Лінкі ўнівэрсальнага доступу

298 загінулых, зь іх 80 дзяцей. Што вядома праз 5 гадоў пасьля катастрофы MH17


На месцы катастрофы рэйсу МН17 у 2014 годзе.
На месцы катастрофы рэйсу МН17 у 2014 годзе.

Сёньня, 17 ліпеня, спаўняецца пяць гадоў з дня, калі «Боінг» «малайзійскіх авіяліній» рэйсу MH17 быў зьбіты ў небе над Данбасам. У катастрофе загінулі 298 чалавек.

17 ліпеня дзевяць амбасадаў краінаў, грамадзяне якіх загінулі падчас палёту, правядуць жалобныя цырымоніі ў Малайзіі, якая страціла ў выніку катастрофы 43 чалавекі. У Нідэрляндах, якія страцілі ў катастрофе 193 грамадзян, памінальныя імпрэзы пачаліся 16 ліпеня, калі сем'і 15 загінулых сабраліся ў горадзе Гілвэрсум. Яшчэ адна акцыя, закрытая для прэсы, адбудзецца 17 ліпеня ў аэрапорце Схіпхол у Амстэрдаме.

На працягу апошніх двух гадоў высновы міжнароднай Сумеснай сьледчай групы, якая высьвятляе акалічнасьці трагедыі, далі новыя доказы датычнасьці Расеі да авіякатастрофы; сёлета былі названыя першыя падазраваныя.

Што адбылося ў небе над Данбасам 5 гадоў таму

17 ліпеня 2014 самалёт «Боінг-777» «малайзійскіх авіяліній» рэйсу MH17, які выконваў рэйс з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, быў зьбіты над зонай збройнага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Загінулі 298 чалавек — усе, хто быў на борце. Сярод іх былі грамадзяне Нідэрляндаў (193 чалавекі), Малайзіі, ЗША, Аўстраліі.

Журналіст на месцы катастрофы
Журналіст на месцы катастрофы

Праз тры гады, у ліпені 2017 году, кіраўнік МЗС Аўстраліі Джулія Бішап зьвярнулася да Расеі з заклікам трымацца рэзалюцыі 2166 Рады Бясьпекі ААН. Гэтую рэзалюцыю ўнесла Аўстралія празь некалькі дзён пасьля падзеньня самалёта, яна заклікае усе зацікаўленыя дзяржавы да супрацоўніцтва ў пошуку адказных. Бішап выказала здагадку, што вінаватых могуць судзіць завочна.

«Магчыма, адбудзецца завочны судовы разбор. Гучалі паведамленьні, некаторых сьведак затрымалі ў Расеі. Таму я, вядома, заклікаю Расею выконваць рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН і зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы прыцягнуць гэтых людзей да адказнасьці», — заявіла яна.

Першыя абвінавачаныя

Міжнародная сьледчая група выставіла афіцыйныя абвінавачаньні ў датычнасьці да крушэньня малазійскага «Боінга» ў 2014 годзе ў адрас траіх расейцаў і аднаго грамадзяніна Ўкраіны.

Фігурантамі справы сталі былы камандзір сілаў самаабвешчанай «ДНР» Ігар Стралкоў (сапраўднае прозьвішча Гіркін), ягоны намесьнік Сяргей Дубінскі (пазыўны Хмуры), намесьнік Дубінскага Алег Пулатаў (Гюрза) і ўкраінец Леанід Харчанка (Крот), якога сэпаратысты называлі камэндантам Канстанцінаўкі ў Данецкай вобласьці.

Сьледзтва лічыць, што яны нясуць адказнасьць за арганізацыю дастаўкі зэнітна-ракетнага комплексу «Бук» на кантраляваную сэпаратыстамі тэрыторыю. Усе яны абвінавачаныя ў забойстве. Іх абвесьцяць у міжнародны вышук. Чакаецца, што судовы працэс аб крушэньні лайнэра пачнецца ў сакавіку 2020 году.

Новае дасьледаваньне Bellingcat

Сёлета было апублікаванае новае дасьледаваньне Bellingcat заснаванае на тэлефонных перамовах сэпаратыстаў, перахопленых Службай бясьпекі Ўкраіны ў дзень катастрофы, 17 ліпеня, а таксама ў папярэдні і наступны дні. Частка гэтых перамоваў была апублікаваная ў адкрытым доступе самой СБУ і Сумеснай сьледчай групай. Усяго Ўкраіна перадала Сумеснай сьледчай групе запісы каля 150 тысяч перахопленых званкоў.

Дасьледчыкам Bellingcat атрымалася ідэнтыфікаваць практычна ўсіх неназваных дагэтуль асоб, якія адказвалі за перасоўваньне ракетнай устаноўкі «Бук» па захопленай сэпаратыстамі тэрыторыі Ўкраіны. Яны таксама здолелі растлумачыць ролю, якую адыгрывалі ў трагедыі высокапастаўленыя камандзіры сэпаратыстаў і іх куратары з ГРУ — Сяргей Дубінскі, Ігар Стралкоў, Ігар Безьлер, Аляксандр Хадакоўскі і іншыя.

Роля Расеі ў трагедыі

Расея працягвае адмаўляць сваю датычнасьць да зьбіваньня «Боінга». Сярод вэрсій, якія выкарыстоўваў Крэмль, настойваючы на адказнасьці Ўкраіны, былі нібыта сьведчаньне «іспанскага дыспэтчара» аэрапорта «Барыспаль» па імі Карлас, які пісаў у Twitter, што бачыў, як малайзійскі «Боінг» перасьледуюць два ўкраінскія вайсковыя самалёты.

Вясной 2018-га журналісты Радыё Свабода і румынскага RISE Project знайшлі Карласа. Высьветлілася, што яго імя Хасэ Карлас Барыёс Санчэс, акрамя таго, ён сьцьвярджаў, што атрымаў 48 тысяч даляраў ад Крамля за сваю ролю «гішпанскага дыспэтчара».

Прарасейскі сэпаратыст на месцы катастрофы
Прарасейскі сэпаратыст на месцы катастрофы

За пару месяцаў да зьбіваньня малайзійскага «Боінга» ён ужо фігураваў у матэрыяле расейскага тэлеканалу Russia Today як «жыхар Украіны», якому быццам бы прыйшлося зьехаць «праз пагрозы з боку прыхільнікаў Эўрамайдану».

Новыя дэталі ад журналістаў

Расейская «Новая газета» паведаміла, што атрымала дакумэнты, зь якіх вынікае, што больш чым 170 вайскоўцаў падразьдзяленьняў супрацьпаветранай абароны Расеі знаходзіліся паблізу мяжы з Украінай у Растоўскай вобласьці ў 2014 годзе ў дзень, калі з ўстаноўкі ЗРК «Бук» быў атакаваны рэйс МН17.

А 15 ліпеня, за два дні да трагедыі, яны атрымалі сухія пайкі на 5 сутак. Каб ацаніць дакладнасьць прыведзеных у дакумэнтах зьвестак, «Новая газета» зьвярнулася да Міністэрства абароны РФ па тлумачэньні. Аўтары артыкулу пішуць, што новыя зьвесткі пацьвярджаюць высновы міжнароднай сьледчай групы аб датычнасьці Расеі да зьбіцьця самалёта.

Судовыя пэрспэктывы

У студзені 2018 году суд у ЗША прысудзіў сваякам 25 загінулых пасажыраў самалёта кампэнсацыю. Справа разглядалася з 2015 году, пазваным у ёй быў адзін зь верхаводаў баевікоў першых гадоў вайны Ігар Гіркін (Стралкоў).

Юрыстка Ўкраінскага Хэльсынскага саюзу ў правах чалавека Надзея Волкава тады сказала ў інтэрвію Радыё Свабода, што гэта першае судовае рашэньне, якое зьвязвае трагедыю з расейскім баевіком. На яе думку, хоць сваякі, хутчэй за ўсё, не атрымаюць поўнай сумы — 400 мільёнаў даляраў агулам, — гэта рашэньне амэрыканскага суду створыць прэцэдэнт і для іншых судоў.

Прарасейскія сэпаратысты на месцы катастрофы
Прарасейскія сэпаратысты на месцы катастрофы

Паралельна з афіцыйным расьсьледаваньнем да высьвятленьня абставінаў трагедыі далучыліся сьледчыя праекту Bellingcat. У сьнежні 2017 году яны апублікавалі дадзеныя, якія дазвалялі дапусьціць дачыненьне да зьбіваньня MH17 расейскага вайскоўца ў запасе — генэрал-палкоўніка арміі Расеі Мікалая Ткачова (пазыўны «Дэльфін»). Сам Ткачоў уласнае дачыненьне адмаўляў.

Нягледзячы на ўсе заявы пра датычнасьць расейскіх вайскоўцаў да зьбіваньня самалёта, чэмпіянат сьвету ў футболе 2018 году прайшоў у Расеі. Незадоўга да яго сваякі пасажыраў рэйсу MH17 напісалі адкрыты ліст, апублікавалі на сайце расейскага выданьня «Новая газета». У ім яны прызнаваліся, што ня змогуць стаць часткай гэтага чэмпіянату праз датычнасьць Крамля да гібелі сваіх родных.

«У кухні ляжаў труп жанчыны» — сьведка ўзгадвае падзеньне малайзійскага «Боінга»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:53 0:00
Наўпроставы лінк

«Мы лічым, што расейская дзяржава і яе лідэры адказнасьць за гібель нашых сямейнікаў. На гэта паказваюць усе дакладныя доказы. Мы чакаем ужо доўга, але калі-небудзь у будучыні міжнародная Сумесная сьледчая група нарэшце дасьць сваю фінальную справаздачу, і імёны адказных будуць названыя. Тады справа будзе за судом у Нідэрляндах, які старанна ўзважыць усе доказы і вырашыць, хто нясе адказнасьць», — пішуць аўтары ліста.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG