Міхаіл Жамчужны, які два апошнія гады адбывае пакараньне ў Горацкай калёніі, адмаўляецца ісьці ў атрад, за што яго нязьменна караюць пераводам у ізалятар ці памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ).
Жамчужны, паводле ягонага адваката, падаў ужо больш за 50 скаргаў на пакараньні ў Горацкай папраўчай калёніі № 9. Усе яны не былі задаволеныя.
17 чэрвеня Магілёўскі абласны суд пакінуў без задавальненьня чарговую скаргу Міхаіла Жамчужнага на спагнаньне з Горацкай калёніі. Нагодай для яе стаў чарговы перавод Жамчужнага ў памяшканьне камэрнага тыпу на 2 месяцы.
Так Жамчужнага пакаралі за адмову падпарадкоўвацца загаду пра пераход у атрад для пражываньня зь іншымі асуджанымі (атрад у калёніі — гэта група зьняволеных, якая пражывае ў адным памяшканьні пад кіраўніцтвам аднаго турэмнага начальніка).
Агулам Міхаіл Жамчужны за два гады адбыцьця пакараньня ў Горках больш за 50 разоў абскарджваў у судах спагнаньні адміністрацыі, кажа ягоны адвакат Вадзім Мушынскі.
Паводле праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, Міхаіл Жамчужны адбыў у штрафным ізалятары і памяшканьні крытага тыпу паўтара года з двух, якія ён знаходзіцца ў Горацкай калёніі.
Чаму вязень Жамчужны ня хоча ў атрад?
Жамчужны аргумэнтуе непадпарадкаваньне адміністрацыі жаданьнем папярэдзіць пагрозу асабістай бясьпекі, а таксама замаху на чалавечыя гонар і годнасьць. Ён настойвае, што пагроза зыходзіць ад іншых асуджаных і патрабуе, каб у калёніі яму знайшлі бясьпечнае месца для адбыцьця пакараньня. Ягоныя звароты застаюцца без задавальненьня.
Міхаіла Жамчужнага караюць штрафным ізалятарам ці адпраўляюць у памяшканьні камэрнага тыпу ад 2017 году. Тады ў яго адбыўся канфлікт зь іншымі асуджанымі, які прывёў да таго, што яму пачалі пагражаць фізычнай расправай. Каб папярэдзіць канфлікт, адміністрацыя пэрыядычна пераводзіла Жамчужнага з аднаго атраду ў другі, аднак гэта не дапамагло.
Факт канфлікту прызнаў Горацкі суд, які палічыў, аднак, што асуджаны «пераацэньвае» значэньне сваіх довадаў наконт канфлікту.
Паводле адваката Вадзіма Мушынскага, Жамчужны бачыць выйсьце з сытуацыі ў сваёй ізаляцыі. Адміністрацыя калёніі рэгулярна ізалюе яго, накладаючы спагнаньні. Такая форма «ратаваньня» асуджанага мае нэгатыўныя наступствы.
Жамчужны ў калёніі стаіць на ўліку як злосны парушальнік рэжыму. Гэты статус не дае яму разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ці амністыю. Як злосны парушальнік ён пазбаўлены спатканьняў з роднымі. За пяць гадоў няволі Жамчужны бачыўся толькі з адвакатам.
Вадзім Мушынскі адзначае: калі адміністрацыя калёніі задаволіць звароты Жамчужнага і зьмесьціць яго ў бясьпечнае месца, то гэтым самым прызнае факт рэальнай пагрозы яму. Паводле яго, сам Жамчужны ня пойдзе ў атрад і лічыць, што сытуацыя, у якой ён апынуўся, створана штучна, каб ускладніць яму жыцьцё.
На ўмовы адбыцьця пакараньня ў штрафным ізалятары Жамчужны ня скардзіцца, кажа адвакат. На сустрэчы зь ім вязьня водзяць так, каб ён не перасякаўся зь іншымі асуджанымі.
Хто такі Жамчужны
- Міхаілу Жамчужнаму 62 гады. Выкладаў у Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце. Кіраваў дасьледчай лябараторыяй, якая працавала над атрыманьнем вадароду для выкарыстаньня ў прамысловасьці.
- У 2008 годзе быў асуджаны за эканамічныя злоўжываньні на 4 гады. Вырак абскарджваў, але марна;
- У 2012 годзе па вызваленьні заняўся праваабарончай дзейнасьцю, стаў адным заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн»;
- У 2015 годзе асуджаны Віцебскім абласным судом: быў прызнаны вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага выдаваньня зьвестак, якія складаюць службовую тайну, у незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, і ў даваньні хабару;
- Быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Судовая калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суду прызначыла яму 6,5 года пазбаўленьня волі.
- Справу разглядалі суды ў закрытым рэжыме. Сваёй віны не прызнаў.
- Адбываў пакараньне ў калёніях ў Навасядах і Івацэвічах. Апошнія два гады знаходзіцца ў Горацкай папраўчай калёніі № 19;
- Праваабаронцамі прызнаны палітвязьнем. Яны дамагаюцца, каб прысуд быў адменены і каб справу перагледзелі ў адкрытым судовым паседжаньні.
- На свабоду мае выйсьці ў лютым 2021 году.
Бандарэнка рыхтуе скаргу ў ААН
Дырэктар праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка сказаў Свабодзе, што рыхтуе скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН ад імя Жамчужнага. У ёй зьверне ўвагу на:
- жорсткае абыходжаньне, якое зьневажае чалавечую годнасьць;
- адсутнасьць справядлівага судовага разбору, у тым ліку немагчымасьць прысутнасьці асуджанага на судах, каб адстойваць сваю пазыцыю;
- пагрозу жыцьцю і здароўю асуджанага.Андрэй Бандарэнка лічыць, што Міхаіл Жамчужны — ахвяра правакацыі.
Андрэй Бандарэнка лічыць, што Міхаіл Жамчужны — ахвяра правакацыі беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы, якая адпрацоўвалася ў Горацкай калёніі на палітвязьнях Зьмітру Дашкевічу і Аляксею Мілюкову. «Гэта так званыя гульбішчы з крымінальнымі традыцыямі», — кажа праваабаронца.
«Чуткі праз давераных асоб адміністрацыі папраўчай калёніі пра нізкі статус асуджанага распаўсюджваецца сярод іншых асуджаных, і ў сілу таго, што ў месцах пазбаўленьня волі сталыя крымінальныя традыцыі, то асуджаныя вымушаныя іх выконваць. Палітвязень трапляе ў так званую нізкую касту, і ў яго ўзьнікае шэраг абмежаваньняў, якія не дазваляюць яму жыць у няволі», — адзначае былы палітвязень Андрэй Бандарэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А гэтыя дабілі чалавека». На «Валадарцы» памёр вязень, пра якога турэмшчыкі казалі, што імітаваў кому