Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яўна палітычнае рашэньне». Вярхоўны суд адмовіў «Несьмяротнаму палку» ў рэгістрацыі


Калегія грамадзянскіх спраў Вярхоўнага суду пакінула бязь зьмены рашэньне Менскага гарадзкога суду, які ў сакавіку ня стаў рэгістраваць «Несьмяротны полк».

«Гэта яўна палітычнае рашэньне. Нашы правы зноў парушаныя. Будзем абскарджваць», — заявіў пасьля суду Валеры Драко, адзін з сузаснавальнікаў «Несьмяротнага палку» ў Беларусі.

Летась галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму двойчы адмовіла ў рэгістрацыі гарадзкому грамадзкаму абʼяднаньню «Несьмяротны полк». Чыноўнікі знайшлі шэраг парушэньняў у рэгістрацыйных дакумэнтах і статуце абʼяднаньня, якія вызначылі як «невыпраўляльныя».

Прыкладам, ня ўказаны зваротны адрас заяўнікаў, а ў парадку дня ўстаноўчага сходу адсутнічаў пункт аб абмеркаваньні назвы арганізацыі — адпаведна, не было і абмеркаваньня.

Вэтэраны-актывісты, сярод іх вядомы ў Беларусі камуніст Леанід Школьнікаў, даводзілі, што гэта фармальныя памылкі. Паводле Школьнікава, абмеркаваньне назвы арганізацыі на сходзе адбылося, што пазначана і ў пратаколе, і адрас для адказу заяўнікам чыноўнікі знайшлі — праўда, у іншым разьдзеле дакумэнтаў на рэгістрацыю.

«Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму выконвае палітычны загад — ні ў якім разе не рэгістраваць у Беларусі „Несьмяротны полк“», — заявіў суду Леанід Школьнікаў, і зь ім пагадзіліся іншыя актывісты, якія падавалі апэляцыю.

«У чыноўнікаў такая тактыка: адны парушэньні называюць, а другія прыберагаюць на потым. Каб цягнуць з рэгістрацыяй бясконца. Таму трэба, каб пракуратура разгледзела іх дзеяньні на прадмет нядобрасумленнага выкананьня службовых абавязкаў», — прапанаваў на паседжаньні актывіст Генрых Сіманоўскі.

Аднак прадстаўніца пракуратуры Ірына Кавальчук на прапановы разабрацца з чыноўнікамі Менгарвыканкаму ніяк не адрэагавала. Яна падтрымала рашэньне аб нерэгістрацыі «Несьмяротнага палка», таксама палічыўшы, што заўвагі да рэгістрацыйных дакумэнтаў арганізацыі істотныя і ня могуць быць хутка выпраўленыя.

«Неабходна адмовіць у задавальненьні апэляцыйнай скаргі і пакінуць рашэньне Менскага гарадзкога суду бязь зьменаў», — заявіла Ірына Кавальчук.

Параіўшыся 2,5 гадзіны, калегія Вярхоўнага суду зь яе аргумэнтамі пагадзілася.

На разгляд скаргі «Несьмяротнага палка» ў Вярхоўным судзе прыйшлі звыш дзясятка актывістаў арганізацыі. Напярэдадні яны казалі, што толькі на 1% вераць у посьпех і гэты працэнт зьвязваюць з тым, што справа разглядаецца ў новым будынку судовай установы.

«Можа, хоць тут усё будзе на-новаму», — казалі людзі пажылога веку.

Яшчэ адным з аргумэнтаў заснавальнікаў беларускага «Несьмяротнага палка» было тое, што Беларусь і Расея будуюць саюзную дзяржаву.

«Як жа так? Мы саюзьнікі, а тут пляцемся ў хвасьце, ня хочуць рэгістраваць арганізацыю з такой папулярнай у Расеі назвай? Цяпер мы паставім на абмеркаваньне такое пытаньне: калі нас не рэгіструюць як менскую гарадзкую арганізацыю, дык будзем спрабаваць зарэгістравацца як рэспубліканскае абʼяднаньне. Альбо зарэгіструемся за мяжой, у Расеі. Адступаць не зьбіраемся», — сказаў Свабодзе лідэр арганізацыі Валеры Драко.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG