Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім кажа, што аўтары зваротаў патрабуюць замест беларускай гістарычнай сымболікі ўводзіць георгіеўскія стужкі.
Дэпутатка кажа Свабодзе, што апошнім часам такіх лістоў і зваротаў на адрас дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў істотна паболела.
У якасьці прыкладу Анісім называе зварот групы асобаў, якія патрабуюць «актывізаваць ідэалягічную працу з мэтай падвышэньня гісторыка-патрыятычнай сьвядомасьці грамадзян і навесьці на гэтым фронце парадак, пачынаючы з сымболікі».
Асаблівае абурэньне ў дэпутаткі выклікае патрабаваньне так званых прадстаўнікоў «левапатрыятычных сілаў» прыраўняць бел-чырвона-белую сымболіку да нацысцкай і забараніць яе выкарыстаньне «ў любым выглядзе».
«Такія захады нельга пакідаць без увагі», — упэўненая Алена Анісім.
Яна дадае, што яе абурыла выстава, разгорнутая з нагоды 3 ліпеня ў фае Авальнай залі Дома ўраду.
«Чамусьці падпольныя і партызанскія лісткі, кшалту „Бей фашистов!“, былі прадстаўленыя выключна на расейскай мове. Хоць добра вядома, што іх шмат выдавалі і па-беларуску. А вось газэты, якія выходзілі падчас акупацыі, былі сабраныя выключна беларускамоўныя. Атрымліваецца, што змагары з нацыстамі — гэта толькі расейскамоўныя людзі, а тыя, хто гаварыў па-беларуску, праводзілі выключна палітыку згодніцтва зь нямецкай акупацыйнай уладай», — патлумачыла сваё незадавальненьне дэпутатка Анісім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Георгиевская ленточка» — ня Юраўская стужка