Беларусы сталі больш давяраць Эўразьвязу. Вынікі апытаньня

Пратэстовец на Кастрычніцкай плошчы, 2006 год

Праект Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» правёў апытаньне градмадзкай думкі ў краінах, на якія скіраваны.

Як паказала апытаньне, каля 9% беларусаў нэгатыўна ставяцца да Эўразьвязу, 53% — нэўтральна, 36% — добра.

Стасункі з Эўропай крыху палепшыліся, даверу стала крыху больш

Пры тым 51% хутчэй давярае Эўразьвязу (плюс 4 адсоткавыя пункты да мінулага году), 32% — хутчэй не давярае. 62% лічыць стасункі Эўразьвязу і Беларусі добрымі (плюс 12 пунктаў за год), 24% — кепскімі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь спрабуе дыстанцыявацца ад Расеі, — Wall Street Journal

Найменш пазытыву з краінаў «Усходняга партнэрства»

З краінаў праграмы Беларусь аказалася той, дзе найменш людзей сказалі пра пазытыўнае стаўленьне да Эўразьвязу. У Армэніі станоўча бачаць Эўразьвяз 62%, у Азэрбайджане — 46%, у Грузіі — 50%, у Малдове — 55%, ва Ўкраіне — 56%.

Але па скептычнасьці Беларусь ня лідэр. У Армэніі нэгатыўна ставяцца да Эўразьвязу 6%, у Азэрбайджане — 8%, у Грузіі — 4%, у Малдове — 10%, ва Ўкраіне — 12%.

Што для беларусаў Эўразьвяз

Больш за палову апытаных (ад 52% да 70%) вераць, што Эўразьвяз прадстаўляе эканамічны дабрабыт, свабоду веравызнаньня, правы чалавека, свабоду слова, індывідуальную свабоду, свабоду СМІ, вяршэнства права, павагу да іншых культураў і меншасьцей, роўнасьць і сацыяльную справядлівасьць, дэмакратыю, шчырасьць і празрыстасьць.

Праўда, 50% лічаць, што Эўразьвяз мала прадстаўляе мір і стабільнасьць, а 54% — што мала прадстаўляе адсутнасьць карупцыі.

Ад Эўразьвязу беларусы чакаюць перадусім паляпшэньня гандлю (28%), паляпшэньня дэмакратыі ў Беларусі (13%), прасоўваньня лепшай адукацыі (12%) і падвышэньня турызму (10%).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі беларусам чакаць «шэнген» за 35 эўра

Адкуль бяруць навіны апытаныя

Таксама ў апытаньні пацікавіліся тым, якія СМІ чытаюць і глядзяць рэспандэнты. 11% сказалі, што ніякія, 35% — што толькі «традыцыйныя», 51% — што інтэрнэт-СМІ і навіны ў сацсетках. 22% чытаюць па-беларуску, 77% — па-расейску, 4% — на іншых замежных мовах.

79% давяраюць «сарафаннаму радыё», 60% — навінам з інтэрнэту, 59% — ТВ, 51% — газэтам, 49% — сацсеткам, 48% — радыё, а афіцыйным сайтам Эўразьвязу толькі 28%. У СМІ Эўразьвяз прадстаўлены пазытыўна на думку 47%, нэгатыўна — на думку 7%, нэўтральна — 40%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Захадзе ўжо рыхтуюцца да таго, што ў 2024 годзе Беларусь будзе інкарпараваная ў Расею, — Сівіцкі

51% апытаных не задаволеныя дэмакратыяй у Беларусі, 40% задаволеныя. 59% пэсымістычныя адносна будучыні Беларусі, 39% аптымістычныя. Пры тым адносна ўласнай будучыні пэсымістычныя толькі 45%, аптымістычныя 53%.