Эўракамісар у пытаньнях эўрапейскай палітыкі суседзтва і перамоваў аб пашырэньні Ёганэс Ган лічыць Brexit вынікам шматгадовай прапаганды папулістаў супраць Эўропы.
Пра гэта ён заявіў у інтэрвію нямецкай газэце Handelsblatt.
Паводле Гана, разам з Брытаніяй Эўразьвяз страціць краіну, якая ўнесла вялікі ўклад у разьвіцьцё ЭЗ, асабліва ў зьнешняй палітыцы, палітыцы бясьпекі і ў эканоміцы.
«Brexit зьяўляецца вынікам шматгадовай папулісцкай прапаганды супраць Эўропы. Было распаўсюджана шмат хлусьні і дадзеныя нерэальныя абяцаньні», — сказаў эўракамісар.
Разам з тым, на думку Гана, выхад Брытаніі з ЭЗ ня зробіць уплыву на працэсы пашырэньня блёку.
«Я ня веру, што Brexit будзе мець уплыў на пашырэньне ЭЗ — ні станоўчы, ні адмоўны. Ніхто ў Эўропе ня кажа, што пасьля страты Брытаніі мы павінны неадкладна дадаць некалькі новых дзяржаваў, каб кампэнсаваць выхад. Гэтак жа выхад Брытаніі не зьяўляецца падставай, каб спыніць працэс інтэграцыі Заходніх Бальканаў», —адзначыў ён.
Як паведамлялася, эўракамісар Ган лічыць, што адначасовае ўступленьне ўсіх краін Заходніх Бальканаў у ЭЗ было б найлепшым варыянтам, аднак на практыцы гэты варыянт не спрацуе.