і адпаведнасьць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам, крэатыўнасьць і творчы падыход пры іх плянаваньні і правядзеньні, грамадзкі розгалас і масавасьць.
Вызначэньне ляўрэата адбываецца шляхам галасаваньня сяброў Сойму Партыі БНФ, уганараваньне адбываецца 27 ліпеня, у гадавіну абвяшчэньня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь.
Паводле арганізатараў, мінулы год палітычнае жыцьцё было насычаным вулічнай актыўнасьцю — ад маштабных акцый пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3 да неадэкватнага па сваёй жорсткасьці ўжываньня сілы падчас Дня Волі 25 сакавіка.
У сьпіс намінантаў увайшлі асобы, якія ачолілі найбуйнейшыя пратэсты ў рэгіёнах — Вадзім Саранчукоў у Горадні і Ігар Казьмерчак у Воршы.
На думку ініцыятараў, варты ўвагі збор подпісаў дзеля наданьня бела-чырвона-беламу сьцягу статусу нацыянальнай каштоўнасьці, арганізаваны моладзевымі актывістамі на чале са Зьмітром Дашкевічам.
Паводле арганізатараў, годную пазыцыю дэманструюць асобы, якія натхняюць сваім прыкладам іншых — «чалавек-сьцяг» Ніна Багінская, затрыманы падчас Дня Волі вэтэран-фронтавец Ян Грыб, удзельнік абароны Курапатаў Сяргей Пальчэўскі.
У мінулыя гады памятны знак імя Віктара Івашкевіча атрымалі лідар грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва» Алег Корбан, кінарэжысэрка Вольга Мікалайчык, лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч.