ЗША віталі высновы міжнароднай Сумеснай сьледчай групы расьсьледаваньня катастрофы самалёта рэйсу MH17 у небе над Данбасам у ліпені 2014 году, у прыватнасьці ў абвінавачваньні чатырох чалавек за імаверную ролю ў зьбіцьці ляйнэра.
У заяве ад 19 чэрвеня дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо назваў гэта «важнай вяхой у пошуках праўды».
«Усе абвінавачаныя сёньня былі сябрамі расейскіх сіл на ўсходзе Ўкраіны. Мы заклікаем Расею паважаць і прытрымлівацца гэтай рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН і гарантаваць, каб усе абвінавачаныя, якія знаходзяцца цяпер у Расеі, паўсталі перад судом», — гаворыцца ў паведамленьні Дзярждэпартамэнту ЗША.
19 чэрвеня ў Нідэрляндах Сумесная сьледчая група расьсьледаваньня зьбіцьця малазійскага самалёта «Боінг-777» назвала падазраванымі ў справе трох расейцаў і аднаго ўкраінца. Гэта Ігар Гіркін (мянушка «Стралкоў»), Сяргей Дубінскі (мянушка «Хмурны»), Алег Пулатаў ( «Гюрза» і «Халіф») і Леанід Харчанка (грамадзянін Украіны. — Рэд.).
Украіна вітала высновы сьледчых і заклікала Маскву «прызнаць» сваю адказнасьць за трагедыю. Расея ж настойвае, што расьсьледаваньне накіравана на «дыскрэдытацыю» краіны.
Старшыня сьледчай групы Фрэд Вэстэрбэке заявіў, што чатырох падазраваных, магчыма, будуць судзіць завочна ў Нідэрляндах, пачынаючы з сакавіка 2020 году. Ён сказаў, што гэтыя асобы будуць абвешчаныя ў нацыянальны і міжнародны вышук.
Самалёт «Боінг-777» авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс MH17 зь нідэрляндзкага Амстэрдама ў малазійскі Куала-Лумпур, быў зьбіты над тэрыторыяй Украіны, падкантрольнай так званым «ДНР» і «ЛНР». На борце былі 298 чалавек, усе загінулі.
Як выявілася пасьля катастрофы, самалёт быў зьбіты расейскай устаноўкай «Бук». Таксама сьледзтва прыйшло да высновы, што пускавая ўстаноўка ЗРК «Бук», ракетай зь якой зьбілі самалёт рэйса MH17, належала 53-й зэнітнай ракетнай брыгадзе са складу Ўзброеных сіл Расеі і была дастаўлена з Расеі на акупаваную частка Данбасу, адтуль ажыцьцявіла пуск ракеты, а пасьля зьбіцьця ёй авіяляйнэра вернутая ў Расею.
У сьвеце ўжо ня раз заклікалі Расею прызнаць сваю адказнасьць за зьбіцьцё самалёта MH17. Расея пастаянна адмаўляе ўсе вынікі расьсьледаваньня.