ІІ Эўрапейскія гульні праходзяць у Менску з 21 па 30 чэрвеня, але яшчэ 18-га па цэнтральным праспэкце сталіцы несьлі «Полымя міру» — і ўтварыўся вялікі затор. Падчас гульняў таксама перакрываюць рух на цэнтральных вуліцах.
24 чэрвеня ад 9-й раніцы да 13:30 перакрывалі рух машынаў па маршруце роварных гонак, якія праходзілі ў самым цэнтры, між «другім кальцом» і праспэктам Незалежнасьці, а таксама Ціміразева ад цэнтру і да праспэкту Пушкіна. Пры тым першапачаткова паведамлялася, што перакрываць вуліцы будуць з 7:30, але закрыцьцё перанесьлі ўжо пасьля анансаванага часу. 25 чэрвеня будуць перакрываць тыя ж вуліцы — але ўжо з 7 да 17 гадзінаў.
Беларусы зноў выказвалі абурэньне заторамі ў праграме «Яндэкс.Навігатар». У адрозьненьне ад, напрыклад, Google Maps ці Maps.me, яна дазваляе ня толькі бачыць хуткасьць руху затораў, але і пакідаць паведамленьні іншым кіроўцам.
Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.