Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў: замест магістратуры ў войска трапяць прыкладна 700 чалавек


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта дэпутат Сяргей Бобрыкаў паведаміў на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай новым правілам прызыву ў армію.

Падзея адбылася ў прэс-цэнтры БелТА, яна была тэрмінова арганізаваная пасьля таго, як стала вядома пра падпісаньне новых правілаў кіраўніком краіны. Акрамя дэпутата Сяргея Бобрыкава, у ёй узялі ўдзел Андрэй Мурашоў, кансультант 1-га ўпраўленьня Галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўленьня, а таксама прадстаўнік Мінадукацыі, кіраўнік галоўнага ўпраўленьня прафэсійна-тэхнічнай адукацыі Сяргей Касьпяровіч.

«У магістратуру ідуць прыкладна 3 тысячы на бюджэт, — адзначыў дэпутат Бобрыкаў. —Палова — дзяўчаты. Палова юнакоў будзе ня годная да службы, застанецца каля 700 чалавек. Яны могуць служыць у рэзэрве і працягваць вучыцца паводле індывідуальнага пляну».

Прадстаўнік Мінабароны Андрэй Мурашоў расказаў, што новыя правілы могуць пачаць дзейнічаць ужо з 5 жніўня. Пры ўмове, што будуць апублікаваныя на Нацыянальным прававым партале ўжо сёньня, 25 ліпеня. Ад моманту публікацыі дакумэнту да ўступленьня ў сілу павінна прайсьці дзесяць дзён.

24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьменах законаў у пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы» (так званы «закон аб адтэрміноўках»).

Закон набудзе моц праз 10 дзён пасьля яго афіцыйнай публікацыі. Калі яго апублікуюць 25 ліпеня, то пад яго не падпадуць тыя, хто сёлета паступіў у ВНУ пасьля атрыманьня сярэдняй спэцыяльнай адукацыі або ў магістратуру пасьля ВНУ. Залічэньне на платнае аддзяленьне сёлета заканчваецца да 4 жніўня — да пачатку дзеяньня закону. Гэта значыць, што ў войска да канца вучобы такія студэнты і магістранты прызывацца ня будуць — адтэрміноўка на адукацыю будзе дзейнічаць паводле старога закону.

У Міністэрстве абароны 23 ліпеня казалі, што восеньская прызыўная кампанія пачнецца паводле старых правілаў.

Што ў законе?

Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:

  • адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
  • тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу;
  • у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
  • тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
  • замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць служыць у войску па кантракце і не плаціць тады за адмову ад разьмеркаваньня.

Міністар абароны Андрэй Раўкоў тлумачыў, што абмежаваньне на выезд за мяжу будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG