Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым стылістычная розьніца паміж беларускім і расейскім рэжымамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выпадак з затрыманьнем расейскага журналіста Галунова дазваляе лішні раз адзначыць стылістычныя асаблівасьці і адрозьненьні расейскага і беларускага рэжымаў.

У абарону Галунова, акрамя журналістаў, выступаюць расейскія сьпевакі, дзеячы культуры, мастацтва. Рэжысэры фільмаў, зьнятых за дзяржаўныя грошы; артысты тэатраў, якія існуюць за бюджэтныя датацыі. Ці вось Андрэй Макарэвіч — на Краснай плошчы быў заплянаваны ягоны выступ 12 чэрвеня (яго адмянілі, каб Макарэвіч з трыбуны не сказаў нешта ў абарону журналіста). Але паглядзіце: гэта чалавек, які крытыкуе ўладу, крытыкуе «крымнаш», выказваецца даволі рэзка пра самыя розныя пытаньні, — а ўлада запрашае яго выступаць на Краснай плошчы ў дзень галоўнага афіцыйнага сьвята.

Журналісты, якія праяўляюць салідарнасьць з Галуновым, нярэдка працуюць у выданьнях, заснаваных калядзяржаўным бізнэсам. Тое ж «Эхо Москвы», нагадаю, фінансуецца «Газпромам», але дазваляе сабе даволі шмат жорсткай крытыкі ўладаў.

У Беларусі такое немагчыма. Сыстэма іншая, прынцыпы ўлады у сэнсе кантролю над творчымі людзьмі іншыя. Калі ты працуеш у дзяржаўным тэатры, здымаесься на «Беларусьфільме» ці выступаеш на дзяржаўных канцэртах, ты аўтаматычна не павінен нічога няправільнага вякаць пра палітыку. Што-небудзь там пра мову можна паплакацца (але нячаста), нейкага чыноўніка пакрытыкаваць (але невялікага) — і гэта максымум дазволенага.

У гэтым сэнсе ў нас сапраўды «калхозная» дыктатура, а расейская — імкнецца прыкідвацца «просвещённой». У Беларусі любыя творцы, якія хоць раз былі заўважаныя ў прынцыповай апазыцыйнасьці, назаўжды адлучаюцца ад дзяржаўных крыніц. Нават цалкам незалежным ад дзяржавы праектам нярэдка чыняць усялякія перашкоды — толькі з прычыны неляяльнасьці да цяперашняга курсу.

У Беларусі ўлада адштурхоўвае ненадзейных творцаў, у Расеі імкнецца іх прыручыць. Пакуль Лукашэнка не жадае нават згадваць імя Быкава ці Алексіевіч, Пуцін уручае Міхаілу Жванецкаму ордэн.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG