Да галадоўкі «Маці 328» далучылася яшчэ адна жанчына

Партрэты асуджаных дзяцей «Маці 328» на лецішчы, дзе адбываецца галадоўка

Сёмы дзень працягваецца галадоўка актывістак руху «Маці 328», якія дамагаюцца сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і лібэралізацыі антынаркатычнага заканадаўства Беларусі.

Галадоўка праходзіць у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну. У ёй бяруць удзел тры актывісткі: Алай Берналь, Алена Кузьміна і Людміла Кулініч.

Яны выказваюць незадавальненьне прынятымі 13 чэрвеня ў другім чытаньні папраўкамі ў артыкул 328 Крымінальнага кодэксу і патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, каб былі зьменшаныя максымальныя тэрміны паводле артыкулу 328 КК і перагледжаныя ўжо вынесеныя выракі.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»

11 чэрвеня актывісткі руху «Маці 328», дзеці якіх адбываюць пакараньне паводле наркатычнага артыкулу, абвясьцілі галадоўку.

Удзельнікі галадоўкі патрабуюць

  • Сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам;
  • Гуманізацыі антынаркатычнага заканадаўства;
  • Перагляду спраў па 328-м артыкуле;
  • Прыбраць з закону паняцьце «асабліва небясьпечныя наркотыкі»:
  • Адстаўкі старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы;
  • Амністыі для непаўналетніх;
  • Роспуску Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага cходу.

13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады.

У красавіку-траўні 2018 годe актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе. Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкулу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.

Жанчыны аслаблі, зьнізіўся ціск

Пра тое, як паўплывала галадоўка на здароўе жанчын, Свабодзе расказала Алена Кузьміна, гаспадыня лецішча, дзе праходзіць іх пратэст:

Алена Кузьміна

«Мы з Алай Берналь пакуль на стан здароўя ня скардзімся: аслабелі, зьнізіўся ціск, але трымаемся. Людміла Кулініч адчувае сябе горш, яна часьцей за іншых ляжыць. Гэтак было зь ёй і летась падчас галадоўкі, але яна мужна трымаецца. Учора да нас прыяжджалі лекары, замяралі ціск, аглядалі нас. Таксама рэгулярна бываюць псыхолягі з Чырвонага Крыжа, праводзяць з намі гутаркі, даюць парады.

Кожны дзень, каб падтрымаць, прыяжджае нехта з руху „Маці 328“ ці бацькі, якіх таксама тычыцца гэтая праблема. Заяжджаў паглядзець на нашы ўмовы старшыня мясцовага сельсавету, а вось начальства вышэйшага пакуль не было», — распавяла Алена Кузьміна.

Чацьвёртая галадоўніца

17 чэрвеня, на сёмы дзень галадоўкі актывістак руху «Маці 328», у вёску Востраў Пухавіцкага раёну прыехала сямʼя этнічных узбэкаў, якія шмат гадоў жывуць у Беларусі і тут гадуюць дваіх дзяцей.

Натальля і Асур (імёны зьмененыя) прыехалі падтрымаць галадоўніц і падзяліцца сваёй праблемай.

Іх сын сядзіць у Бабруйскай калёніі для непаўналетніх. Нядаўна яму споўнілася 16 гадоў, а затрымалі яго летась 15-гадовым, асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі паводле 3-й часткі 328-га артыкулу — за распаўсюд наркотыкаў.

Натальля кажа, што доказаў віны сына няма ніякіх, толькі ёсьць сяброўства з хлопцам, зь якім сын перапісваўся праз тэлефон: «Здароў» — «Здароў». У падобных SMS, паводле жанчыны, сьледчыя ўгледзелі «злачыннаю сувязь» сына з тым хлопцам, а той сапраўды займаўся вырабам і распаўсюдам наркотыкаў. Тое, што са сьледчымі пагадзіўся суд, паводле Натальлі, даказала ёй, што «ў Беларусі няма закону і няма справядлівасьці».

Жанчына заявіла, што яе сыну пагражалі, загадвалі маўчаць.

Натальля заявіла, што далучаецца да галадоўкі, галадаваць яна будзе дома, але прасіла лічыць яе пратэст агульным з акцыяй актывістак «Маці 328». Да патрабаваньняў аб сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і пераглядзе справаў паводле 328-га артыкулу Натальля далучыла і сваё патрабаваньне: каб на непаўналетніх была распаўсюджаная амністыя, якая рыхтуецца да 75-й гадавіны вызваленьня Беларусі ад фашыстаў.

Муж Натальлі Ансур да словаў жонкі дадаў, што, як толькі вызваліцца сын, зь Беларусі ягоная сямʼя абавязкова зьедзе.

«Бо тут жыць немагчыма. Нас падазраюць, што мы дылеры, кожны месяц невядомыя людзі пытаюцца, ці маем наркотыкі. Тут справы фабрыкуюць, абы адрапартаваць, як было раней ва Ўзбэкістане. Але цяпер ва Узбэкістане новы прэзыдэнт, кожныя 3 месяцы праводзяць амністыю, справы пераглядаюць, людзей вызваляюць, а тут канца не відаць, трэба зьяжджаць», — лічыць Асур.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Здрада радзіме — 15 гадоў турмы, касяк марыхуаны — 14», — як прайшоў мітынг «Маці-328» у Менску. ФОТА