Госьць «Інтэрвію тыдня» — палітоляг Павал Вусаў. Ён лічыць, што Масква хоча вырашыць пытаньне зь Беларусьсю як мага хутчэй, тлумачыць, чаму Менск ужо амаль не супраціўляецца Крамлю, і заяўляе, што нават у гэтай сытуацыі грамадзянская супольнасьць застаецца для Лукашэнкі большым ворагам і пагрозай, чым Масква.
Сьцісла
- Крэмль будзе ціснуць на Менск да апошняга, каб закрыць тэму паглыбленьня інтэграцыі.
- Калі з інтэграцыяй нічога не атрымаецца — для Масквы гэта будзе сур’ёзны геапалітычны правал. Яна прадэманструе сваю слабасьць.
- Менск не ацэньвае сытуацыю стратэгічна. Менск выглядае як аб’ект інтэграцыйнага націску.
- Грамадзянская супольнасьць застаецца для Лукашэнкі большым ворагам і пагрозай, чым Масква.
Масква хоча вырашыць пытаньне зь Беларусьсю як мага хутчэй
— Менск і Масква стварылі працоўныя групы для ўзгадненьня пазыцыяў у справе інтэграцыі і прызначылі дэдлайн — 21 жніўня. Менавіта ў гэты дзень у Менск прыяжджае прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў. Як вы лічыце, ці варта чакаць абвяшчэньня нейкіх супольных рашэньняў, узгодненых пазыцыяў?
— Я думаю, у найбліжэйшыя дні могуць прагучаць заявы, зьвязаныя з аб’яўленьнем асноўных момантаў, пра якія вядзецца размова, стварэньнем ключавых інтэграцыйных аспэктаў — адзіная валюта, адзіны эмісійны цэнтар. Магчыма, сёньня мы пачуем ключавыя выказваньні наконт гэтага. Мяркую, Крэмль будзе ціснуць на Менск да апошняга, каб закрыць тэму паглыбленьня інтэграцыі.
Відавочна, што Масква сьпяшаецца з дадзеным праектам. Ад посьпехаў на гэтым кірунку будзе залежаць і далейшая стратэгія Крамля, што тычыцца пэрспэктываў для Пуціна. Для Масквы важна менавіта сёньня паставіць кропку ў ключавых пытаньнях. Гэта будзе мець сымбалічны аспэкт, зьвязаны з тым, што 22 чэрвеня пачалася Вялікая Айчынная вайна.
— Няўжо вы разьлічваеце, што могуць быць аб’яўленыя ўзгодненыя пазыцыі па тых момантах, па якіх беларускі бок даволі пасьпяхова адбіваўся ўсе гэтыя гады і даваў зразумець, што ня пойдзе тут на нейкія саступкі — адзіная валюта, адзіная падатковая і мытная палітыка, нават адзіная візавая палітыка?
— Зьмяніўся падыход Расеі да інтэграцыйнага працэсу. Яшчэ некалькі гадоў таму гэты падыход быў больш фармальны. А цяпер відавочна, што Крэмль жадае перавесьці «саюзны працэс» у практычную плоскасьць. Варта прыгадаць і ўчорашнюю заяву Пуціна, дзе ён ясна даў зразумець, што Масква накіраваная на пабудову паўнавартаснай «саюзнай дзяржавы». Што гэта такое — мы добра ведаем, калі прыгадаем, як выглядаў Савецкі Саюз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: сёньня не стаіць пытаньне аб’яднаньня Расеі і Беларусі ў адну дзяржавуГэта прымушае мяне казаць, што Масква зацікаўленая ў вырашэньні гэтага пытаньня як мага хутчэй. Тым больш прагучалі ўжо заявы, што на 90 працэнтаў усе пагадненьні ўжо ўзгодненыя.
— Вы верыце ў гэтыя заявы? Можа, гэта была проста форма псыхалягічнага ціску на Менск? У гісторыі беларуска-расейскіх адносінаў такое здаралася ўжо ня раз, калі абвяшчаліся нейкія дамоўленасьці — а потым яны зрываліся. Пуцін нават указ падпісваў пра вайсковую базу, а базы так і няма.
— На жаль, раней не было вайны ва Ўкраіне, не было такой жорсткай канфрантацыі паміж Расеяй і Захадам. Для Масквы цяпер «саюзная дзяржава» — гэта вельмі важны геапалітычны крок, гэта прасоўваньне геапалітычных інтарэсаў далей на Захад. Менавіта Масква ставіць умовы Менску, а не наадварот. Тое, што ўсё гэта трымалася ў сакрэце, сьведчыць, што Крэмль зацікаўлены ў тым, каб рэалізавалася ягонае бачаньне «саюзнай дзяржавы».
Калі ў выніку ўсяго гэтага нічога не атрымаецца — для Масквы гэта будзе сур’ёзны геапалітычны правал. Яна прадэманструе сваю слабасьць, і Менск атрымае больш дывідэндаў. І Масква ня можа гэтага дапусьціць, бо гэта будзе доказам для Захаду, што Расея слабая.
— З матывацыяй Масквы мы (прынамсі, у нашай размове) разабраліся. Але — што можа адказаць Менск? Ці ён павінен 1) пайсьці на жорсткую канфрантацыю, ці 2) спрабаваць зацягнуць перамовы, ці 3) у выбарчы год Лукашэнку важная ляяльнасьць Масквы, таму ён можа трошкі саступіць на паўгода-год?
— Для Беларусі ўвогуле лепей было б не ісьці на гэтыя перамовы. То бок Менск увогуле не ацэньвае сытуацыю стратэгічна, глядзіць на яе з кароткай пэрспэктывы. Вось мы зараз на паўгода сытуацыю забалбочам, а потым у нас узьнікне новае акно магчымасьцяў. Напэўна, гэты падыход і запанаваў, калі пайшла размова пра стварэньне гэтых групаў. Верагодна, Менск палічыў, што Расея будзе зацягнутая ў новыя канфрантацыйныя сытуацыі, і гэта адцягне ўвагу Крамля. У гэтым сэнсе беларускі бок прайграў.
Была магчымасьць зацягнуць гэты працэс — зьліць інфармацыю адносна таго, пра што вядуцца перамовы. Але нават тут Менск паводзіў сябе вельмі пасіўна. То бок Менск выглядае як аб’ект інтэграцыйнага ўзьдзеяньня. Бачна, што нейкіх рэсурсаў, каб адыграць і нешта супрацьпаставіць Маскве, — няма. І спадзяваньні пераносіліся не на нейкія ўласныя рэсурсы, а на чаканьне нейкіх зьнешніх фактараў, якія маглі б пераламіць сытуацыю. Але гэтых фактараў не зьявілася. І цяпер, на маю думку, Менск выглядае як ахвяра, якая ідзе на эшафот, і ўсё залежыць ад таго, які прысуд вынесе Масква.
Альбо Менск працягвае інтэграцыйныя працэсы з Расеяй, альбо выходзіць зь іх і дэнансуе дамоўленасьці аб саюзнай дзяржаве
— А чым вы патлумачыце гэтую пасіўнасьць? Раней, як мы памятаем, Лукашэнка дазваляў сабе вельмі «непасіўныя» паводзіны, нават пасьля 2014 году. Чаму апошнія паўгода-год беларускі бок асабліва «ня рыпаецца»?
— Скончыліся рэсурсы, перш за ўсё эканамічныя, каб утрымліваць сытуацыю ў краіне. Ня трэба забывацца, што ўся беларуская гаспадарка пабудаваная на расейскіх датацыях, расейскіх крэдытах і расейскім рынку. І за гэты час, пасьля Крыму, Менск нічога не зрабіў, каб нейкім чынам аздаравіць эканоміку, пераарыентавацца на іншыя рынкі, дывэрсыфікаваць энэргарэсурсы. Наадварот, пабудавалі атамную станцыю за расейскія грошы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Валютная інтэграцыя на шкоду сувэрэнітэту немагчымая». 10 тэзаў пасла Беларусі ў Расеі пра «саюзную дзяржаву»Ніякіх высілкаў не рабілася, каб абараніць эканамічны і стратэгічны сувэрэнітэт ад Расеі. Я ўжо не кажу пра стварэньне адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны і гэтак далей. Лукашэнка рабіў дэклярацыі, але за імі няма рэсурснай базы. У Маскве гэта разумеюць, і Менск паводзіць сябе як ахвяра.
Што застаецца? Пасьля 2014-га ўтварылася абсалютна ясная сытуацыя — альбо Менск працягвае інтэграцыйныя працэсы з Расеяй, альбо выходзіць зь іх і дэнансуе дамоўленасьці аб саюзнай дзяржаве. Што цікава — Менск ня ў стане зрабіць ані першага, ані другога — і з прычыны псыхалягічных, і палітычных момантаў. У выніку Беларусь зацягваецца ў вір, і нам застаецца назіраць, як мы губляем краіну.
— Магчыма, толькі назіраць — гэтага мала. Якраз у апошнія тыдні ў сацыяльных сетках актыўна абмяркоўваецца, як незалежнае грамадзтва можа паўплываць на гэтыя працэсы. Ня толькі назіраць, але і спрабаваць умяшацца ў іх.
— Безумоўна, умяшацца варта, і гэта было б натуральным. Лукашэнка даўно б мог зрабіць з апазыцыі саюзьніка хаця б на гэты кароткі пэрыяд перамоваў з Расеяй. Гэтага ня толькі не было зроблена, але грамадзянская, дэмакратычная супольнасьць застаецца для Лукашэнкі большым ворагам і пагрозай, чым Масква.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Макея лічаць мэнтарам Віктара Лукашэнкі». Што былы польскі пасол у Менску напісаў у кнізе пра БеларусьКалі б ён быў зацікаўлены ў тым, каб зацягнуць ці сарваць гэтыя перамовы, то былі б зробленыя дзьве рэчы. Па-першае, адбыўся б нейкі зьліў, пра што вядуцца гэтыя перамовы — можна было б проста даць адказ на пытаньні дэпутатаў Канапацкай і Анісім. І другое — даць зялёнае сьвятло апазыцыйным арганізацыям для правядзеньня мітынгаў і акцыяў у падтрымку палітычнай незалежнасьці. Дык нават гэтага не было зроблена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Захадзе ўжо рыхтуюцца да таго, што ў 2024 годзе Беларусь будзе інкарпараваная ў Расею, — Сівіцкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь замарожаная ў часе толькі для тых, хто прыехаў на паўгадзіны, — гісторык Тымаці Гартан Эш