Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць ажыятаж? «Белавія» расказала пра наступствы забароны палётаў між Грузіяй і Расеяй


Нацыянальны аэрапорт «Менск», ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Нацыянальны аэрапорт «Менск», ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Беларусь пакуль не скарысталася скасаваньнем авіяпалётаў з Расеі ў Грузію.

Настасься Навуменка з прэсавай службы авіякампаніі «Белавія» на пытаньне Свабоды, ці ёсьць пасьля забароны РФ на пасажырскія авіязносіны з Грузіяй сярод расейцаў ажыятаж на палёты туды зь Менску , адказала: «Не, працуем у штатным рэжыме».

На пытаньне, ці прапануе нацыянальны беларускі авіяперавозчык нешта дадатковае расейкім пасажырам для транзыту ў Грузію, Навуменка адказала: «На гэты момант ўсё застаецца, як было раней, лятаем па-ранейшаму».

Стасункі Расеі і Грузіі абвастрыліся пасьля таго, як у Тбілісі 20 чэрвеня пачаліся шматтысячныя акцыі пратэсту, на якіх сярод іншага гучалі антыкрамлёўскія лёзунгі.

Пратэсты ў Грузіі выкліканыя тым, што дэпутат Дзярждумы РФ Сяргей Гаўрылаў, галава дэлегацыі Міжпарлямэнцкай асамблеі праваслаўя, які падтрымлівае прызнаньне Масквой незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, заняў крэсла сьпікера грузінскага парлямэнту і зьвярнуўся да прысутных на расейскай мове.

21 чэрвеня прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ, у адпаведнасьці зь якім з 8 ліпеня ўводзіцца часовая забарона на пасажырскія авіязносіны з Грузіяй. Турапэратарам і турагентам рэкамэндавана «на час дзеяньня забароны ўстрымлівацца ад рэалізацыі грамадзянам турыстычнага прадукту, які прадугледжвае перавозкі (у тым ліку камэрцыйныя) грамадзян з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыю Грузіі».

Пасьля гэтага прэзыдэнтка Зурабішвілі заклікала расейскіх турыстаў працягваць прыяжджаць у Грузію, а кіраўнік асацыяцыі гатэляў і рэстаратараў Грузіі зьвярнуўся ў Міністэрства эканомікі Грузіі з прапановай арганізаваць для расейскіх турыстаў бясплатныя аўтобусы з аэрапортаў Баку (Азэрбайджан), Ерэвану (Армэнія) і Трабзону (Турэччына), а таксама дадатковыя чартэры ў Грузію зь іншых краін, у прыватнасьці з краінаў Балтыі, Украіны і Казахстану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG