Намесьнік кіраўніка Галоўнага сьледчага ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны Віталій Маякоў заявіў, што ўкраінская спэцслужба затрымала кіроўцу цягача, на якім перавозіўся зэнітна-ракетны комплекс «Бук» перад катастрофай рэйсу МН17 у небе над Данецкай вобласьцю.
«Мы высьветлілі асобу зь ліку баевікоў, якая забрала гэты трэйлер на аўтапрадпрыемстве ў Данецку. Праз 3 гады нам удалося затрымаць гэтага грамадзяніна, які не падазраваў, што мы пра яго ведаем, калі ён перасякаў мяжу з Расеяй на падкантрольнай нам тэрыторыі», — паведаміў Віталій Маякоў сёньня на брыфінгу ў Кіеве.
Прадстаўнік СБУ прадэманстраваў журналістам відэазапіс, зроблены на мабільны тэлефон. Дзякуючы гэтаму запісу ўдалося вызначыць, каму належыць аўтацягач і хто ім кіраваў.
«Для падтрыманьня наступу баевікоў паблізу Савур-Магілы ў ноч з 16 на 17 чэрвеня 2014 году „Бук“ незаконна перамясьцілі церазь дзяржаўную мяжу Ўкраіны з Расейскай Фэдэрацыяй па маршруце: горад Данецк Растоўская вобласьць — пасёлак Северны Луганскай вобласьці — горад Сарокіна (раней Краснадон) Луганскай вобласьці. Яго бартавы нумар быў цалкам зафарбаваны», — адзначыў Віталь Маякоў.
Паводле СБУ, кіроўца быў затрыманы два гады таму і цяпер адбывае пакараньне на тэрыторыі Ўкраіны.
На пачатку ліпеня стала вядома пра затрыманьне Службай бясьпекі Ўкраіны аднаго з «камандзіраў узводу супрацьпаветранай абароны ДНР» Уладзіміра Цемаха, які займаўся пастаўкамі зброі з Расеі — яго вывезьлі зь непадкантрольнай Украіне тэрыторыі ў выніку спэцапэрацыі. На відэазапісе, распаўсюджаным у інтэрнэце, затрыманы прызнаваўся ў тым, што ён хаваў ракетны комплекс «Бук».
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксандар Данілюк заявіў, што Ўладзімір Цемах быў сьведкам апэрацыі, у часе якой баявікі зьбілі пасажырскі Boeing MH17, і можа пацьвердзіць, што ракета была выпушчаная з комплексу «Бук». Апроч таго, ён асабіста ведаў усіх палявых камандзіраў незаконных узброеных фармаваньняў, а таксама дэталі апэрацыі і перамяшчэньня зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія спэцслужбы вывезьлі былога зэнітчыка з тэрыторыі, кантраляванай «ДНР». Побач быў зьбіты «Боінг»«Боінг-777» авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс MH17 з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, быў зьбіты 17 ліпеня 2014 году ў небе над Данбасам. Яго абломкі ўпалі недалёка ад вёскі Грабава на тэрыторыі, якую кантралявалі прарасейскія сэпаратысты. Загінулі ўсе 298 чалавек на борце, больш як дзьвесьце былі грамадзянамі Нідэрляндаў.
У траўні 2018 году Міжнародная сьледчая група JIT пацьвердзіла дачыненьне 53-й зэнітна-ракетнай брыгады, дысьлякаванай у Курску, да катастрофы з «Боінгам».
Пазьней Нідэрлянды і Аўстралія афіцыйна абвінавацілі Расею ў датычнасьці да крушэньня малайзійскага «Боінга». Заяву пра гэта зрабіла МЗС Нідэрляндаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 298 загінулых, зь іх 80 дзяцей. Што вядома праз 5 гадоў пасьля катастрофы MH17