Аляксандар Лукашэнка 21 чэрвеня сустрэўся ў Менску зь дзяржаўным міністрам гандлёвай палітыкі Вялікай Брытаніі Джорджам Голінгбэры.
Лукашэнка адзначыў, як піша ягоная прэс-служба, што, «быць можа, выпадак ня той, у час якога можна паглыбіцца ў нашыя дачыненьні зь Вялікай Брытаніяй», але згадаў і беларуска-брытанскія стасункі, і ўнутраныя ды міжнародныя справы Злучанага каралеўства.
Ён заявіў, што ставіцца да выхаду Брытаніі з Эўразьвязу нэгатыўна, але, «зыходзячы зь дзяржаўных пазыцыяў, у Brexit ёсьць шмат станоўчых момантаў».
«Найперш тое, што вы становіцеся больш свабоднай дзяржавай, незалежнымі ад амаль трох дзясяткаў галасоў Эўрапейскага зьвязу, — растлумачыў Лукашэнка. — Для нас гэта выгадна тым, што мы можам больш свабодна і апэратыўна наладжваць стасункі паміж Вялікай Брытаніяй і Беларусьсю».
Як Голінгбэры адрэагаваў на гэта, не паведамляецца. Але згадваецца, што ён заявіў пра інтарэс Вялікай Брытаніі да Беларусі, прыгадаў неаднаразовыя сустрэчы з амбасадарам і сустрэчу зь міністрам замежных справаў Беларусі з абмеркаваньнем пытаньняў імпарту і экспарту, наведваньне Парку высокіх тэхналёгіяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызначаны магчымы пераемнік МэйБрытанцы прагаласавалі за выхад з Эўразьвязу на рэфэрэндуме 2016 году. Першапачаткова меркавалася, што Brexit адбудзецца 29 сакавіка 2019 году. Але парлямэнт Брытаніі не ўхваліў таго сцэнару выхаду і такіх гандлёвых пагадненьняў, на якія ўрад краіны дамовіўся з Эўразьвязам. Празь нежаданьне парлямэнту прыняць Brexit па сцэнары ўраду прэм’ер-міністарка Брытаніі пайшла ў адстаўку, а сам выхад быў адкладзены прынамсі да 31 кастрычніка. Сярод варыянтаў цяпер разглядаецца спроба новага пагадненьня аб выхадзе, выхад без пагадненьня або паўторны рэфэрэндум.