Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп параіў Лёндану не выплачваць 39 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў (каля 44 мільярдаў эўраў) Брусэлю за Brexit.
«Гэта вялізныя грошы», — заявіў ён у інтэрвію газэце Sunday Times, дадаўшы, што на месцы ўладаў Вялікай Брытаніі «ня стаў бы плаціць» суму, запісаную ў дамове.
Дональд Трамп прапанаваў адправіць на перамовы ў Брусэль эўраскептыка Найджэла Фараджа, якога прэзыдэнт назваў «вельмі талковым чалавекам». Амэрыканскі лідэр таксама заклікаў краіну выйсьці з ЭЗ без дадатковых пагадненьняў у выпадку, калі варыянты, прапанаваныя ЭЗ не спадабаюцца Злучанаму Каралеўству.
Са словаў амэрыканскага прэзыдэнта, ён таксама прапаноўваў прэм’ер-міністарцы Тэрэзе Мэй «падаць у суд» на ЭЗ, каб узмацніць свой уплыў на Брусэль. У які менавіта суд Трамп прапаноўваў падаць заяву, не ўдакладняецца.