Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы перасталі сьпяваць за сталом. Чаму гэта трагедыя


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Мудраму Плятону прыпісваюць натхнёнае выказваньне: «Музыка надае душу сусьвету, крылы — розуму, палёт — уяўленьню, жыцьцё — усяму існаму». Ці натхніла б самага значнага мысьляра ў гісторыі чалавецтва беларуская музыка? І што мы слухаем, калі мы слухаем беларускую музыку?

У «Зоне Свабоды» ўдзельнічаюць Данчык (Багдан Андрусышын), Аляксандра Дынько і Сяргей Дубавец.

«Выступ Зэны сапсавалі неталенавітыя і прагныя да грошай дарослыя»

Гурневіч: Праз пару гадзін у Тэль-Авіве адбудзецца фінал Эўравізіі, дзе выступіць і прадстаўніца Беларусі Зэна. Лічыцца праявай добрага тону ігнараваць Эўравізію, якая нібыта з музыкай не мае нічога супольнага. Данчык, ці глядзелі вы хоць раз Эўравізію?

Данчык: Глядзеў аднойчы — дзеля камэнтатара Грэйма Нортана, вядоўцы BBC, які зьедліва ды іранічна падсьмейваецца з строяў, з выкананьня. Для мяне Эўравізія — гэта аналяг Лас-Вэгас: бляск, кіч, усё празьмернае, досыць манатоннае. Эўравізіі 63 гады, і за гэты час там былі заўважаныя толькі тры вялікія зоркі — ABBA, Сэлін Дыён і адна з маіх улюбёных вакалістак Нана Мускуры. Яна, дарэчы, не перамагла на гэтым конкурсе. Але ў выніку стала эўрапейскай зоркай.

Гурневіч: Аляксандра, як вам выступ беларускі Зэны? Спадабалася?

Аляксандра Дынько
Аляксандра Дынько

Дынько: Мне падалося, што Зэна вельмі харошая дзяўчынка, у яе класны голас. Але яе выступ быў сапсаваны неталенавітымі і прагнымі да грошай дарослымі. Слухаць гэта было можна, а вось глядзець балюча. Эўравізія — гэта ўсё ж конкурс пра разнастайнасьць, дзе людзі паказваюць, чым яны не такія, як усе. Гэта шоў, якому патрэбная фішка. У Зэны не было фішкі, былі мемасныя батфорты з гардэробу Ірыны Алегравай. Чаму так адбываецца? Бо ў нас дзяржава вырашае, хто едзе на Эўравізію. Яна мяркуе пра густы людзей так: вам будзе падабацца тое, што мы дазволім вам глядзець і слухаць. Вы ж ходзіце на «Славянскі базар», таму на Эўравізіі будзе сьпяваць нешта паміж Лабадой і Брытні Сьпірс. Я ўпэўненая, што калі б гэтай дзяўчыне даць больш свабоды, то яна была б нашмат больш цікавай і самастойнай на сцэне. Калі гэтыя батфорты тэрмінова замяніць на лідзкія кеды, то будзе нашмат лепш.

Гурневіч: Сяргей, а якія музычныя фэстывалі або конкурсы цікавыя Вам і важныя для Вас? У мінулым і сёньня. Можа некаторыя фармавалі вашыя густы?

Дубавец: Я б не сказаў, што фэстывалі могуць нешта выхаваць, бо ёсьць момант суб’ектнасьці. Выхаваньне адбываецца ўва мне. Што да Эўравізіі, то Аляксандра заўважыла пра лідзкія кеды, і я падумаў, што гэта вялізны шопінг музычнага спажывецтва. Зьбіраюцца каля экрану і выбіраюць, што ўзяць. Гэта гульня, як Алімпіяда. Гэта зьява станоўчая ў цывілізацыйным пляне. Ясна, што калі людзі не ідуць на футбол, то яны могуць пайсьці на вайну. Эўравізія закрывае лякуны таго кепскага, што магло б адбывацца ў сьвеце. Густы майго пакаленьня выхоўвалі «пісацелі». Гэта былі людзі ў Менску, якія даставалі сьвежыя кружэлкі з Захаду, мы да іх цягаліся з магнітафонамі, і яны гэтыя кружэлкі за рубель ці два перапісвалі. Мы слухалі самыя навінкі, пачынаючы ад першай паловы 1970-х. А яшчэ татальна ў тыя часы ўсе дзеці ў Менску рабілі ўрокі пад Польскае радыё. У мяне была «Jedynka» — «Lato z radiem», дзе круцілі добрую сусьветную музыку. Не магу таксама не ўзгадаць «Песьняроў».

«Ліквідацыя сьпеваў у школе — гэта злачынства рэжыму супраць нацыі»

Гурневіч: Музыка — гэта ня толькі асалода для душы і вуха. Значэньне ў беларускай гісторыі музыкі і песьні выдатна ілюструе гісторыя 1890 году, калі ў Маскве адбываліся студэнцкія хваляваньні. Беларускіх, расейскіх, латыскіх, літоўскіх, украінскіх, азэрбайджанскіх і грузінскіх маладзёнаў кінулі на некалькі месяцаў у Бутырскую турму. Каб час мінаў хутчэй, яны ладзілі канцэрты нацыянальных спеваў. І толькі беларусы сядзелі моўчкі, бо ніхто ня ведаў сваіх нацыянальных песень. Хочучы выправіць памылку, яны вырашылі аб’яднацца, стварыўшы такім чынам першы беларускі гурток у Маскве. Сярод тых беларускіх хлопцаў быў, дарэчы, і будучы беларускі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.).

Майстроўня сьпявае на хорах заслаўскай бажніцы, 1982 год. Вінцук Вячорка, Натальля Лазоўская, Галіна Кунцэвіч, Арына Вячорка, Ірына Марачкіна (Крук), Ігар Марачкін, Сяржук Сокалаў-Воюш.
Майстроўня сьпявае на хорах заслаўскай бажніцы, 1982 год. Вінцук Вячорка, Натальля Лазоўская, Галіна Кунцэвіч, Арына Вячорка, Ірына Марачкіна (Крук), Ігар Марачкін, Сяржук Сокалаў-Воюш.

​Сяргей, у канцы 1970-х аб’яднацца беларусам было значна прасьцей, і мільёны маглі сьпяваць «Песьняроў» або проста народныя песьні. Але калі вы зь сябрамі стваралі першую ў пасьляваенныя гады легальную нефармальную моладзевую арганізацыю, то вас таксама аб’яднала песьня, я маю на ўвазе «Сьпеўную майстроўню». Але слова «сьпеўны» неўзабаве зьнікла. Чаму?

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Дубавец: Яно ня зьнікла (хоць гэта гучыць трохі мэтафарычна). Насамрэч поўная назва была «Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня», а скарочана «Майстроўня». Ня зьнікла ня толькі слова, але і сьпевы. «Майстроўня» падзялілася на сьпеўныя гурты, якія пашыраліся па гарадах Беларусі і ўвесь час ужо існавалі. Існуюць і сёньня, іх значна больш, яны ладзяць народныя сьвяты. Тады гэта быў выбух, а сёньня гэта ператварылася ў нармальную практыку. Зьмянілася грамадзкая атмасфэра, і мы гэтага так яскрава ня бачым, як тады, калі пра тую «Майстроўню» пісалі ўсе афіцыйныя газэты.

З самімі сьпевамі таксама адбылася мэтамарфоза. У маім дзяцінстве ўсе бяседы ўва ўсіх дамах абавязкова суправаджаліся песьнямі застольнікаў. Сёньня людзі не пяюць за сталом. Гэта даволі сур’ёзны званочак наконт здароўя нашай нацыі. Адным са злачынстваў гэтай улады супраць беларускай нацыі было скасаваньне ўрокаў сьпеваў у школах. Што значыць сьпяваць з раньніх гадоў разам? Яны вырастуць і змогуць шмат чаго разам зрабіць. І каб яны гэтага не рабілі, сьпевы са школаў прыбралі. Сьпяваць разам сёньня настолькі ж цяжка, як карыстацца публічна беларускай мовай. Гэта заўсёды нейкі бар’ер. Але затое маем кучу энтузіястаў. Я ня бачу тут катастрофы.

Гурневіч: Данчык, сёлета ў верасьні спаўняецца 30 год ад вашага першага прыезду ў Беларусь зь Нью-Ёрку. Вы тады ўпершыню выступілі ў Беларусі, вашыя песьні гучалі ў радыё. Але Вас успрымалі ня проста як музыку. А ці павінен, на вашу думку, музыка быць будзіцелем нацыі?
Данчык: Я ня думаю, што павінен быць. Я думаю, што сьпевакі, акторы, музыкі могуць быць добрым вэктарам зьменаў, бо сваім голасам яны прывабліваюць, а словам вучаць публіку. Калі ёсьць такая камунікацыя, то вельмі добра. У маім жыцьці якраз тыя сьпевакі, якія сьпявалі пра нешта — ці на палітычныя тэмы, ці пра несправядлівасьць у грамадзтве, на духоўныя тэмы — яны былі цікавымі. Гэта Джоан Баэз, Боб Дылан, Леанард Коэн.

Гурневіч: Вы ўжо даўно не выступаеце. А што павінна адбыцца, каб Данчык ізноў узяў гітару і засьпяваў перад тысячамі беларусаў?

Данчык: Нічога. Прычына вельмі простая — у мяне ўжо няма голасу.

Гурневіч: Аляксандра, у пачатку 1990-х музыка адыгрывала неймаверную ролю ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі. Музыка абуджала ў людзей пачуцьцё беларускасьці, свабоды, а назвы гуртоў НРМ, «Уліс», «Крама», імя Касі Камоцкай, праекты «Народны альбом», «Я нарадзіўся тут» — успрымаліся ня толькі як музыка. Для многіх гэта былі гімны, маніфэсты. Ці сёньня так званая грамадзянская лірыка яшчэ запатрабаваная сярод беларусаў?

Дынько: У лічбавую эпоху спадзявацца, што людзі павядуцца на гімны, ня варта. У кожнага чалавека ёсьць вельмі камфортная прастора ў сацыяльных сетках, дзе ён можа слухаць музыку, якая яму падабаецца. А грамадзкая і сацыяльная лірыка ў Беларусі ёсьць, яна вельмі папулярная. Мы можам узгадаць хаця б той канцэрт, які адбыўся ў Горадні на Дзень Волі. Там выступаў і вядомы берасьцейскі панк-гурт «Дай Дарогу», які піша «працоўную лірыку» пра жыцьцё рабочых у невялікіх беларускіх гарадах. Або «Дзецюкі» з патрыятычнымі і гістарычнымі тэмамі. Людзі проста шалелі ад гэтай музыкі. Я жыву ў цэнтры і часта хаджу празь пераходы, дзе выступаюць вулічныя музыкі. Бачу, як людзі выходзяць з рэстарацыяў і што яны сьпяваюць. І Міхалка сьпяваюць, і Вольскага. І кожны ведае. Таму такой лірыкі ў Беларусі дастаткова.

«Калі сьпяваць вечна толькі аб радзіме, то будзе вельмі нецікавы рэпэртуар»

Гурневіч: Данчык, гэта словы адной з вашых песьняў, а ці падпісваецеся вы пад імі сёньня: — Калі не сьпяваць аб радзіме, то навошта наогул сьпяваць?

Багдан Андрусышын, Данчык
Багдан Андрусышын, Данчык

Данчык: Калі сьпяваць вечна толькі аб радзіме, то будзе вельмі манатонны і нецікавы рэпэртуар. Трэба сьпяваць аб тым, да чаго маеш жарсьць. Для большасьці людзей гэта каханьне. Таму самыя прыгожыя песьні і ёсьць пра каханьне. «Мой родны кут» — таксама пра любоў да зямлі. Трэба знайсьці сваю жарсьць — радзіму, Бога ці каханага, верыць у тое, што сьпяваеш, і тады зможаш гэта перадаць.

Гурневіч: 10 гадоў таму, Аляксандра, дасьледаваньне сацыялягічнай лябараторыі «Новак» і Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў выявіла, што 40% беларусаў ня ведаюць ніводнага беларускага выканаўцы. У лідэрах — Ядвіга Паплаўская, Ціхановіч, Ірына Дарафеева, Алеся, Іна Афанасьева, Анатоль Ярмоленка, Уладзімер Мулявін, Анжаліка Агурбаш, Аляксандар Саладуха і Дзьмітры Калдун.

Ці гэта зьмянілася і каго са сваіх сёньня слухаюць і любяць беларусы і вы асабіста?

Дынько: Я зусім ня веру ў вынікі гэтага апытаньня. Я неяк пералічвала свайму сыну, якому 18 гадоў, некаторых беларускіх выканаўцаў, і ён спытаў: «А хто такая Ядвіга Паплаўская?» Вельмі шмат чаго зьмянілася. Ёсьць вельмі папулярныя выканаўцы. Гэта Макс Корж, Міхалок ува ўсіх іпастасях, Вольскі, ЛСП. Іх прыйдуць слухаць тысячы. У Менску прышпільная андэрграўндавая сцэна. У іх тысячная аўдыторыя. Да гэтай музыкі таксама варта прыслухоўвацца.

Гурневіч: Сяргей, што мы слухаем, калі мы слухаем сучасную беларускую музыку?

Дубавец: Скажу за сябе. Калі я слухаю сучасную беларускую музыку, я слухаю сябе. Што ўва мне здэтануе і на што і што ўва мне абярэ што. Выбар ёсьць, і ён не малы. І сярод сучаснай клясычнай музыкі, і дударскіх гуртоў, і рокераў. Але Зэны там няма дакладна.

Гурневіч: А які беларускі гурт зь беларускімі песьнямі здолеў бы сабраць сёньня стадыён?

Дубавец: У мяне ёсьць мара, што калі ўзьяднаецца НРМ, то гэта стане падзеяй. І ён тады зьбярэ і «Дынама», і «Менск-арэну».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG