Падпісаны Лукашэнкам «закон аб адтэрміноўках» будзе мець нэгатыўныя наступствы для беларускага грамадзтва.
Сьцісла
- У гэтым пытаньні Лукашэнка не пайшоў насустрач грамадзкай думцы.
- «Закон аб адтэрміноўках» цалкам вынікае з палітычнай філязофіі існага беларускага рэжыму.
- У аўтарытарнай дзяржаве войска — гэта яшчэ і спосаб аўтарытарнай сацыялізацыі грамадзяніна, школа падпарадкаваньня.
- Закон прывядзе да вымываньня за мяжу найбольш таленавітай моладзі.
Аляксандар Лукашэнка падпісаў так званы «закон аб адтэрміноўках», які выклікаў вялікае абурэньне грамадзкасьці. Хоць былі пэўныя надзеі, што кіраўнік дзяржавы пойдзе насустрач грамадзкай думцы, унясе нейкія зьмены, каб улагодзіць незадаволенасьць людзей, асабліва маладых. Такія спадзяваньні грунтаваліся на тым, што апошнім часам (магчыма, у зьвязку зь дзьвюма выбарчымі кампаніямі) улады спрабуюць зьняць сацыяльнае напружаньне, дзе гэта магчыма. Вось выбачыліся перад цыганамі ў Магілёве, прыпынілі працу акумулятарнага заводу пад Берасьцем, зьмякчылі «наркатычныя» артыкулы Крымінальнага кодэксу. У рамках такога трэнду можна было спадзявацца, што і ў пытаньні прызыву ў войска ўлады ня будуць абвастраць сытуацыю. Але не. Лукашэнка падпісаў закон фактычна ў некранутым выглядзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для Міністэрства абароны грамадзяне — гэта «прызыўны рэсурс», — Паротнікаў«Закон аб адтэрміноўках» цалкам вынікае з палітычнай філязофіі існага беларускага рэжыму, якая палягае ў тым, што тут жывуць не грамадзяне, зь якімі трэба весьці дыялёг, улічваць іх думку, а падданыя дзяржавы. У іх няма правоў, а толькі абавязкі. З гледзішча такой лёгікі маладзёны, як трапна заўважыў Андрэй Паротнікаў, — проста «прызыўны рэсурс». Таму стаўка робіцца не на ўвядзеньне стымулаў для службы ў войску, а на прымус і пакараньне. Улады не пагаджаюцца нават на тое, каб пэрыяд выкананьня «абавязку і сьвяшчэннага доўгу» залічваўся ў пэнсійны стаж.
Адрынаньне грамадзянскага кантролю за войскам вядзе да таго, што яно нясе ў сабе шмат рысаў, перажыткаў Савецкай Арміі. Бяспраўны статус вайскоўцаў мае свае наступствы ў «дзедаўшчыне», суіцыдах прызыўнікоў, дзікіх выпадках, калі, прыкладам, хворага на рак хлопца прымусова забіраюць служыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ён памёр, то важыў 45 кіляграмаў пры росьце 184». Салдата камісавалі з войска з 4-й стадыяй ракуАкрамя дэмаграфічнага чыньніку, які не дазваляе рабіць нармальны набор у войска без дадатковых высілкаў, ёсьць яшчэ адна прычына, чаму Лукашэнка падпісаў гэты закон. Цяпер актуалізаваліся дыскусіі, якое войска патрэбнае Беларусі: па прызыве ці па кантракце? Ня буду цяпер увязвацца ў гэтую спрэчку, а толькі зьвярну ўвагу на адзін чыньнік.
Справа ў тым, што, акрамя задачы абароны краіны, войска выконвае яшчэ адну функцыю. Кіраўнік дзяржавы шмат разоў казаў, што ўсе маладыя мужчыны павіны паслужыць — маўляў, што гэта за хлопец, які ня быў у войску, ён нейкі непаўнавартасны.
Лёгіка Лукашэнкі зразумелая. Справа ў тым, што ў аўтарытарнай дзяржаве войска — гэта яшчэ і спосаб аўтарытарнай сацыялізацыі грамадзяніна, школа падпарадкаваньня. А ў спалучэньні зь «дзедаўшчынай» — гэта мэханізм гвалту над чалавечай асобай, выпрабаваньне прыніжэньнем. І якраз гэтым яна выгадная існаму рэжыму. Бо чалавек, які прайшоў выпрабаваньне прыніжэньнем, зломлены, будзе пасьля войска, у цывільным жыцьці баяцца начальніка, які заўсёды мае рацыю, будзе асьцерагацца пратэставаць супраць існых парадкаў, будзе кіравацца прынцыпам, што пугай абуха не перабʼеш. З прыніжанага чалавека можна віць вяроўкі. Таму аўтарытарны рэжым несумяшчальны з войскам па найме, яму патрэбны ўсеагульны прызыў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Коржыч тры гадзіны гутарыла зь міністрам абароны Андрэем Раўковым. Пра што яны гаварыліСтаршыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк, абмяркоўваючы згаданы закон, заявіў: «Асаблівым форсам стала „адкасіць“». Калі сапраўды так, то гэта азначае правал усёй працы па патрыятычным выхаваньні моладзі, увогуле ўсёй ідэалягічнай сыстэмы ў дзяржаве, з БРСМ і іншымі структурамі. Магчыма, краіна пажынае плады той дзяржаўнай палітыкі, якая адмаўляе фармаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці на аснове этнакультурных каштоўнасьцяў.
Цяжка сказаць, наколькі гэты закон узмоцніць беларускае войска. Адным зь ягоных наступстваў стане тое, што на службу будуць браць хворых, каб выканаць пляны, якія разьмяркоўваюцца па ўсіх раёнах. Скандальны выпадак з прызывам хворага на рак Міхала Рыштоўскага з Горадзеншчыны, пра які цяпер пішуць мэдыі, вельмі адметны. Баюся, што цяпер такіх прыкладаў будзе нямала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што дрэннага, калі салдат у нядзелю будзе езьдзіць «да мамкі па піражкі»Але відавочна, што гэты закон будзе мець нэгатыўныя наступствы ў іншых сфэрах. Гэта ўдар па сыстэме адукацыі, ламаньне ўсіх плянаў навучаньня. Пэўныя страты панясуць некаторыя эканамічныя галіны, найперш ІТ. І галоўнае — ён прывядзе да вымываньня за мяжу найбольш таленавітай моладзі.
Варта заўважыць, што ўвогуле гэта ня толькі беларуская праблема. Вось у Літве за першыя шэсьць месяцаў 2019 году ўхіліліся ад праходжаньня тэрміновай службы ў войску каля 7 тысяч прызыўнікоў. Справа ў тым, што на каштоўнасным узроўні пастулят аб прыярытэце правоў чалавека перад правамі дзяржавы, які ў эўрапейскіх краінах — канстытуцыйная норма, супярэчыць заканадаўчаму патрабаваньню аб «сьвяшчэнным доўгу» служыць у войску. У заходніх краінах гэтая супярэчнасьць вырашаецца за кошт ільготаў і стымулаў грамадзянам, якія пайшлі служыць, лібэральных умоваў службы (кожны выходны вайскоўцаў адпускаюць дадому), грамадзянскага кантролю за войскам.
Але ў Беларусі праблему спрабуюць вырашыць традыцыйна. Ня толькі з прычыны беднасьці, празь якую дзяржава ня можа даць ільготаў, а і таму, што ў кіроўнай эліце дамінуюць старыя савецкія ўяўленьні аб грамадзтве і войску.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Палаты прадстаўнікоў: замест магістратуры ў войска трапяць прыкладна 700 чалавек«Закон аб адтэрміноўках». Што важна ведаць
24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьменах законаў па пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы» (так званы «закон аб адтэрміноўках»).
Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:
- адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
- тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу (паводле міністра абароны Раўкова, абмежаваньне на выезд будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву);
- у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
- тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
- замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць служыць у войску па кантракце і не плаціць тады за адмову ад разьмеркаваньня.
Тэкст закону афіцыйна апублікаваны 30 ліпеня, асноўныя нормы набудуць моц праз 10 дзён. Гэта значыць, што прызыў, які адбудзецца ў жніўні-лістападзе, пройдзе паводле новых правілаў, але падобна, што ў тых, хто сёлета ўжо атрымаў адтэрміноўку і паступіў, напрыклад ,у магістратуру, права на адтэрміноўку адбіраць ня будуць.