Праваабарончы цэнтар «Вясна» падрыхтаваў аналітычны агляд «Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2018 годзе». Цалкам з дакумэнтам можна азнаёміцца на сайце арганізацыі.
Праваабаронцы зрабілі 12 галоўных высноваў:
- нягледзячы на зьніжэньне агульнага ўзроўню рэпрэсій у краіне ў параўнаньні з папярэднім годам, сыстэмных зьменаў у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў, у першую чаргу на заканадаўчым узроўні, на працягу 2018 году не адбылося;
- падаўшы справаздачу ў Камітэт правоў чалавека ААН аб выкананьні палажэньняў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах упершыню за апошнія 20 гадоў, Рэспубліка Беларусь ліквідавала запазычанасьць перад дагаворнымі органамі ААН. Аднак адмова дзяржавы ад выкананьня парадаў, прынятых КПЧ па індывідуальных зваротах, а таксама іншых працэдураў, сьведчыць аб выбіральнасьці супрацы з ААН і невыкананьні ў поўным аб’ёме добраахвотна ўзятых абавязаньняў у галіне правоў чалавека;
- нягледзячы на адсутнасьць цягам году значных грамадзка-палітычных падзеяў у краіне, улады працягвалі практыку палітычна матываванага крымінальнага перасьледу. Паводле «Вясны», цягам году гэты від рэпрэсій ужываўся ў дачыненьні 18 чалавек, 15 зь іх былі абвінавачанымі ў так званай «справе БелТА». Актывістаў незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая абвінавацілі ва «ўхіленьні ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры»;
- у турме па-ранейшаму знаходзіўся палітвязень Міхаіл Жамчужны, на якога цягам году адміністрацыя калёніі працягвала ціснуць;
- у 2018 годзе істотна не зьмянілася становішча з правамі на асабістую недатыкальнасьць, свабоду ад катаваньняў, жорсткага, бесчалавечнага і зьневажальнага абыходжаньня;
- цягам году зафіксаваны 184 выпадкі прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных сходах у дачыненьні 144 чалавек: арышты прызначаліся 21 раз, штрафы былі вынесеныя ў 163 выпадках на 4 363 базавыя велічыні — 106 893,5 рубля;
- зафіксаваныя шматлікія выпадкі перасьледу блогераў і журналістаў незалежных СМІ ў сувязі з ажыцьцяўленьнем імі прафэсійнай дзейнасьці. Зафіксаваныя 132 выпадкі прыцягненьня 36 журналістаў да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе штрафаў за супрацу з замежнымі СМІ на суму 113 092 рублі. Зьмены ў закон «Аб СМІ», якія ўступілі ў сілу, уводзяць новыя абмежаваньні ў інтэрнэт-сфэры;
- мелі месца факты ціску на праваабаронцаў у сувязі з ажыцьцяўленьнем iмi праваабарончай дзейнасьці;
- нягледзячы на працяг дыялёгу з Эўразьвязам і Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы ў праблеме сьмяротнага пакараньня і заклікі да ўвядзеньня мараторыю, у Беларусі працягвалі прымяняць гэты від пакараньня. У 2018 годзе вынесеныя два новыя сьмяротныя прысуды, а чатыры раней вынесеныя выканалі;
- працягваюць фіксавацца парушэньні права на свабоду сумленьня і веравызнаньня: рэлігійныя суполкі сутыкаюцца з празьмернымі патрабаваньнямі пры рэгістрацыі; дзейнасьць рэлігійных суполак без рэгістрацыі забароненая; закон празьмерна абмяжоўвае правы вернікаў і іхных абʼяднаньняў без правамерных падстаў;
- у 2018 годзе пачалося прымяненьне на практыцы палажэньняў новай вэрсіі дэкрэту Лукашэнкі № 3 (у рэдакцыi дэкрэту № 1 ад 2018/01/12 г.). У адмыслова створаную электронную базу ўнесеныя дадзеныя больш за 500 000 грамадзян, «не занятых у эканоміцы»;
- цягам году ў краіне актыўна ўжывалася прымусовая праца ў формах, якія сталі ўжо традыцыйнымі для Беларусі: ізаляваных у ЛПП, «абавязаных асобаў», прыцягнутых мясцовымі выканкамамі да ўборкі сельгаспрадукцыі, удзелу ў суботніках і г.д.