Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трое расейцаў і адзін украінец — абвешчаныя ў міжнародны вышук адказныя за катастрофу Боінга


Боінг 777. Ілюстрацыйнае фота.
Боінг 777. Ілюстрацыйнае фота.

Міжнародная сьледчая група выставіла афіцыйныя абвінавачваньні ў датычнасьці да крушэньня малазійскага «Боінга» ў 2014 годзе на адрас траіх расіян і аднаго грамадзяніна Ўкраіны. Імёны афіцыйна абвешчаныя на прэс-канфэрэнцыі ў сераду.

Трансьляцыя зь перакладам тут.

Фігурантамі справы сталі былы камандуючы сіламі самаабвешчанай «ДНР» Ігар Стралкоў (сапраўднае прозьвішча Гіркін), яго намесьнік Сяргей Дубінскі (пазыўны Хмуры), намесьнік Дубінскага Алег Пулатаў (Гюрза) і ўкраінец Леанід Харчанка (Крот), якога сэпаратысты называлі камэндантам Канстанцінаўкі ў Данецкай вобласьці.

Сьледзтва лічыць, што яны нясуць адказнасьць за арганізацыю дастаўкі зэнітна-ракетнага комплексу «Бук» на кантраляваную сэпаратыстамі тэрыторыю. Усе яны абвінавачаныя ў забойстве. Іх абвесьцяць у міжнародны вышук. Чакаецца, што судовы працэс аб крушэньні лайнэра пачнецца ў сакавіку 2020 году.

Сьледзтва ня будзе патрабаваць экстрадыцыі падазраваных з Расеі і Ўкраіны, таму што заканадаўства дзьвюх краін не прадугледжвае магчымасьць выдачы грамадзян. Сьледзтва будзе прасіць допыту падазраваных.

Раней нідэрляндзкія каналы апублікавалі інфармацыю пра новых фігурантаў у справе аб крушэньні «Боінга». У прыватнасьці, вядома, што паказаньні па справе дае палкоўнік украінскай арміі Іван Безьязыкаў, які быў арыштаваны ва Ўкраіне па справе аб дзяржаўнай здрадзе. Абвінавачваньні яму былі выстаўленыя пасьля таго як ён пабываў у палоне ў сэпаратыстаў, сьледзтва настойвае, што ён служыў у падразьдзяленьні Дубінскага.

Стралкоў цяпер жыве ў Маскве. Дубінскі — у Растоўскай вобласьці. Дзе Харчанка знаходзіцца цяпер, невядома, аднак у 2017 годзе карыстальнік Укантакце Андрэй Камчатаў пакінуў пад адным з пастоў Ігара Стралкова некалькі камэнтароў, зь якіх вынікае, што Крот быў забіты ў Расеі праз тое, што занадта шмат ведаў пра прычыны катастрофы «Боінга». Сьледзтва лічыць, што ён можа знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны. Пулатаў у 2017 годзе пісаў, што знаходзіцца «на нашай тэрыторыі» [паводле кантэксту можна выказаць здагадку, што гаворка ідзе пра Расею — РС].

  • Самалёт «малайзійскіх авіяліній», які выконваў рэйс MH17, пацярпеў крушэньне над Данецкай вобласьцю Ўкраіны 17 ліпеня 2014 году. Загінулі ўсе 298 чалавек на борце. Міжнародная сьледчая група прыйшла да высновы, што самалёт быў зьбіты з зэнітна-ракетнага комплексу «Бук», дастаўленага з Расеі на тэрыторыю, кантраляваную данецкімі сэпаратыстамі.
  • Масква дачыненьне да крушэньня самалёта катэгарычна адмаўляе. Расейскі абарончы канцэрн «Алмаз-Антэй» заявіў, што згодна з праведзеным яго спэцыялістамі экспэрымэнтам, самалёт быў зьбіты ракетай, якая належыць украінскай арміі з боку кантраляванай ёй тэрыторыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG