Што справакавала грузінаў і ці пагражае гэта расколам у грамадзтве, Свабода распытала Тацяну Монцік, беларускую журналістку, якая 9 гадоў жыве ў Тбілісі.
Другі тыдзень у Грузіі працягваюцца антырасейскія пратэсты, якія перарасьлі ў патрабаваньне адстаўкі высокапастаўленых сілавікоў, датычных да ўжываньня празьмернай сілы супраць мітынгоўцаў.
20 чэрвеня адбыліся жорсткія сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй, якая ўжыла сьлезацечны газ і гумавыя кулі. Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра 240 пацярпелых (зь іх 80 паліцэйскіх), больш за 300 чалавек былі затрыманыя. Цяпер удзельнікі акцыі патрабуюць адстаўкі міністра ўнутраных спраў Георгія Гахарыі, які даваў загад на разгон.
Сярод іншага Тацяна Монцік расказала пра:
- вонкавую нагоду і ўнутраныя прычыны антырасейскіх пратэстаў;
- ролю алігарха Іванішвілі ў скандалах апошняга часу у Грузіі;
- як антырасейскі пратэст перарос у антыўрадавы;
- узровень аўтарытэту новай прэзыдэнткі Зурабішвілі;
- рэакцыю на расейскія санкцыі у галіне авіяперавозак і турызьме.
Тацяна Монцік — журналістка, эсэістка, пісьменьніца, перакладчыца. Нарадзілася і вырасла ў Менску. Зь дзяцінства цікавілася гісторыяй і літаратурай, у 1990-я зь сябрамі выпускала моладзевую газэту «Тэт-а-тэт». Скончыла менскі Лінгвістычны ўнівэрсытэт, унівэрсытэт у Вене. Працавала журналісткай, перакладчыцай, спэцыялісткай у галіне PR-тэхналёгій у Нямеччыне, Украіне, Расеі.
Ад 2010 году жыве ў Тбілісі, асьвятляючы падзеі на Паўднёвым Каўказе для нямецкамоўных СМІ Аўстрыі, Нямеччыны, Швайцарыі. Акрамя таго, перакладае творы грузінскага паэта Галакціёна Табідзэ і рыхтуе збор апавяданьняў пра Грузію.
Цень алігарха Іванішвілі
Паводле назіраньняў Тацяны Монцік, усе гучныя скандалы апошняга часу шчыльна пераплеценыя зь імем галоўнага грузінскага алігарха — былога прэмʼер-міністра, кіраўніка партыі «Грузінская мара», мільярдэра Бідзіны Іванішвілі.
«Для канфлікту ёсьць дзьве прычыны — унутраная і вонкавая, — кажа Тацяна. — Па-першае, шмат людзей даўно не задаволеныя тым, што краінай кіруе алігарх, прычым „падкілімна“. Сёньня ўжо не сакрэт, што Іванішвілі ў літаральным сэнсе купіў тых, хто ва ўладзе. Паколькі ягоная партыя на апошніх выбарах паказала ня лепшыя вынікі, аналітыкі пасьпяшаліся наваражыць яму пачатак канца. Але капітуляваць ён зусім не зьбіраецца».
Прычыны антырасейскіх выступаў
Шматтысячныя пратэсты ў Тбілісі адбываюцца з 20 чэрвеня. Прычынай забурэньняў стаў удзел расейскай дэлегацыі ў Міжпарлямэнцкай асамблеі праваслаўя ў Тбілісі. У прыватнасьці, незадаволенасьць выклікала тое, што дэпутат Дзярждумы Расеі Сяргей Гаўрылаў, які адкрыта падтрымаў прызнаньне акупацыі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, падчас адкрыцьця сэсіі заняў месца сьпікера грузінскага парлямэнту і зьвярнуўся да прысутных па-расейску. Такія «гаспадарскія» паводзіны ўзьнялі дэманстрантаў на штурм парлямэнту пад лёзунгамі «Стоп, Іван!», «Расея — акупант!», «Пуцін — прэч з Грузіі!»
Пратэст перарос у антыўрадавы
Тацяна Монцік не выключае і нейкага пляну дыскрэдытацыі пэўнай часткі палітычнага істэблішмэнту Грузіі.
«Гісторыя з расейскім дэпутатам, які прыехаў і сеў у крэсла сьпікера, выглядае дзіўна, дапусьціць такі промах трэба яшчэ ўмудрыцца, — кажа Монцік. — Асабіста мне падаецца, ва ўладаў саміх нейкі разброд. Прынамсі, расейскі раздражняльнік, які зьявіўся невядома адкуль, выклікаў незадавальненьне ня толькі палітыкай Масквы за акупацыю 20% тэрыторыі Грузіі і спробы завалодаць усім Каўказам, а і стаў пратэстам супраць ураду. Расея выступіла як дэтанатар для ўнутранага выбуху».
У сутычках дэманстрантаў з паліцыяй пацярпелі і былі затрыманыя сотні чалавек. Некалькі пратэстоўцаў абвясьцілі галадоўку, патрабуючы вызваленьня таварышаў і адстаўкі кіраўніцтва МУС. Чаму праваахоўнікі так жорстка паводзілі сябе ў адносінах да мітынгоўцаў?
«Іванішвілі і яго людзі яўна перастараліся. Усе пагаджаюцца, што зроблена памылка — у чалавека проста здалі нэрвы. Спалохаўся, калі пабачыў сапраўдны пратэст. Яшчэ год таму, калі здарыліся «антынаркатычныя» аблавы ў тбіліскіх клюбах Bassiani і Cafe Gallery, меліся падазрэньні, што за кулісамі адбываюцца дзіўныя рэчы. А гэтым разам зусім перанэрваваўся, стала зразумела, што чалавек проста трасецца за сваю ўладу — хай сабе яна нават „падкілімная“», — мяркуе Тацяна Монцік.
Які аўтарытэт у прэзыдэнткі Зурабішвілі
У 2012-2013 гадах Бідзіна Іванішвілі займаў прэмʼерскую пасаду. Сёньня ягоная палітычная актыўнасьць фармальна абмяжоўваецца кіраўніцтвам партыі «Грузінская мара». Але насамрэч ён мае вялізны ўплыў на ўсе сфэры дзяржаўнага жыцьця ў Грузіі.
«Ён алігарх № 1, больш такіх у Грузіі няма, — кажа Тацяна Монцік. — Паколькі ў свой час лёгка вывеў свае капіталы з Расеі, многія падазраюць яго ў супрацы з Крамлём. То бок, і пасьля столькіх гадоў пры ўладзе Іванішвілі застаецца катом у мяху, яго да гэтага часу да канца не раскусілі. Можа, ён і не зусім прарасейскі, аднак Маскве выгадны. Расейскаму кіраўніцтву прасьцей дамовіцца з алігархам — ужо навучыліся весьці справы з такімі ж у сябе, чым з дэмакратычна выбраным урадам».
Да пратэстоўцаў, якія штовечар зьбіраюцца перад будынкам парлямэнту, далучыўся былы прэзыдэнт Грузіі Георгі Маргвелашвілі. А вось цяперашняя кіраўніца краіны Саламэ Зурабішвілі вымушаная была прыпыніць паездку ў Менск на адкрыцьцё ІІ Эўрапейскіх гульняў, каб шукаць шляхі да замірэньня. Пакуль чаканага эфэкту няма — з прычыны ўсё той жа каапэрацыі з «Грузінскай марай», лічыць Тацяна Монцік.
«Грузінская мара» падчас выбараў зрабіла стаўку на Зурабішвілі, хоць тая нават не была ў партыі. Мэта — зрабіць гэткі дэмакратычны ярлык для Грузіі. А вось якімі мэтадамі яе прасоўвалі — пытаньне. Рэкляма такая, што інакш як ганебнай не назавеш. Вісяць два партрэты — Зурабішвілі і Іванішвілі, які паказвае, за каго галасаваць. А ў другім туры ёй нават месца не знайшлося, алігарх адкрыта гаварыў замест кандыдаткі. Думаю, у той момант яна сама пашкадавала, што пагадзілася на авантуру».
Паводле Тацяны Монцік, Саламэ Зурабішвілі, якая ўпершыню трапіла на зямлю продкаў ужо ў дарослым узросьце, дастаткова складана самастойна зарыентавацца ў сытуацыі. Таму і вымушаная спадзявацца на дарадцаў, якія часта дбаюць не пра дзяржаўныя, а ўласныя інтарэсы.
«Яе лабісты перад выбарамі хацелі паказаць, што яна праэўрапейская, заходняя, там нарадзілася. У яе апрыёры павінна быць добрыя стасункі з тамтэйшымі палітыкамі, ёй прасьцей зь імі дамовіцца. Сама па сабе ідэя нядрэнная, але як яны гэта рэалізоўвалі — проста ганьба. Па вялікім рахунку, яна так і не прынятая грамадзтвам. Пакуль у яе бок больш кпінаў, бо сьмешна і з памылкамі гаворыць па-грузінску — усё ж гэта яе другая мова, нарадзілася і вучылася ў Францыі. Зрэшты, роля прэзыдэнта ў Грузіі збольшага рэпрэзэнтатыўная, таму такое і ўспрыняцьце».
Расейскія санкцыі і стымул для разьвіцьця
Ці здольныя апошнія падзеі раскалоць грузінскае грамадзтва? «Ні ў якім разе», — упэўнена Тацяна Монцік.
«Дакладна акрэсьлілася такая дэталь: адрозна ад Беларусі, у Грузіі палітыка нікога не пакідае абыякавым. Моладзь любым спосабам гатовая адстойваць дэмакратычныя каштоўнасьці. 2008 год перакрэсьліў ранейшыя нармальныя адносіны, таму Расея была і застаецца сурʼёзныя раздражняльнікам. Безумоўна, ёсьць тыя, хто настальгуе па старых часах, але ня столькі па СССР, колькі па сваёй маладосьці. З кім не пагаворыш, ніхто ня скажа: хай прыйдзе Масква і намі кіруе. Гэта проста выключана».
21 чэрвеня ў адказ на «дэмарш» у дачыненьні прадстаўніка расейскага заканадаўчага сходу прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ, у адпаведнасьці зь якім ад 8 ліпеня ўводзіцца забарона на пасажырскія авіязносіны з Грузіяй. Пра гатоўнасьць стаць транзытным пасярэднікам, як падчас паветранага супрацьстаяньня Расеі з Украінай, ужо заявіла кампанія «Белавія».
Акрамя таго, як гэта традыцыйна здараецца падчас абвастрэньня міждзяржаўных стасункаў, актывізаваўся Рассельгснагляд — ведамства абвясьціла грузінскае віно неадпаведным высокім патрабаваньням расейскай якасьці.
«Усе толькі сьмяюцца, бо ў сёньняшняй сытуацыі і эмбарга 2008 году шмат падобнага, — сама ня стрымлівае ўсьмешкі Тацяна. — Але абмежаваньні, як ні дзіўна, саслужылі добрую службу. У прыватнасьці для вінаробства. Пачалі адраджацца старыя гатункі вінаграду, засяродзіліся не на колькасьці, а на якасьці. Пераарыентавалі галіну, ахапіўшы ўсю Эўропу, Кітай, Японію. У Расею можна пастаўляць сьмецьце, ніхто і не заўважыць — вада з цукрам, абы назва знаёмая. А з дасьведчаным спажыўцом такое не пракаціць, бо грузінскае віно дарагое, працаёмістае. Знаўцы разумеюць».
9 мільёнаў замежных турыстаў
Тацяна Монцік ня бачыць падставаў, каб вулічная актыўнасьць нэгатыўна адбілася на патоку турыстаў, якімі Грузія з году ў год імкліва прырастае. Паводле Нацыянальнай адміністрацыі турызму, летась невялікую краіну, дзе жыве 3,7 мільёна чалавек, наведалі амаль 9 мільёнаў іншаземцаў. Гэта на 15% больш, чым годам раней.
Для параўнаньня, паводле Белстату, за 2018 год Беларусь наведалі 365 тысяч замежных турыстаў.
«Грузія — краіна бясьпечная, асабіста я адчуваю сябе цудоўна. Дзяцей адпраўляю хоць грамадзкім транспартам, хоць таксі, і за іх спакойная. Нават на расейскую мову не рэагуюць з раздражненьнем, на беларускую тым больш. Цяпер усе мабілізаваліся ў сацсетках, намагаючыся разрэклямаваць краіну, узьняць яе на яшчэ большы ўзровень. Я таксама паставіла аватарку Spend your summer in Georgia („Правядзі сваё лета ў Грузіі“). Дарэчы, некаторыя дыпляматы пасьля заканчэньня місіі засталіся, купілі дамы, займаюцца вінаробствам і ўласным прыкладам прапагандуюць гэты райскі куток усяму сьвету».
На знак пратэсту супраць расейскай агрэсіі 2008 году ў Грузію пераехалі ў тым ліку некаторыя журналісты, актывісты, грамадзкія дзеячы з самой Расеі. Паводле Міністэрства юстыцыі гэтай краіны, за апошнія два гады грузінскае грамадзянства атрымалі амаль 8,5 тысячы чалавек, абсалютная бальшыня — 6,5 тысяч — прыпадае на Расею.
large 15 жорсткіх фатаздымкаў з пратэстаў у Тбілісі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тбілісі аднавілася акцыя пратэсту. Удзельнікі маюць адно патрабаваньне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ёсьць ажыятаж? «Белавія» расказала пра наступствы забароны палётаў між Грузіяй і Расеяй