Падчас цырымоніі адкрыцьця Эўрапейскіх гулньяў у Менску 22 чэрвеня палітык з Босьніі і Герцагавіны, які займае намінальна найвышэйшую пасаду дзяржавы, пакінуў ложу ганаровых гасьцей на стадыёне «Дынама», але вярнуўся, паведамляе басьнійскі тэлеканал BN.
«Калі я пабачыў выхад [дэлегацыі] Косава, я ўстаў і пакінуў ложу, — расказаў сам Міларад Додзік. — Калі яны прайшлі і зьніклі з поля зроку, я вярнуўся зноў».
Дэлегацыі Босьніі і Герцагавіны, а таксама Сэрбіі, Додзік вітаў. Ён таксама адзначыў, што разумее крок прэзыдэнта Сэрбіі, які не прысутнічаў на цырымоніі з прычыны ўдзелу дэлегацыі Косава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Сэрбіі: Лукашэнка ледзь ня плакаўМіларад Додзік — намінальны кіраўнік Босьніі і Герцагавіны. Ён былы прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбскай у складзе Босьніі і Герцагавіны — часткова аўтаномнага рэгіёну (энтытэту), які складаецца зь дзьвюх абласьцей (і непадкантрольнай сэрбскім уладам акругі Брчко паміж імі), населеных пераважна басьнійскімі сэрбамі. Цяпер Додзік займае пасаду старшыні ў прэзыдэнцтве краіны — калектыўным найвышэйшым органе ўлады, які складаецца з аднаго басьнійца, аднаго харвата і аднаго сэрба (ратацыя старшыняў адбываецца раз на 8 месяцаў, цяпер старшыня — сэрб Додзік).
За чатыры месяцы да гэтага Додзік удзельнічаў у адкрыцьці Эўрапейскага юнацкага фэстывалю ў басьнійскай сталіцы Сараева і не байкатаваў яго, нягледзячы на ўдзел касавараў. Адзначаецца, што ён «шмат гаварыў пра алімпійскі дух і абарону спартовага гонару».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армію Сэрбіі прывялі ў поўную баявую гатоўнасьць пасьля сэрыі арыштаў у КосавеКосава прызналі незалежнай дзяржавай больш як сто краінаў сьвету. Але Беларусь (як і Расея і Ўкраіна) не прызнае Косава незалежнай дзяржавай, а лічыць часткай Сэрбіі. Рэгіён Косава цяпер населены пераважна этнічнымі альбанцамі, але сэрбы лічаць яго «калыскай» Сэрбіі і не пагаджаюцца на аддзяленьне вобласьці. Этнічны канфлікт у Косава стаў адной з прычынаў удзелу NATO у югаслаўскіх войнах 1990-х гадоў, у выніку ў Косава быў уведзены кантынгент ААН, а рэгіён стаў дзейнічаць фактычна як незалежная дзяржава.