«30 чэрвеня Ўладзімір Пуцін наведае Рэспубліку Беларусь з рабочым візытам, падчас якога возьме ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі закрыцьця II Эўрапейскіх гульняў», — гаворыцца ў паведамленьні.
Наведаць цырымонію закрыцьця гульняў Пуціна запрасіў Аляксандр Лукашэнка падчас тэлефоннай размовы 25 чэрвеня. Прэзыдэнты «коратка абмеркавалі двухбаковы парадак дня», паведаміла па выніках гутаркі прэсавая служба Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У які фатэль сядзе Пуцін у Эўропе і ў Беларусі?Цырымонія закрыцьця Эўрапейскіх гульняў пройдзе ўвечары 30 чэрвеня на стадыёне «Дынама». На ёй таксама чакаецца прысутнасьць прэзыдэнта Таджыкістану Эмамалі Рахмона, паведамляла раней прэсавая служба Лукашэнкі.
Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.