Беларускі музыка Сяргей Міхалок з гуртом «Ляпіс-98» выступіў у Кіеве на канцэрце ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты Арцёма Дубнова, які вылучаецца па адной з мажарытарных акругаў у Кіеве.
Канцэрт адбыўся 18 ліпеня ўвечары ў адным са спальных раёнаў Кіева. На яго прыйшлі каля трох тысяч гледачоў.
Арцём Дубноў — вядомы ва Ўкраіне лекар-стаматоляг, уласьнік стаматалягічнай клінікі. Ён спэцыялізуецца на складаных праблемах у стаматалёгіі — хірургіі сківіц і твару.
Адначасова, паводле журналісцкіх расьсьледаваньняў, Арцём Дубноў — сузаснавальнік адной са скандальных будаўнічых кампаній, якая зьвязаная з былым намесьнікам галоўнага архітэктара Кіева Андрэем Ваўрышам, уласьнікам кампаніі, якая будуе ў цэнтры Кіева.
Паводле журналістаў, Андрэй Ваўрыш сябруе з кіраўніком Офіса прэзыдэнта Андрэем Багданам і нават быў адным з аўтарам канцэпцыі пераносу і перайменаваньня Адміністрацыі прэзыдэнта. Згодна з журналісцкімі расьсьледаваньнямі, у часе прэзыдэнцтва Віктара Януковіча ён працаваў намесьнікам дырэктара дэпартамэнту горадабудаўніцтва Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэрнэтаўцы выбралі Сяргея Міхалка беларускім «Слугой народу»Міхалок ва Ўкраіне мае від на жыхарства
У траўні 2015 году былы лідэр беларускага гурту «Ляпіс Трубяцкі», а цяпер фронтмэн гурту «Brutto» Сяргей Міхалок і яго прадусар Антон Азізьбекян атрымалі від на сталае пражываньне ва Ўкраіне. Міграцыйная служба Ўкраіны ўхваліла такое рашэньне пасьля разгляду хадайніцтва віцэ-прэм’ер-міністра, міністра культуры Ўкраіны Вячаслава Кірыленка.
Паводле ўкраінскага боку, іміграцыя Сяргея Міхалка і ягонага прадусара Антона Азізьбекяна адпавядае інтарэсам Украіны, каб падтрымаць імідж Украіны як дзяржавы, у якой гарантаваныя магчымасьці для свабоднага выказваньня ўласных поглядаў і перакананьняў, у тым ліку праз творчую дзейнасьць. Таксама ўлады Ўкраіны ўлічылі ў гэтым рашэньні пазыцыю музыкаў у падтрымцы ўкраінскай Рэвалюцыі годнасьці і іхны ўклад у разьвіцьцё ўкраінскай музыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міхалок: «Украіна — гэта нараджэньне новай зоркі»Ці законны такі канцэрт?
Закон Украіны аб выбарах народных дэпутатаў наўпрост забараняе замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, «у тым ліку праз журналісцкую дзейнасьць альбо ў выглядзе ўдзелу ў канцэртах, спэктаклях, спартыўных спаборніцтвах, іншых грамадзкіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў падтрымку партыі, суб’екта выбарчага працэсу або кандыдата ў дэпутаты».
Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны можа адрэагаваць на гэтае парушэньне выбарчага заканадаўства толькі ў тым выпадку, калі атрымае пісьмовую скаргу на кандыдата ў дэпутаты, які залучыў у сваю агітацыйную кампанію замежных грамадзян. У выпадку пацьвярджэньня такога факту ЦВК можа вынесьці ўдзельніку выбарчай кампаніі папярэджаньне, але скасаваць яго рэгістрацыю ня мае права.
«З такімі фактамі трэба зьвяртацца да праваахоўных органаў, якія павінны іх праверыць і адрэагаваць належным чынам», — сказалі Свабодзе ў ЦВК Украіны.
На пачатку ліпеня ў Адэсе калектыў беларускіх музыкаў, зарэгістраваны на тэрыторыі Ўкраіны пад брэндам «Песьняры», выступіў адразу на двух агітацыйных канцэртах у падтрымку розных кандыдатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін беларускі добраахвотнік атрымаў грамадзянства Ўкраіны